Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры ўзроўні санкцыяў адносна Расеі


Эўразьвяз яшчэ ў канцы красавіка распрацаваў розныя сцэнары ўвядзеньня санкцыяў у дачыненьні да Расеі. У распараджэньні брусэльскага выданьня Euobserver апынуўся дакумэнт, які апісвае тры ўзроўні гэтых санкцый.

Першы ўзровень — санкцыі «нізкай інтэнсіўнасьці» — складаецца зь сямі крокаў. Яны ўключаюць у сябе абмежаваньні на імпарт расейскіх «прадметаў раскошы» (алмазаў, каштоўных мэталяў, футраў, гарэлкі і ікры) і харчовых прадуктаў; абмежаваньні на шэраг прамежкавых і апрацаваных тавараў (угнаеньні, хімікаты, шыны, але ня сталь або ядзерныя кампанэнты), абмежаваньне на імпарт і экспарт зброі, і абмежаваньні на экспартнае фінансаваньне для пералічаных галінаў.

Санкцыі першага ўзроўню таксама ўключаюць у сябе: «чорны сьпіс» расейскіх грамадзянаў і кампаній; прыпыненьне выдачы грантаў ЭЗ для праектаў у Расеі, прыпыненьне выдачы крэдытаў ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку.

Апошнія тры меры былі ўзгодненыя краінамі ЭЗ на мінулым тыдні, яшчэ да зьбіцьця малайзійскага самалёта.

Сцэнар санкцый «сярэдняй інтэнсіўнасьці» прадугледжвае восем пазыцый, сярод іх — забарона на ўвесь імпарт прамежкавых і апрацаваных тавараў, увядзеньне забароны на імпарт/экспарт усіх тэхналёгій падвойнага прызначэньня і зброі, «чорны сьпіс» для большай колькасьці расейскіх грамадзянаў, абмежаваньні на гандаль і інвэстыцыі і зьвязаныя зь імі фінансавыя паслугі, абмежаваньні на свабодны рух капіталу, абмежаваньні на рух марскога і аўтамабільнага (але не паветранага) транспарту, прыпыненьне пакупак і інвэстыцый у расейскі энэргетычны сэктар, забарона на імпарт вугалю (без забароны на імпарт электраэнэргіі), адмена ўсіх відаў супрацоўніцтва.

Цяпер у цэнтры ўвагі пляны Францыі прадаць Расеі авіяносцы «Містраль», але забарона на тавары падвойнага прызначэньня магла б спыніць ня толькі гэтую зьдзелку.

Паводле Ігара Суцягіна, экспэрта зь лёнданскага досьледнага цэнтру, Францыя робіць прыцэлы для расейскага танку T90, у той час як эўрапейскія фірмы Thales і Eads прадукуюць кампанэнты для расейскіх спадарожнікаў-шпіёнаў.

Згодна са зьвесткамі IHS Jane Defence Weekly, брытанскай кансалтынгавай фірмы, Францыя таксама прадае абсталяваньне для расейскіх самалётаў МіГ і тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюцца ў расейскіх танках і верталётах.

Эўразьвяз ужо нанёс удар па расейскім энэргетычным комплексе, прымусіўшы Баўгарыю адмовіцца ад удзелу ў праекце «Паўднёвы паток».

Пасьля зьнішчэньня малайзійскага авіяляйнэра ЭЗ 22 ліпеня прыгразіў увесьці новыя санкцыі адносна рынку капіталу, энэргетычнага сэктару і тавараў падвойнага прызначэньня, калі Расея будзе перашкаджаць расьсьледаваньню абставінаў авіякатастрофы і будзе працягваць дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне.

Санкцыі «высокай інтэнсіўнасьці» прадугледжваюць 5 крокаў: абмежаваньні на рынку капіталу, забарону на новыя інвэстыцыі ў Расеі, строгае ўжываньне нарматыўных правілаў ЭЗ адносна расейскіх актываў ва эўрапейскіх кампаніях, а таксама забарону на імпарт газу і нафты.

Паводле ацэнак амэрыканскіх экспэртаў, на ЭЗ прыпадае 84% экспарту расейскай нафты і 76% экспарту газу з Расеі.

Забарона імпарту энэрганосьбітаў адбярэ ў Расеі 300 мільярдаў даляраў з 420 мільярдаў яе гадавога бюджэту. Але гэта стала б шокам і для эўрапейскай эканомікі, траціна патрэбаў якой ў газе забясьпечваецца Расеяй.

Калі ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі на мінулым тыдні, яны забаранілі гандаль і замарозілі актывы 8 расейскіх фірмаў, якія вырабляюць узбраеньні. Але адносна 4 кампаній са сфэры энэргетыкі і з банкаўскай сфэры ўведзеная адно забарона на выдачу доўгатэрміновых пазыкаў.

Крыніца ў ЭЗ паведаміла Euobcerver, што магчымая забарона на супрацу з Расеяй у сфэры абароны будзе тычыцца толькі новых кантрактаў, што дазволіць Францыі завяршыць зьдзелку зь «Містралямі».

Заходнія санкцыі адносна расейскага фінансавага і энэргетычнага сэктараў, у выпадку іх увядзеньня, паставяць Расею дзесьці паміж Паўночнай Карэяй і Іранам у сэнсе статусу ізгоя.

Украінскае пасольства ў ЭЗ у лісьце, накіраваным дыпляматычнай службе ЭЗ у панядзелак, прапанавала некалькі крокаў, скіраваных на палітычную ізаляцыю Расеі. Прапануецца, каб Італія скасавала запрашэньне Пуціну на саміт краін Азіі і Эўропы ў Мілане ў кастрычніку, каб Аўстралія, чые грамадзяне таксама загінулі ў авіякатастрофе над Украінай, скасавала запрашэньне Расеі на саміт G20 у лістападзе. Украінскае прадстаўніцтва ў ЭЗ прапануе таксама перагледзець правы Расеі правесьці ў сябе наступны Чэмпіянат сьвету па футболе ў 2018 годзе. Кіеў таксама настойвае на тым, каб «Данецкая народная рэспубліка» і «Луганская народная рэспубліка» былі прызнаныя Эўразьвязам тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG