Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артысты ў акопах украінска-расейскага канфлікту


Канцэрт гурту "Ляпіс Трубяцкі" на Майдане
Канцэрт гурту "Ляпіс Трубяцкі" на Майдане

Стывэна Сігала не захацелі бачыць на фэстывалі ў Эстоніі, а Грузія адмовілася ад гастроляў Сяргея Бязрукава. Хто з артыстаў пацярпеў на полі расейска-ўкраінскага канфлікту і каго зь іх караюць рублём і далярам за выказваньне палітычнай пазыцыі?

У апошнія некалькі месяцаў з-за ўкраінска-расейскага канфлікту часьцяком адмяняюцца ці наагул забараняюцца канцэрты і культурныя імпрэзы.

Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс прыняў рашэньне: у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Латвію, на нявызначаны тэрмін уключыць расейскіх музыкаў Алега Газманава, Ёсіфа Кабзона і Алу Пярфілаву, больш вядомую пад сцэнічным псэўданімам Валерыя.

У МЗС Латвіі сьцьвярджаюць, што гэтыя асобы сваімі дзеяньнямі спрыялі парушэньню тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны. Кіраўнік МЗС прыняў рашэньне на падставе артыкула 61, ч.2 іміграцыйнага закону, паведамляе Інтэрфакс.

Днямі арганізатары фэстывалю Augustibluus («Жнівеньскі блюз») у Эстоніі адмянілі выступ амэрыканскага артыста і музыканта Стывэна Сігала. Падставай для такога рашэньня сталі палітычныя погляды галівудзкай зоркі. Стывэн Сігал ня толькі выказаўся за далучэньне Крыму да Расеі, але на мотафэстывалі ў Севастопалі нават зьбіраецца выканаць гімн самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Супраць канцэрту знакамітага амэрыканскага актора і музыкі выступіў і кіраўнік эстонскага МЗС Урмас Пает.

Ва Ўкраіне былі сарваныя канцэрты расейскіх артыстаў, якія падпісалі скандальны ліст «Дзеячы культуры Расеі — у падтрымку пазыцыі прэзыдэнта па Ўкраіне і Крыме».

Сярод падпісантаў — Сяргей Бязрукаў, Алег Табакоў, Ёсіф Кабзон, Надзея Бабкіна, Генадзь Хазанаў, Міхаіл Парэчанкаў, Леў Лешчанка, Васіль Ланавы, Уладзімер Сьпівакоў, Юры Башмет, Дзяніс Мацуеў, Валерыя ды іншыя.

Украінскія ўлады і грамадзкасьць адрэагавалі хутка: у Нацыянальнай опэры Кіева 27 сакавіка быў адменены канцэрт аднаго з падпісантаў — расейскага піяніста Дзяніса Мацуева, па ўсёй Украіне пакасавалі канцэрты «Кубанскага казачага хору».

Адрэагавала на ліст і ўсясьветная грамадзкасьць.

У Грузіі, да прыкладу, адмянілі травеньскія гастролі Сяргея Бязрукава ў Тбілісі.

На пачатку падзеяў у Крыме ў маскоўскім «Гогаль-цэнтры» скасавалі спэктакль «Мэдэя». Выканаўца галоўнай ролі, латвійская акторка Гуна Зарыня адмовілася ад удзелу ў пастаноўцы на знак пратэсту супраць дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. «Новы рыскі тэатар» таксама адмяніў свае гастролі ў РФ.

У сваю чаргу, у Расеі адмянілі ўсе канцэрты ўкраінскага гурту «Бумбокс».

У Санкт-Пецярбургу дэпутат Дзярждумы Мілонаў спрабаваў забараніць канцэрт украінскага гурту «Акіян Эльзы», які ў сьнежні 2013 году выступаў на Эўрамайдане. І ўрэшце расейскія гастролі калектыву Сьвятаслава Вакарчука адмянілі. Хоць антырасейскіх заяваў ні за музыкамі з «Акіяну Эльзы», ні з «Бумбоксу» не заўважалася.

Акрамя таго, у негалосны сьпіс забароненых у Расейскай Фэдэрацыі гуртоў трапілі і беларусы. Творчасьць «Ляпіса Трубяцкога» не спадабалася расейскім камуністам. У песьнях «Ляпісаў» дэпутаты ўгледзелі «прадстаўленьне Расеі ў непрыглядным выглядзе». Акрамя таго, камуністы ўзгадалі, што Сяргей Міхалок выступаў на Эўрамайдане і такім чынам падтрымаў дзяржпераварот ва Ўкраіне. У выніку — адмянілі два расейскія канцэрты беларусаў: у Пскове і Цюмені.

Беларусь таксама практыкуе «чорныя сьпісы». У сакавіку 2011 году Міністэрства інфармацыі разаслала па беларускіх СМІ сьпіс непажаданых дзеячаў мастацтва і культуры. Сярод іх — «Ляпіс Трубяцкі», «Крама», «N.R.M.», «Палац», «Нэйра Дзюбель», Зьміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, увесь калектыў «Свабоднага тэатру», пісьменьнікі Вольга Іпатава, Генадзь Бураўкін, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімер Халіп. Увайшлі ў сьпіс і расейскія гурты «ДДТ», «Наіў», «Тараканы», брытанскія выканаўцы Ніл Тэнат і Pet Shop Boys ды іншыя. У сьпісе апынуліся таксама пісьменьнікі Андрэй Бітаў, Барыс Васільеў, Эдуард Усьпенскі, Віктар Ерафееў.

21 ліпеня стала вядома, што беларускія ўлады адмовілі ва ўезьдзе ў краіну лідэру гурту Maleo Reggae Rockers Дарэку Маляёнэку. Сьпеваку адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь за песьні з крытыкай на адрас Аляксандра Лукашэнкі, якія гучалі на красавіцкім канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве. Гурт таксама выступаў на кіеўскім Майдане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG