Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выбрацца з пасткі. Адказ Плыткевічу


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Артыкул Сяргея Плыткевіча «Ўкраінская пастка для Пуціна, або Чаму большасьць беларусаў ня лічыць расейцаў агрэсарамі?» на сайце tut.by адразу зьвярнуў на сябе ўвагу. І постацьцю самога аўтара, вядомага журналіста, і аўтарытэтам інтэрнэт-рэсурса.

Але, пачытаўшы артыкул, адчуў лёгкае расчараваньне. Ня толькі ад таго, што назва матэрыялу не адпавядае зьместу — там няма адказу на пытаньні, пастаўленыя ў загалоўку. Найбольш таму, што аўтар проста пераказвае ўсе штампы БТ і расейскіх тэлеканалаў. Проста сабраўшы іх разам. Нічога новага, усё гэта я чую кожны дзень, уключыўшы тэлевізар. Нудота, Сяргей Міхайлавіч.

Аўтар намякае, што да ўкраінскага крызісу прычынілася «ўсясьветная закуліса»: «Можа, хаос і зьяўляецца асноўнай мэтай усіх гэтых рэвалюцыяў і ўзрушэньняў?!» Пытаньне, навошта ёй гэта, тут нават не павінна ўзьнікаць. Вы ж не пытаецеся ў д’ябла, навошта ён нясе людзям зло.

«Арыентаваны на Расею народ Крыму, у якім этнічныя расейцы складаюць большасьць, многія зь якіх да гэтага часу лічаць сябе расіянамі, з захапленьнем падтрымлівае правядзеньне рэфэрэндуму... Чаму жыхарам Косава можна правесьці рэфэрэндум і абвясьціць пра сваю незалежнасьць ад Сэрбіі, а ў Крыме такі ж рэфэрэндум лічыцца незаконным?» — піша Сяргей Плыткевіч.

Адкуль вы ўзялі, паважаны Сяргей Міхайлавіч, што насельніцтва Крыму з захапленьнем падтрымала правядзеньне рэфэрэндуму? Ах, так, забыўся, з расейскіх тэлеканалаў. Неяк няёмка тлумачыць вядомаму журналісту, што народнае волевыяўленьне павінна праходзіць паводле закону, правілаў, працэдуры. Або вам невядома, што рэфэрэндум у Крыме праводзіўся ва ўмовах расейскай акупацыі, пад рулямі аўтаматаў «зялёных чалавечкаў»? Гэта як бы немцы правялі рэфэрэндум у Беларусі ў 1942 годзе. Як думаеце, які быў бы вынік? Калі ўжо параўноўваць з Косавам, то зьвярну ўвагу толькі на адну розьніцу, хоць іх шмат: там быў рэфэрэндум аб незалежнасьці, а ў Крыме — аб далучэньні да іншай дзяржавы.

Сяргей Плыткевіч закідае новаму кіраўніцтву Ўкраіны, што яно не зьбіраецца весьці перамовы зь мяцежнымі рэгіёнамі: «Яны ня думаюць пра лёс уласнага народа, яны ахвяруюць ім дзеля агульнай перамогі над ворагам». Цікавае разважаньне якраз на тле толькі што адзначанага юбілею 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашыстаў. І навошта яе вызвалялі, ахвяруючы людзьмі, «дзеля агульнай перамогі над ворагам»? Няхай бы шукалі кампрамісу. Думаю, ва ўкраінскай гісторыі гэтая вайна для Ўкраіны будзе таксама названая Вялікай Айчыннай. Бо там жа на ўсходзе ня толькі грамадзянская вайна, але і замежная агрэсія.

Але галоўная думка аўтара закладзена ў гэтай вялікай цытаце: «Так, Расея сапраўды скарысталася слабасьцю Ўкраіны і адняла ў яе Крым. Але ў якой сытуацыі? На мой погляд — гэта адчайны акт не агрэсіі, а самаабароны! Падабаецца гэта каму-небудзь ці не, але людзі, якія маюць здаровы розум, павінны прызнаць, што Злучаныя Штаты Амэрыкі разам са сваімі заходнімі партнэрамі загналі сучасную Расею ў кут. Спачатку яны выйгралі ў халоднай вайне. Затым усяляк спрыялі расчляненьню Савецкага Саюзу, прыходу да ўлады ў новых суседніх з Расеяй дзяржавах непрыязных урадаў. Затым мэтанакіравана пачалі пашыраць блёк НАТО, набліжаючы да межаў Расеі сыстэму супрацьракетнай абароны, гаворачы пры гэтым пра нейкія мітычныя пагрозы ад краін-ізгояў. Як магло на гэта рэагаваць кіраўніцтва Расеі? Сядзець і чакаць, пакуль які-небудзь чарговы амэрыканскі пасол не арганізуе ў Маскве якую-небудзь каляровую рэвалюцыю?»

Пачнём з апошняга. Нібыта рэвалюцыі ў сьвеце арганізуюцца ЗША. Калі амэрыканскі пасол такі ўсёмагутны, што можа на сваё жаданьне зладзіць «каляровую рэвалюцыю», то чаму ж за 20 гадоў гэтага не зрабілі ў Беларусі? Мусіць, ня тых паслоў прызначалі.

Захад вінаваты, высьвятляецца, у тым, што выйграў «халодную вайну» — трэба было паддацца і прайграць. Няпраўда, што заходнія краіны спрыялі распаду СССР. Вядомы факт, як прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы ў 1991 годзе, ужо пасьля ГКЧП, прыяжджаў у Кіеў угаворваць тагачаснае кіраўніцтва Ўкраіны не выходзіць з Савецкага Саюзу, бо амэрыканцы баяліся некантраляванага распаўсюду савецкай ядзернай зброі.

Але ўвесь патас артыкула палягае ў тым, што Расея, зьдзейсьніўшы агрэсію супраць Украіны, не вінаватая, бо яе загнаў у кут падступны Захад, і яна вымушаная такім чынам абараняцца. Першае пытаньне, якое ўзьнікае: чаму, пакрыўдзіўшыся на ЗША і Эўропу, РФ вырашыла за гэта адпомсьціць Украіне?

Увогуле, такая аргумэнтацыя ня новая. Пасьля Першай усясьветнай вайны Нямеччына, прыніжаная пераможцамі, абкладзеная рэпарацыямі, страціўшы тэрыторыі, адказала сваім крыўдзіцелям. Калі прыняць лёгіку Сяргея Плыткевіча, то ў Гітлера не было іншага выйсьця, бо ягоную краіну загналі ў кут, таму Нямеччына выпраўляла гістарычную несправядлівасьць з дапамогаю вонкавай агрэсіі. Як казаў адзін вядомы палітык, «ня ўсё толькі дрэннае было зьвязана ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам».

Тут галоўнае пытаньне ў тым, чаму на гістарычную паразу, прыніжэньне трэба адказваць агрэсіяй супраць суседзяў? Вось жа пасьля Другой усясьветнай вайны тая ж Нямеччына ўзяла рэванш на шляху сацыяльна-эканамічнага прагрэсу. Цяпер яна самая моцная дзяржава ЭЗ, паказвае прыклад ва ўсіх сфэрах — ад эканомікі да футболу. Ці Японія, якая таксама панесла паразу ў вайне, пацярпела ад атамнай бомбы, была акупаваная. Але прыняла мірную Канстытуцыю, адмовілася ад войска і змагла стаць адной з самых разьвітых краін сьвету. Чаму б Расеі ня ўзяць гэты прыклад?

16.07.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG