Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І адна ў полі — воін


Масквіч родам з-пад Ігумену (сёньняшняга Чэрвеня) Аляксей Каўка аднойчы з горыччу прызнаўся, што за паўстагодзьдзя жыцьця ў расейскай сталіцы ні разу не пачуў беларускага слова з вуснаў маскоўскіх пісьменьнікаў. І згадаў — дзеля параўнаньня — учынак польскага паэта Ежы Путраманта, які неяк на літаратурнай вечарыне ў Варшаве, не заглядваючы ў паперку, прачытаў па-беларуску верш Максіма Танка «Спатканьне». Гэта агульнапрынятая праява сяброўства і павагі — сказаць хоць пару словаў на мове сябра ці суседа. Дык вось — ні разу. За пяцьдзесят гадоў.

Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала больш — падчас чацьвёртага ці пятага прыезду ў Маскву (заўсёды — кароткачасовага) я мову пачуў. Ды якую мову — «Пагоню» Багдановіча! Ды ад каго — ад вядомага палітыка і знакамітай дысыдэнткі Валерыі Навадворскай! Чытала яна з жудасным акцэнтам, але — «с чувством, с толком, с расстановкой». І ў гэтым быў кайф.

Была нядзеля, быў касьцёл, дзе вянчаліся маладыя Янка Луцэвіч і Ўладка Станкевічанка, быў помнік Купалу на Кутузаўскім праспэкце — і тады, і цяпер афіцыйна не адкрыты. І мне захацелася атрымаць нейкі ўцямны адказ ад кагосьці з масквічоў — чаму ў вас Купала стаіць фактычна нелегалам? Калі ў Маскве помнік Пушкіну адкрывалі, на набярэжнай Сьвіслачы паўдня бутлі з шампанскім бухалі.

У маім нататніку знайшоўся толькі службовы тэлефон Навадворскай. Хто ж сядзецьме ў выходны дзень у офісе? Яна сядзела. «Пан Міхась, прыяжджайце,» — і назвала адрас. Трохі зьбянтэжаны такім звароткам (мяне так ніхто і ніколі не называў), я паехаў на Цьвярскі бульвар, адлічыў ад помніка Пушкіну патрэбную колькасьць крокаў і зайшоў у будынак бяз шыльдаў. Думалася пра кансьпірацыю, пра якую мусяць дбаць маскоўскія апазыцыянэры. Ахоўнік набраў унутраны нумар.

Шмат хто ў апошнія дні пісаў пра мажнасьць Валерыі Ільлінічны, пра тое, што ў яе балелі ногі. А ўсяго паўтара году таму яна не сыходзіла па лесьвіцы — зьбягала, узмахваючы рукамі, як гераіня адной з гайдаеўскіх кароткамэтражных камэдый студэнтка Ліда пасьля пасьпяхова здадзенага іспыту. Прызнаюся — я тады міжволі залюбаваўся.

Прагаварылі мы тады гадзіны дзьве — з дыктафонам і без, хоць маю суразмоўцу кожныя хвілінаў пятнаццаць тузалі па мабільніку, кудысьці клікалі. У гутарцы неяк вельмі натуральна і ўсплыла «Пагоня», якую Навадворская цьвёрда называла беларускім нацыянальным гімнам, для іншых тэкстаў месца ў гэтым жанры яўна не пакідаючы. На падмацоўку кожнай сваёй тэзы яна зь відавочным задавальненьнем цытавала страфу ці дзьве — і такім чынам прагучаў увесь верш.

Шкадуючы, што побач няма доктара Каўкі, я выказаў сумненьне, што ў 50-я гады ў Баранавічах (радзіма Навадворскай) вывучалі ў школах «Пагоню». Валерыя Ільльнічна насьмешліва зірнула праз тоўстыя шкельцы акуляраў: «А колькі сёньня ў Баранавічах беларускіх школаў?» — «Ніводнай». — «Вы дарэмна думаеце, пан Міхась, што пасьляваенныя камуністы былі большымі нацыяналістамі за сёньняшніх лукашыстаў».

Між іншым, пасьля выхаду тае перадачы ў эфір на Радыё Свабода мне сёй-той казаў: Навадворская да дзевяці гадоў жыла ў Беларусі, у школе тут вучылася, таму і вершы са школьнай хрэстаматыі ведае... Дзевяць гадоў — гэта максымум другая кляса. Хацеў бы я пабачыць таго настаўніка расейскамоўнай баранавіцкай школы (і ў пояс яму пакланіцца!), які ў 50-я гады ставіў «пяцёркі» другаклясьнікам за дэклямаваньне «Пагоні»... Не, Багдановіч у навучальнай праграме Навадворскай яўна ўваходзіў у «пазакляснае чытаньне», калі кнігу бяруць у рукі не для адзнакі, а для душы.

Пакінуўшы Баранавічы (старажытны горад — паводле вядомага аматара вершаў Быкава) у дзевяцігадовым узросьце, Навадворская на ўсё жыцьцё захавала сантымэнт да рэдка чутай у маленстве беларускай мовы і Беларусі (асабліва — да Заходняй). Тады ж, падчас тае сустрэчы ў Маскве, яна прызналася, што зьберагае дома мяшэчак зь беларускай зямлёй...

Ведаючы пра яе абазнанасьць у сусьветнай літаратуры, я папрасіў назваць беларускіх пісьменьнікаў, беларускія творы, якія вартыя прызнаньня ў цэлым сьвеце. Трохі падумаўшы, Валерыя Ільлінічна назвала кнігу-помнік «Я з вогненнай вёскі» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзімера Калесьніка, «Апошнюю пастараль» таго ж Адамовіча. Назвала і імя Васіля Быкава. «А якія творы?» — «Усе!» — прагучаў адказ.

Пра быкаўскіх герояў Петрака і Сьцепаніду са «Знаку бяды» яна гаварыла, як вернік гаварыў бы пра апосталаў Пятра і Паўла. Хоць, як згадаць таго Петрака (у пташукоўскім фільме яго бліскуча сыграў Генадзь Гарбук), — звычайны хутаранец, якіх тысячы было ў Беларусі падчас вайны.

Так, Навадворская, як мала хто з сучасьнікаў, ведала літаратуру. Усю — ад старажытных рымлянаў да паэтаў Срэбнага веку і савецкага графа Аляксея Талстога. За вокамгненныя дзьве гадзіны я пачуў, як яна смакавала афарыстычныя радкі Барыса Чычыбабіна. Захаплялася апошнімі вершамі Мікалая Гумілёва і — асабліва — яго паводзінамі ў чэкісцкіх засьценках перад расстрэлам. Іранізавала над Маякоўскім зь яго вядомым: «Я хочу, чтоб к штыку прировняли перо». Гэта ад яе я ўпершыню пачуў працяг гэтых радкоў, што гучаў як пародыя: «С чугуном чтоб и с выделкой стали о работе стихов на Политбюро чтобы делал доклады Сталин». Пра Багдановіча, які быў беларускім Срэбным векам у адной асобе, я ўжо згадваў. Паводле Навадворскай, беларусы мусілі ў жыцьці кіравацца «Пагоняй», там прапісана ўся наша нацыянальная ідэя.

На разьвітаньне яна надпісала мне сваю кнігу «Паэты і цары»: «Сябру Михасю Скобле от В. Новодворской. Живе Беларусь! 19.11.2012». Выйшла з расейскім акцэтам — як і цытаваньне «Пагоні». Гэты амаль пяцісотстаронкавы том я параіў бы ў якасьці падручніка ўсім студэнтам-філёлагам. Навадворская таленавіта ўзьняла на катурны сапраўды вартых творцаў, а пралікі іхныя бязьлітасна зрэвізавала. Прыкладам, паэму «Дванаццаць» Аляксандра Блока, разгадваючы якую пасівела не адно пакаленьне ўнівэрсытэцкай прафэсуры, рэвізор Навадворская назвала папросту «дзікім кактэйлем з бандыцкага шансону, урыўкаў з бальшавіцкіх дэкрэтаў і прафанацыі хрысьціянства». Не, званьне gonoris causa за літаратуразнаўчыя дасягненьні ёй у Расеі ніяк не сьвяціла. Хоць на лекцыі Навадворскай, пусьці яе ў МГУ, студэнты, я ўпэўнены, зьбягаліся б натоўпамі.

Бескампраміснасьць і непадкупнасьць Велерыі Навадворскай у адстойваньні ўвідочненай ёй ісьціны праявіліся яшчэ ў той час, калі яна вучылася ў Маскоўскім інстытуце замежных моваў і рыхтавалася стаць перакладчыцай францускай літаратуры. Аднойчы, адклаўшы ўбок недаперакладзенага Камю, яна напісала антыкамуністычную ўлётку-верш, дзе быў рэфрэн: «Спасибо, партия, тебе». Там дзячылася КПСС за рабства і двудушша, за хлусьню і подлае маўчаньне, за паходню на праскай плошчы — меўся на ўвазе Ян Палах, які самаспаліўся, пратэстуючы супраць савецкай акупацыі ў 1968-м.

Аддзячаная партыя паспрабавала правучыць дысыдэнтку псыхбольніцай. Не дапамагло. Паспрабавала Ляфортаўскай турмой. Безвынікова. Паспрабавала спакусіць падсалоджаным на Лубянцы хлебам эміграцыі. Але і гэта не ўдалося. І партыя зьмірылася. А апрануўшыся ў тогу дэмакратыі, ужо ў 1993-м, намервалася нэўтралізаваць Навадворскую ордэнам. Яна ордэн не прыняла... Дарэчы, я неяк спрабаваў высьветліць, хто зь беларускіх дзеячоў ці творцаў адмаўляўся ад дзяржаўных ордэнаў. І атрымалася, што такіх за ўсю савецкую гісторыю папросту не было. Ніводнага. Найбольшае, ад чаго ў нас адмаўляліся, — ганаровая грамата камсамолу...

Пра неадкрыты помнік Купалу мы з Валерыяй Ільлінічнай тады так і не пагаварылі. Купала ёй быў нецікавы. Каліноўскі — так: бясстрашны, самаахвярны, сапраўдны герой. Згодна зь яе перакананьнямі выходзіла, што кожны палітык павінен быць гатовы ў любы момант узысьці на эшафот. Наш Кастусь і Жанна д’Арк былі тут для Навадворскай яскравымі ўзорамі. Сама яна загінуць у супрацьстаяньні з ворагам лічыла сваім абавязкам. Але — каб на барыкадах, каб сьмерць сустрэць тварам у твар. І, як заўсёды, падмацоўвала сваю думку вершаванымі радкамі, у гэтым выпадку — гумілёўскімі: «И умру я не на постели, при нотариусе и враче»... Але сьмерць менш за ўсё клапоціцца пра геройства сваіх ахвяраў.

Адзін з паплечнікаў Валерыі Навадворскай параўнаў яе жыцьцёвыя прынцыпы з самурайскім кодэксам. Маўляў, памерці за радзіму — запаветная мара самурая.

Дзіўнае японскае слова «самурай». Яно як бы складаецца з трох беларускіх. Сам у рай трапіў — вось і атрымаўся самурай...

Ня ведаю, які кодэкс спраўдзіць у рабы Божай Валерыі апостал Пятро. Сумняваюся, што самурайскі. Мне здаецца, што яму будзе больш цікава паслухаць анёлаў-суправаджальнікаў, якія раскажуць, як новапрыбылая да райскай брамы душа заўсёды слугавала свабодзе і супраціўлялася чалавеканенавісьніцкім рэжымам. Як раба Божая Валерыя ўсім сваім жыцьцём аспрэчвала і ўрэшце аспрэчыла папулярны ў народзе выраз пра тое, што адзін у полі не наваюеш. Валерыя Навадворская даказала: і адна ў полі — воін, калі раці за сьпіной няма, а ворагу даваць адпор трэба.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG