Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месца Навадворскай, мабыць, ужо ня прыйдзе ніхто


Сёньня ў Маскве разьвіталіся з Валерыяй Навадворскай — славутай дысыдэнткай, вядомай грамадзкай і палітычнай дзяячкай. Яна — чалавек зь беларускімі каранямі, чалавек, які публічна заяўляў, што для яе сапраўдную Беларусь сымбалізуе Кастусь Каліноўскі. Уражаньні беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія сустракаліся з Валерыяй Навадворскай.

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч добра ведаў Валерыю Навадворскую:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«Большага інтэлектуала, большага знаўцу рускай і замежнай літаратуры, добрасумленнага знаўцу гісторыі, які ў любы момант можа ўжыць такія параўнаньні, такія аналёгіі, я ня ведаў. Я нават неяк пабойваўся яе, бо яна так многа ведала і знала. І пры гэтым заставалася вельмі сьціплым чалавекам.

Мы сустракаліся пераважна ў рэдакцыі часопіса „Новое время“ ў Маскве. Пасьля гэты часопіс зьліквідавалі. І пасьля я сачыў за ёй ужо толькі па публікацыях. І гэта былі шэдэўры публіцыстычнага мастацтва. Асабліва апошнія — па Ўкраіне.

Мы страцілі такога чалавека, што кампэнсаваць гэтую страту немагчыма. Дай Бог, каб зьявілася публіцыстка, роўная ёй, празь якіх 10–15 гадоў.

І яшчэ я хачу сказаць: у яе быў такі грубы голас. І ня ўсе гэта адразу добра ўспрымалі. Але гэта вынік яе галадоўкі. Яна многа гадоў правяла ў турме, і яе прымусова кармілі праз трубку. І пакалечылі ёй гартань. Зьдзекі зь яе былі фантастычныя. Аднак яна не зламалася. Чалавека падобнай стойкасьці адшукаць цяжка».

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Аляксандар Дабравольскі называе Валерыю Навадворскую «незвычайным чалавекам»:

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

«Часам ад яе чулі такія рэчы, што ў некаторых людзей гэта выклікала шок. Але пасьля, калі ўдумваесься ў гэтыя словы, заставалася толькі дзівіцца, як глыбока яна разумее жыцьцё, розныя сытуацыі, як дакладна яна дае характарыстыкі, як добра яна разумее паводзіны людзей.

Паводзіны людзей яна вывучыла, мабыць, тады, калі сутыкнулася з савецкай сыстэмай. За распаўсюд антысавецкіх улётак яе кінулі ў псыхушку, зламалі жыцьцё, зламалі лёс. Фактычна зьнішчылі жаночую прыгажосьць.

Некаторыя называлі Валерыю Навадворскую жорсткай. Але насамрэч яна такой не была. Яна была цьвёрдай. За гэтую цьвёрдасьць яе паважалі нават тыя, хто яе не любіў».

Юры Варонежцаў пазнаёміўся з Валерыяй Навадворскай, калі працаваў у Маскве як народны дэпутат СССР. Спадарыня Навадворскую запрасілі на паседжаньне Міжрэгіянальнай групы народных дэпутатаў, куды ўваходзіў і абраны ў Беларусі Юры Варонежцаў:

Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў

«Размова ішла пра чарнобыльскую праблему. Тады мне даводзілася размаўляць і кантачыць з сотняй, а можа нават, і большай колькасьцю людзей. Сярод усіх іх Валерыя вылучалася дакладнасьцю мысьленьня. І нейкай асаблівай мовай, я б сказаў, надзвычай прыгожай і ёмістай. У ёй зусім не было штампаў і банальнасьцяў, якія ў той рэвалюцыйны час мы ўсе ўжывалі.

Да Валерыі Навадворскай можна ставіцца па-рознаму. Яе можна любіць. А можна і ненавідзець. Аднак гэта ня той выпадак, калі можа цьвердзіць, што на яе месца прыйдуць сотні ці тысячы іншых. На яе месца, мабыць, ня прыйдзе ніхто. Бо людзей з такой непахіснай, прынцыповай пазыцыяй, людзей, якім незнаёмае само паняцьце „палітычная каньюнктура“, практычна амаль не засталося. У той жа Расеі іх можна пералічыць на пальцах дзьвюх рук. А ў нас, у Беларусі, мабыць, і адной».

Валерыю Навадворскую крэміруюць у Мікола-Архангельскім крэматорыі а 16 гадзіне пасьля грамадзянскай паніхіды ў Сахараўскім цэнтры. Прах пахаваюць пазьней на Данскіх могілках у Маскве, паведаміў лідэр руху «За правы чалавека» Леў Панамароў.

Валерыя Навадворская памерла 12 ліпеня на 65 годзе жыцьця ў адной з маскоўскіх клінік ад інфэкцыйна-таксычнага шоку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG