Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі журналіст Юры Бутусаў: «Пасьля 8 месяцаў вайны перастаеш баяцца, парог страху паніжаецца»


«Расейскі вызвольны фронт» разаслаў сьпіс «ворагаў Рускага сьвету». У гэтым сьпісе — 15 вядомых украінскіх журналістаў, якія асьвятляюць падзеі на Ўсходзе Ўкраіны. Ім пагражаюць зьнішчэньнем, дзе б яны ні знаходзіліся.«Фронт» сьцьвярджае, што гэтыя журналісты «пішуць пад дыктоўку прагнілага Захаду хлусьню пра вызваленчую барацьбу на Данбасе».

У сьпіс увайшлі: кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук, журналісты hromadske.tv Мустафа Найем і Натальля Гумянюк, галоўны рэдактар парталу censor.net Юры Бутусаў, рэдактар «Новостей Донбасса» Аляксей Мацука, журналісты Аляксандар Ткачэнка, Анастасія Бэрэза, Кацярына Вэнжык, Аксана Сакалова, Арцём Кавалёў, Радыён Кавалёў, Віктар Шлінчак, Юлія Маставая, Ірына Салока, Сяргей Гармаш.

Рэдактар «Новостей Донбасса» Аляксей Мацука распавёў Радыё Свабода, што за час сваёй журналісцкай дзейнасьці ўжо ня раз трапляў у розныя сьпісы «радыкалаў», «экстрэмістаў», «тэрарыстаў» ды іншых. Звычайна гэтыя сьпісы складала мясцовая палітычная эліта — «Партыя

рэгіёнаў», мясцовая адміністрацыя — у іх была такая мэтодыка расправы зь незалежнымі журналістамі. «Новости Донбасса» публікавалі расьсьледаваньні пра тое, адкуль у чыноўнікаў грошы, машыны, катэджы, кватэры, паездкі, а мясцовая палітычная эліта ладзіла цкаваньне. Таму тое, што Аляксей трапіў у сьпіс, складзены расейскімі нацыяналістамі, ня стала для яго навіной:

«Таму што мы працягваем весьці журналісцкія расьсьледаваньні, нашы матэрыялы публікуюцца ня толькі ва Ўкраіне, але і за мяжой — пра тое, як фінансуюцца сэпаратысты, празь якія каналы яны атрымліваюць грошы. Усё гэта мае дакумэнтальнае пацьверджаньне, мы маем доказы і такім чынам ствараем нязручнасьці спачатку мясцовым органам, а цяпер сэпаратыстам, якія фактычна падтрымліваюцца мясцовымі органамі самакіраваньня».

Уся тактыка, мэтодыка ціску такая ж самая, як пры кіраўніцтве Януковіча, кажа Аляксей Мацука. Але раней былі магчымасьці карыстацца аховай, цяпер гэтага няма:

«Калі яшчэ не было так званай „крывавай рускай вясны“, у мяне была асабістая дзяржахова ў Данецку, якая мяне абараняла ад прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіраваньня. Я хадзіў з ахоўнікамі. Але потым, калі пачаўся расейскі нацыяналістычны пераварот, ці як гэта яшчэ назваць, яны зьнялі ахову, таму што, відаць, у іх не хапала рэсурсаў на журналістаў».

Галоўны рэдактар парталу censor.net Юры Бутусаў кажа, што журналісты знаходзяцца ў стане вайны ўжо восем месяцаў, таму прызвычаіліся да ўсяго:

У нас столькі людзей знаходзяцца ў больш небясьпечных умовах, жывуць, працуюць і абараняюць Украіну. І трэба засяродзіцца на тым, як ім дапамагчы, а не забясьпечыць сабе асабістую бясьпеку

«Я ўжо быў у шпіталі, пасьля таго як мяне зьбіла міліцыя. Ведаеце, пасьля 8 месяцаў вайны перастаеш баяцца, парог страху паніжаецца. Таму пакуль праяўляем звычайную пільнасьць. У нас столькі людзей знаходзяцца ў больш небясьпечных умовах, жывуць, працуюць і абараняюць Украіну. І трэба засяродзіцца на тым, як ім дапамагчы, а не забясьпечыць сабе асабістую бясьпеку».

Аляксей Мацука распавёў, што ўсе журналісты прайшлі праз шэраг сэмінараў, трэнінгаў па асабістай бясьпецы, яны пастаянна на сувязі зь міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі кшталту Amnesty International, Міжнароднага камітэту па абароне правоў журналістаў (CPJ):

«У мяне асабіста павышаны ўзровень увагі, і трывожная кнопка, і сыгналізацыя, і газавы балёнчык. Ужо некалькі гадоў мы, журналісты, так працуем. Штосьці больш прыдумаць немагчыма».

Дырэктарка Інстытуту масавай інфармацыі, прадстаўніца міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» ва Ўкраіне Аксана Раманюк кажа, што на ўсходзе Ўкраіны на розных блёк-пастах распаўсюджваліся фатаграфіі журналістаў, якія не даспадобы і якіх трэба спыніць, затрымаць. І многія, лік ідзе на дзясяткі, вымушаныя былі выехаць з рэгіёну. Тут патрэбны цэлы комплекс крокаў у самой Украіне, але вельмі важную ролю адыгрывае падтрымка міжнароднай супольнасьці, публічнасьць, розгалас:

«Пра гэта трэба гаварыць, таму што ў нас за апошнія 3 месяцы 55 журналістаў пабывалі ў закладніках, і вельмі многіх зь іх удалося вызваліць дзякуючы ціску міжнароднай супольнасьці, дзякуючы публічнасьці. А што тычыцца такіх сьпісаў — гэта проста тэрарызм, гэта пагрозы, гэта спроба аказаць псыхалягічны ціск на гэтых журналістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG