Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джамілеў пра пазыцыю Лукашэнкі наконт Крыму: Лёгікі ў яго дзеяньнях няма


Мустафа Джамілеў пра пазыцыю Лукашэнкі наконт Крыму: Лёгікі ў яго дзеяньнях няма
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:23 0:00

Госьць «Свабоды» — лідэр крымска-татарскага народу, легендарны савецкі дысыдэнт, сябра вярхоўнай Рады Ўкраіны, намінант на Нобэлеўскую прэмію міру Мустафа Джамілеў.

Ганна Соўсь: Калі пяты прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка ў сваёй інаўгурацыйнай прамове сказаў: «Крым быў, ёсьць і будзе наш», — усе лідэры дзяржаваў і міжнародных арганізацый усталі і апладзіравалі яму, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка, чый прадстаўнік у ААН галасаваў супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. У той жа дзень былы выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў цёпла прыняў беларускага кіраўніка з сынам Колем. Гэта выклікала розныя рэакцыі ў Беларусі. З аднаго боку, людзі казалі: «Нашто першым загінуў на Майдане беларус Міхаіл Жызьнеўскі, нашто нашы дэмакраты езьдзілі і падтрымлівалі Майдан, калі ўсім гэтым скарыстаўся аўтарытарны кіраўнік Лукашэнка?» З другога боку, гучалі меркаваньні, што цяпер для ўкраінскіх лідэраў стаіць такі самы выбар, як у Чэрчыля і Рузвэльта, калі адкрывалі другі фронт у Другой сусьветнай вайне, калі яны былі вымушаныя кантактаваць з дыктатарам Сталіным. Калі Беларусь не прызнала Абхазію і Паўднёвую Асэтыю як незалежныя дзяржавы пасьля расейска-грузінскай вайны, то пасьля амаль усе кіраўнікі Грузіі фактычна не гаварылі пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Як, на вашую думку, гэтая дылема цяпер будзе вырашацца ўкраінскім кіраўніцтвам і як будуць глядзець крымскія татары на дылему, што з аднаго боку Лукашэнка кажа пра цэласнасьць Украіны, а з другога боку цалкам можа быць чалавекам, марыянэткай Пуціна?

Мустафа Джамілеў: Я думаю, што мы будзе дастаткова шчырымі. Калі беларускі лідэр ці іншы лідэр кажа нешта слушнае наконт Крыму, пра акупацыю, мы будзе прызнаваць гэта. А калі ў яго краіне парушаюцца правы чалавека, і нешта ён робіць незаконнае супраць сваіх грамадзянаў, мы таксама пра гэта будзем гаварыць. Гэта сумленныя адносіны. Сапраўды, супярэчлівая пазыцыя Лукашэнкі: з аднаго боку ён прызнае гэты псэўдарэфэрэндум, хаця ўсім зразумела, што там ніякага рэфэрэндуму не было. Але ён па падказцы з Масквы гэты рэфэрэндум прызнае. І ў той жа час кажа, што ён прыхільнік цэласнасьці Ўкраіны. Калі гэта так, чаму прызнаеш рэфэрэндум? Я б сказаў, што ня вельмі ўзважаная, ня вельмі мудрая палітыка, і гэта дае падставы сумнявацца ў яго шчырасьці.

Тое, што ён на інаўгурацыі ўстаў... Падаецца, што ўсталі нават шчырыя ворагі ўкраінскай дзяржавы. Там ня ўстаць немагчыма было. Потым далей ён у інтэрвію казаў пра цэласнасьць Украіны, і што трэба ісьці дамаўляцца з Крымам, каб ён ізноў вярнуўся. Гэта падлеткавая, дзіцячая размова. Нібыта незразумела. што ад волі жыхароў Крыму нічога не залежыць. Калі б сапраўды залежала ад волі жыхароў Крыму... Нам дакладна вядома, што ўсяго ў рэфэрэндуме ўдзельнічалі 34% жыхароў Крыма, а ў прэсе напісалі пра 85%, і што 95 выказаліся «за». Лукашэнка ня мог ня ведаць гэтага, і ў той жа час ён кажа, што трэба дамаўляцца з Крымам. Прычым цяпер такая сытуацыя, што ў Крыме немагчыма будзе праводзіць рэфэрэндумы, паколькі ў адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам любыя нават размовы аб пераглядзе межаў суб’ектаў фэдэрацыі і іх прыналежнасьці да той ці іншай дзяржавы разглядаюцца як заклік да сэпаратызму з усімі наступствамі, якія будуць вынікаць з гэтага. Гэта артыкул Крымінальнага кодэксу — да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Гэта таксама Лукашэнка, праўдападобна, ведае, і ў той жа час ён для публікі кажа такія рэчы.

Але тое, што ён казаў, што бачыць цэласную Ўкраіну... А нашто тады на генэральнай Асамблеі ты сваёй дэлегацыі кажаш, каб падтрымлівала гэтую акупацыю? Лёгікі ў яго дзеяньнях няма...

Пра Ўкраіну і Парашэнку

Украіна дала нам свабоду. Крымскія татары на выбарах заўсёды аддавалі галасы нацыянальна-дэмакратычным сілам. Крымска-татарскі фактар — гэта фактар стабільнасьці Ўкраіны, фактар адзінства Ўкраіны.

Парашэнка — найбольш удалы выбар для Ўкраіны. Я зь ім сядзеў разам на пасяджэньнях у Вярхоўнай Радзе. Мільянэр, але прыстойны.

Пра Расею

Тое, што зрабіла Расея, яе кіраўніцтва, наносіць шкоду базавым інтарэсам Расеі, расейцаў. Гэта шлях катастрофы. Шлях ізаляцыі, шлях дыскрэдытацыі гэтай дзяржавы. Я б, канечне, хацеў, каб як мага хутчэй Расея ўсё ж стала дэмакратычнай дзяржавай, каб яна стала паважанай ў сьвеце дзяржавай, каб яна выконвала ўсе міжнародныя нормы. Але для гэтага, канечне, трэба там зьмяніць рэжым, і дай Бог расейцам сілы і мудрасьці, арганізаванасьці, каб яны аказалі такі супраціў рэжыму, які вымусіў бы пайсьці на дэмакратычныя рэформы, каб яна стала дэмакратычнай дзяржавай.

Пра стратэгію супраціву

Крымскія татары — ня меншасьць у Крыме, мы — карэннае насельніцтва. Наша зямля акупаваная. Мы адкідаем сілавы сцэнар. Мы спавядаем прынцып негвалтоўнага супраціву. Расея напала, ведаючы, што мы ня зможам аказаць супраціў. Мы разьлічваем на сусьветную грамадзкую думку і на міжнародныя гарантыі.

Пра тых, хто зьяжджае, мы не гаворым «уцекачы». Наша стратэгія — ні кроку з Крыму. Але тыя, хто ўсё ж будзе вымушаны зьехаць з Крыму, павінны пасяліцца непадалёк ад Крыму, напрыклад, у Хэрсонскай вобласьці, каб потым мець магчымасьць хутка вярнуцца. У ідэале я б хацеў, каб ніякага ўдзелу ў структурах улады акупацыйнага рэжыму не было, каб ніводзін крымскі татарын ня браў расейскі пашпарт. Але мы цудоўна ўсьведамляем, што забясьпечыць гэта немагчыма. Людзі ня ўсе на 100% ідэйныя. Таму Курултай прыняў рашэньне большасьцю галасоў, што трэба накіраваць двух сваіх прадстаўнікоў у структуры ўлады для рашэньня сацыяльных праблем крымскіх татар.

Унутраны супраціў заўсёды будзе, але наколькі ён будзе актыўным, канечне, залежыць ад таго, як мы арганізуемся, як зможам падтрымаць тых, хто супраціўляецца, і ад таго, наколькі жорсткім будзе рэжым акупантаў. Цяпер робіцца стаўка на старую савецкую палітыку — падзяліць крымскіх татараў на «дрэнных» і «добрых», якія будуць служыць без усялякіх прынцыпаў, адпрацоўваць, тое, што ім дадуць. І сапраўды, некаторым крымскім татарам даюць пасады, іх возяць на сустрэчы з Пуціным. Гэта «добрыя» татары. І ёсьць прыкметы таго, што будуць закрываць, забараняць Мэджліс на ўсёй тэрыторыі Крыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG