Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы Бураўкін загучыць у стылі фанк-джаз


Беларускі гурт Piotr Klujeu band рыхтуе новую праграму на невядомыя лвершы Генадзя Бураўкіна. Мілагучныя тэксты загучаць пад адрывісты фанк-джаз.

Саліст гурту Пётар Клюеў пазнаёміўся, а затым і пасябраваў з паэтам год таму. Празь некаторы час Генадзь Бураўкін прапанаваў напісаць песьні на ягоныя вершы.

«Зь лёгкай рукі Генадзя Бураўкіна зьявілася ідэя стварыць такую праграму. Ён выбраў вершы, большасьць зь іх амаль невядомыя, бо ніколі не публікаваліся і знаходзяцца ў прыватнай калекцыі паэта. Я вельмі гэтым натхніўся і вырашыў, што гэтыя вершы рэвалюцыйна загучаць, калі іх пакласьці на фанк-джаз музыку. Практычна гэта будзе першая беларускамоўная музычная праграма ў такім стылі», — кажа музыка.

Большасьць вершаў, якія ўвайшлі ў праграму, былі напісаныя Генадзем Бураўкіным у 70-я гады. Некаторыя зь іх — «Асьцярожна, лістапад», «Дай мне руку».
Генадзь Бураўкін у студыі Радыё Свабода
Генадзь Бураўкін у студыі Радыё Свабода
Апроч кампазыцыяў на вершы Генадзя Бураўкіна, у праграме будзе некалькі песень на ангельскай мове, аўтар словаў якіх — сам Пётар Клюеў. Пісаліся яны пад уражаньнямі ад супрацы з клясыкам беларускай літаратуры.

«Існуе традыцыя вершы клясыкаў класьці на мілагучную музыку, як робяць, напрыклад, „Песьняры“. А ў нашым праекце — вельмі сучасная авангардная музыка зь вельмі лірычнымі тэкстамі. Такія песьні сьпяваюцца зусім па-іншаму, там зусім іншая артыкуляцыя, іншыя акцэнты», — кажа Пётар Клюеў.

Гурт мяркуе запісаць кружэлку з кампазыцыямі на словы Генадзя Бураўкіна прыкладна праз паўгода. Але ўжо неўзабаве пачынаецца гастрольны тур, які ахопіць ня толькі гарады Беларусі, але і Швэцыю, Эстонію, Літву, Польшчу.

Прэзэнтацыя праграмы адбудзецца 28 траўня а 20.00 у кавярні LOFT (вул. П. Броўкі, 22).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG