Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Time, сярод сэпаратыстаў у Славянску ёсьць беларускія грамадзяне


Сярод сэпаратыстаў у Славянску ёсьць грамадзяне Беларусі, Казахстана, Расеі і іншых краінаў СНД, піша часопіс Time са спасылкай на самаабвешчанага мэра Славянску Вячаслава Панамарова.

Аўтар гэтага артыкула Сайман Шустэр, які пабываў у палоне ў сэпаратыстаў у Славянску, у прыватнасьці піша: «Іх лідэр Вячаслаў Панамароў, вытворца мыла, які прысвоіў тытул „народнага мэра“ пасьля захопу ўлады, заклікаў сабе па дапамогу прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, але гэты заклік быў праігнараваны. Падпарадкаваныя яму сілы міліцыі, паводле Панамарова, складаюцца з добраахвотнікаў, якія прыбылі з Расеі, Беларусі, Казахстана і іншых частак былога Савецкага Саюзу».

Між тым у амбасадзе Беларусі ў Кіеве БелаПАН паведамілі, што не валодаюць дадзенымі аб знаходжаньні беларускіх грамадзянаў у Славянску, а таксама пра беларусаў, пацярпелых падчас антытэрарыстычнай апэрацыі. «Паводле зьвестак, атрыманых з кампэтэнтных органаў Украіны, такіх дадзеных няма, - заявіў старэйшы саветнік, консул амбасады Сяргей Бабоў.

На просьбу пракамэнтаваць зьвесткі Time пра беларусаў, якія выступаюць на баку сэпаратыстаў, Бабоў заўважыў: «Інфармацыя можа розная цыркуляваць, але яшчэ раз кажу, што дадзеных (я пяць хвілін таму размаўляў з МЗС Украіны) аб пацярпелых грамадзянах Беларусі няма».

На ўсходзе Украіны — ў Данецку, Харкаве і Луганску — з сакавіка праходзяць мітынгі прыхільнікаў фэдэралізацыі, іх удзельнікі патрабуюць правесьці рэфэрэндумы аб статусе сваіх рэгіёнаў. У пачатку красавіка пратэсты распаўсюдзіліся на цэлы шэраг гарадоў Данецкай вобласьці, у тым ліку на Славянск. Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандр Турчынаў абвясьціў аб пачатку шырокамаштабнай спэцапэрацыі з прыцягненьнем арміі. Як сьцьвярджаюць украінскія ўлады, сэпаратысты пры падтрымцы расейскіх дывэрсійных груп пачалі захопы будынкаў адміністрацый і ўпраўленьняў МУС і Савету бясьпекі Ўкраіны.

24 красавіка ў Славянску падчас антытэрарыстычнай апэрацыі ў Славянску, паводле ўкраінскіх СМІ, забітыя як мінімум пяць сэпаратыстаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG