Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое арганічныя прадукты


Валерыя Красоўская
Валерыя Красоўская

У Беларусі вядомы панятак экалягічны турызм, але яшчэ ня так шырока вядомы трэнд экалягічнай, ці арганічнай сельскай гаспадаркі, які пашыраецца ў Эўропе.

Прадукт паводле эўрапейскага заканадаўства можа быць пазначаны як «арганічны» толькi у тым выпадку, калі ня менш за 95% яго інгрэдыентаў зьяўляюцца арганічнымі. Тэрмін «арганічны» (таксама як i «бiялягiчны») ахоўваецца законам. Каб паказаць спажыўцу, што прадукт выраблены паводле арганiчных стандартаў, у эўрапейскiх дзяржавах былi распрацаваныя спэцыяльныя сымбалі. Ёсьць i агульная эўрапейская арганiчная пазнака — зялёны лiсток з зоркамi.


Гэтая этыкетка азначае, што прадукт выраблены ва ўстойлівай сыстэме культываваньня. Прадукт можа быць пазначаны як «арганічны» толькi у тым выпадку, калі ня менш за 95% яго інгрэдыентаў зьяўляюцца арганічнымі. Для большай празрыстасьці, на этыкетцы пазначаецца і кодавы нумар кантрольнага органа.

Арганічныя прадукты вырабляюцца з павагай да навакольнага асяродзьдзя, людзей і жывёлаў. Напрыклад, жывёлы маюць больш асабiстай прасторы ў стайнi, могуць выйсьці на вольнае паветра i не атрымліваюць прафіляктычныя антыбіётыкі.

Вытворчасьць традыцыйных і арганічных прадуктаў харчаваньня мусiць быць строга падзеленай. Усяго каля 50 штучных дабавак дазволеныя для выкарыстаньня ў экалягiчнай прамысловасьцi. Для параўнаньня, у традыцыйнай харчовай прамысловасьцi лiчба дазволеных дабавак перавальвае за 600. Дарэчы, штучныя дабаўкi могуць выкарыстоўвацца ў арганiчнай прамысловасьцi толькі ў тым выпадку, калі гэта тэхналягічна неабходна. Напрыклад, пры вытворчасьцi арганiчнага вiна дазволена ўжываньне сульфiтаў. Апраменьваньне і генэтычная мадыфікацыя забароненыя ўвогуле.




Дарэчы, для вытворчасьці «звычайных» прадуктаў харчаваньня ў дзяржавах ЭЗ i разьвiтых краiнах таксама існуюць дырэктыўныя прынцыпы. Усе харчовыя дабаўкі былі пратэставаныя на таксічнасьць і бясьпеку. Для кожнага хiмiчнага прэпарата, што выкарыстоўваецца для аховы расьлін, вызначаны максымальна дапушчальны рэшткавы лiмiт (МРЛ), гэта значыць, рэшткi прэпарата, якія можна выявіць у сабраным ураджаі. МРЛ усталёўваецца значна ніжэй, чым дапушчальна для здароўя, з тым, каб насельніцтва не атрымала занадта шмат «хіміі».

Некалькi фактаў пра штучныя ўгнаеньнi



Ужываньне штучных угнаеньняў абсалютна забароненае ў арганiчнай гаспадарцы. Гэта — адно з асноватворных адрозьненьняў арганічнага фэрмэрства ад традыцыйнага.

Штучныя ўгнаеньнi адназначна горш для навакольнага асяродзьдзя, чым арганічныя. Так, штучныя ўгнаеньнi сапраўды спрацоўваюць вельмi хутка. Яны даюць расьлінам досыць мінэралаў для таго, каб тыя расьлі амаль што на голым камянi. Але гэтых мінэралаў усё ж недастаткова, таму мона-культуры забіраюць неабходныя для іх росту іншыя мінэралы з глебы. У вынiку, глеба становіцца беднай.

Акрамя таго, штучныя ўгнаеньнi настолькі салёныя, што забiваюць бактэрыi. Гэта адбываецца ня толькi ў расьлiнах, але таксама i ў глебе. Такiм чынам, асяродзьдзе глебы драматычна зьмяняецца. У выніку зьбядненьня глебы, пажыўная каштоўнасьць харчовых расьлiн зьніжаецца, то бок яны ўтрымлiваюць усё менш мiнэралаў, вiтамiнаў i бiяактыўных рэчываў. Да таго ж, штучныя ўгнаеньнi спрыяюць узьнiкненьню пустазельля i насякомых, устойлівых да гербіцыдаў і пэстыцыдаў.

Фармацэўтычная кампанiя Ciba Geigy параўнала колькасьць вiтамiнаў i мiнэралаў у 1985, 1996 i 2002 гадах i прыйшла да шакуючых высноваў. Напрыклад, вiтамiна С у яблыках 1996 году было на 60% меней у параўнаньнi з 1985 годам, а ў 2002 годзе яго было ўжо на 80% меней. Кальцыю ў бульбе ўзору 1996 году было на 70% меней, чым у 1985 годзе, а ў 2002 годзе гэты паказчык зьнізіўся яшчэ на 8 %. Яшчэ адзiн прыклад: вiтамiн В6 у бананах 1996 году зьнізіўся на 92% у параўнаньнi з 1986 годам, у 2002 годзе яго стала яшчэ менш — усяго толькi 3% ад колькасьцi 1986 году.

Азот зьяўляецца асноўным інгрэдыентам угнаеньняў. Вытворчасьць 1 кг азоту патрабуе 69 МДж энэргіі, гэта больш чым 2 кубiчных мэтра газу. Падлiчана, што вытворчасьць штучных угнаеньняў, разам з вытворчасьцю неабходнага для гэтага азоту, выклікае больш чым 20% выкідаў вугляроднага газу ў атмасфэру.

Асабiста я купляю выключна арганiчныя прадукты i ненавязьліва рэкамэндую рабiць тое самае сваiм пацыентам. Што да Беларусі, то ўсю прадукцыю, вырабленую старым дзедаўскім спосабам, я б таксама назвала арганічнай. Дарэчы, тады пад бульбу нічога, акрамя гною (ці арганікі па сугучнасьці) ня клалі. І ў Беларусі шэраг фэрмэраў гатовыя вярнуцца да падобнай практыкі. Многіх зь іх згуртовае кампанія Экаежа, якая прадае прадукты і праз сайт. Што да масавых прыставак «бія» на прадуктах традыцыйных супэрмаркетаў, баюся, што гэта перадусім рэклямна-маркетынгавы крок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG