Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя як «падушка бясьпекі» для чыноўніка


У пасланьні, зь якім Аляксандар Лукашэнка выступіў 22 красавіка, неаднаразова згадвалася Гомельшчына — у той частцы, дзе гаварылася пра выяўленых карупцыянэраў. Прагучаў шэраг прозьвішчаў гомельскіх чыноўнікаў, судзьдзяў, прадстаўнікоў сілавых структураў. Якія адметнасьці карупцыі па-гомельску?

Адным зь першых у пасланьні ў разьдзеле пра карупцыю Лукашэнка назваў прозьвішча нядаўняга намесьніка старшыні суду Савецкага раёну Гомеля Юрыя Жорава. Таго затрымалі ў лютым спэцслужбы за хабар.

Наколькі вядома, да арышту тэхнічнымі сродкамі былі зафіксаваныя яшчэ некалькі эпізодаў хабарніцтва гэтага суддзі.

Арышт набыў розгалас. Маці судзьдзі, Маргарыта Жорава, працяглы час была намесьнікам начальніка абласной управы юстыцыі. Апроч таго, да нядаўняга часу Жорава чатыры гады прабыла дэпутатам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дзе займала пасаду намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Была яна да апошняга часу і сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі. Таму ў хуткім кар’ерным росьце судзьдзі Жорава гамельчукі схільныя бачыць уплыў маці.

Дарэчы, у поле зроку cпэцслужбаў разам з намесьнікам старшыні суду трапілі вядомы ў Савецкім раёне адвакат, чыя маці працуе ў абласным судзе, а таксама юрыст-гаспадарнік.

Ва ўчорашнім пасланьні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Гомелі карупцыя пранікла нават у тыя дзяржаўныя органы, якія павінны ўзначальваць барацьбу зь ёю, і гэтая нечысьць будзе «выпальвацца гарачым жалезам». Пры гэтым кіраўнік дзяржавы прыўзьняў заслону над нядаўнім раптоўным звальненьнем начальніка Гомельскай абласной управы КДБ Івана Ляскоўскага з фармулёўкай «за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў». Аказваецца, супраць Ляскоўскага і трох іншых кіраўнікоў управы КДБ распачата крымінальная справа за тое, што яны, як сказана ў пасланьні, «арганізавалі „заказную“ праверку камэрцыйнай структуры ў інтарэсах канкурэнтаў».

У Гомелі схільныя лічыць, што «камэрцыйная структура» — нішто іншае, як культурна-забаўляльны цэнтар «Эўропа» з казіно і начным барам, які зроблены на базе былога рэстарана «Беларусь» на плошчы Леніна.

Вось што апавёў адзін з гараджанаў пра галоўны гульнёвы цэнтар:

«Туды пэўныя судзьдзі хадзілі гуляць, пракуроры хадзілі, адвакаты. Прыходзілі — у руках дзьве-тры фішкі было. Сядалі гуляць. А выносілі столькі, што ў прыгаршчы не ўмяшчаліся. І дакажы, што ён хабар узяў».

Прыкладам Гомеля кіраўнік дзяржавы праілюстраваў і практыку «перасаджваньня» карумпаваных чыноўнікаў з аднаго цёплага месца на іншае:

«Мяркуйце самі, за махінацыі з продажам кватэраў у Гомелі з пасады першага намесьніка старшыні аблвыканкаму быў вызвалены Баранаў. Пасьля чаго ён уладкаваўся першым намесьнікам дырэктара „Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт“. Па той жа „кватэрнай“ крымінальнай справе праходзіў і былы першы намесьнік старшыні Гомельскага гарвыканкаму Ранько, які перасеў у крэсла дырэктара філіялу Гомельскай мантажнай управы „Трэст Белсантэхмантаж № 1“».

У пасланьні ня згадвалася, але ў так званай «кватэрнай» справе былі й некаторыя іншыя чыноўнікі, якія таксама аказаліся няблага ўладкаванымі. Да прыкладу, кіраўніца абласнога савету даседзела да нядаўніх мясцовых выбараў і ціха сышла на кіраўнічую пасаду ў афіцыйны прафсаюз.

Дарэчы, акурат учора, калі Аляксандар Лукашэнка выступаў з пасланьнем, Магілёўскі абласны суд пакараў галоўнага фігуранта гомельскай «кватэрнай справы» — нядаўняга старшыню гарвыканкаму Віктара Піліпца — пяцьцю гадамі турэмнага зьняволеньня з узмоцненым рэжымам.

Гомельскі эканаміст Мікалай кажа, што карупцыйныя праявы зьвязаныя найбольш з адсутнасьцю публічнасьці ў цяперашніх «вэртыкальных» установах:
Карупцыя — самы просты спосаб атрымаць грошы, не прыкладаючы намаганьняў. Зь іншага боку, гэта самы кароткі шлях вырашэньня пытаньняў для бізнэсоўцаў


«Справа ў тым, што калі няма празрыстасьці ў бюджэтных працэдурах, калі ўсё праз „вэртыкаль“ вырашаецца, тады спакуса карупцыі спрацоўвае. Карупцыя — самы просты спосаб атрымаць грошы, не прыкладаючы намаганьняў. Зь іншага боку, гэта самы кароткі шлях вырашэньня пытаньняў для бізнэсоўцаў. Калі зарабляць якія грошы, трэба даць камусьці яшчэ, і тады адкрываецца просты шлях да іх. Калі б спрасьціць эканамічную сыстэму, калі б было больш канкурэнцыі, то й карупцыі было б менш, бо чалавеку б ня трэба было стаяць у чэргах дзеля вырашэньня нейкіх пытаньняў».

Суразмоўца кажа, што ў эўрапейскіх краінах паходы чалавека ў дзяржаўныя структуры скарачаюцца да мінімуму:

«Напрыклад, у Англіі робіцца багата для таго, каб чалавек туды як найменш прыходзіў. Шмат пытаньняў вырашаецца праз пошту. Напрыклад, зарэгістраваць аўтамабіль. Яму ня трэба ехаць у паліцыю — дастаткова адаслаць паперы поштаю, і яму дашлюць дакумэнт, што аўтамабіль зарэгістраваны. Тэхналёгіі трэба пераймаць, і тады ня трэба будзе бясконца змагацца з карупцыяй. Я гляджу, што гады праходзяць, а барацьба з карупцыяй усё не канчаецца. Паўстае пытаньне: мусіць, яна ня надта эфэктыўная, калі карупцыя ўсё плодзіцца?»

Яшчэ адзін гомельскі назіральнік лічыць, што людзі, трапіўшы на пасаду па пратэкцыі набліжаных да ўлады чыноўнікаў, імкнуцца як мага хутчэй стварыць сабе своеасаблівыя «падушкі бясьпекі»:

«Сыстэма ўлады пабудаваная так, што чыноўнікі ніякім чынам не падсправаздачныя народу і працуюць часам як на фронце: кожны дзень як апошні. Вось і рыхтуюць сабе нешта падобнае да „падушкі бясьпекі“. Нават калі трапіць у няміласьць і вылеціць з абоймы, то бедаваць ня будзе. Запас жа кішэню не адцягвае. У сілавых структураў наагул неабмежаваныя паўнамоцтвы — іх прызначаюць у Менску, і яны ў рэгіёнах паводзяць сябе як „гаспадары жыцьця“. Заплацяць — гэтага бізнэсоўца прыцісьнем, іншага адсунем. Глядзіш — і „заказчыку“ зарабляць грошы без канкурэнтаў лягчэй, і памагаты ня ў крыўдзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG