Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вус і Раманчук ня будуць балятавацца ў прэзыдэнты


Аб’яднаная грамадзянская партыя будзе вылучаць на прэзыдэнцкія выбары 2015 году свайго кандыдата.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў лідэр партыі Анатоль Лябедзька. Нягледзячы на тое, што прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі яшчэ не пачалася, пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заявілі ўжо пяць палітыкаў.

Аб’яднаная грамадзянская партыя назаве прозьвішча свайго вылучэнца на партыйным зьезьдзе, які мяркуюць правесьці ў траўні.

Раней пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі публічна абвясьцілі лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, бібліятэкарка з Бабруйску Сьвятлана Грыцэнка — як вылучэнка ад кааліцыі дэмакратычных сілаў гэтага гораду.

У папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах удзельнічалі 10 кандыдатаў. Дзьмітры Вус быў адным зь іх. Зноўку балятавацца ён не зьбіраецца:

«Як можна ўдзельнічаць у выбарах, калі дагэтуль кандыдат у прэзыдэнты (Мікола Статкевіч) яшчэ сядзіць у турме і яго ня выпусьцілі?! Я хачу запытацца ў тых, хто зьбіраецца ўдзельнічаць у новых выбарах: у якіх выбарах вы хочаце ўдзельнічаць? Наступнага кандыдата пасадзіць? Дык яшчэ гэты ня выйшаў».

Ня будзе выстаўляць сваю кандыдатуру і Яраслаў Раманчук:

«Я думаў — удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць? І вырашыў — не. Ня ўдзельнічаць у тым сэнсе, што ня буду кандыдатам. Але я буду ўдзельнічаць у самой выбарчай кампаніі. Праз інфармацыю, адукацыю, данясеньне пазытыўнага мэсыджу да ўсіх палітычных колаў».

Рыгор Кастусёў кажа, што падпарадкуецца волі сваёй партыі:

«Партыя БНФ зараз выступае за вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыйных сілаў. На той выпадак, калі мы ня здолеем дамагчыся адзінай пазыцыі зь іншымі палітычнымі арганізацыямі, то партыя БНФ, зразумела, будзе вызначацца з вылучэньнем свайго кандыдата. І такое вылучэньне, найхутчэй, адбудзецца на чарговым зьезьдзе.

Я як салдат партыі гатовы станоўча ўспрыняць любое рашэньне зьезду. Калі даручаць мне ўдзельнічаць у выбарах, я буду ўдзельнічаць. Але я мяркую, што партыя БНФ павінна разьлічваць на вылучэньне больш маладых, больш пэрспэктыўных палітыкаў. А такія ў партыі ёсьць».

Зноў хоча выставіць сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка дзяржавы эканаміст Віктар Цярэшчанка:

«Маю такі намер. Бо бачу бардак у грашова-крэдытнай палітыцы, у сацыяльнай абароне чалавека. Адбываецца тое, пра што я раней гаварыў і пісаў. Ідзе падзеньне па ўсіх паказьніках. Беларусь перагнала ўсе краіны СНД. А па інфляцыі ў 2011 годзе — усе краіны сьвету, акрамя Зымбабвэ.

Таму я хачу яшчэ раз гаварыць пра тое, што трэба абараніць чалавека. А гэта — найперш грошы, якія сьведчаць пра дабрабыт чалавека і дзяржавы».

Віталь Рымашэўскі ня ўпэўнены, што яго дапусьцяць да ўдзелу ў выбарчай кампаніі:

«Закон не дазваляе мне цягам двух год пасьля заканчэньня тэрміну майго прысуду балятавацца. Гэты тэрмін скончыцца напрыканцы лета наступнага году. І я магу ня трапіць у той час, калі будуць прызначацца выбары. Хутчэй за ўсё, так і будзе — паводле лукашэнкаўскага закону я ня траплю на лукашэнкаўскія выбары. А што тычыцца наагул удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі, то я лічу, што ў ёй павінны ўдзельнічаць тыя, хто гэтага пажадае. Нават тыя, хто асуджаны з палітычных матываў і хто знаходзіцца за мяжой, хоць бы ў якасьці адзінага кандыдата. Гэта прынцыпова. А пакуль БХД прыкладае ўсе намаганьні для таго, каб на выбарах-2015 ад дэмакратычных сілаў Беларусі быў адзіны кандыдат».

Алесь Міхалевіч і Андрэй Саньнікаў цяпер за мяжой. Мікола Статкевіч — у турме. Ці зарэгіструе іх Цэнтравыбаркам на новых выбарах?

На гэтае пытаньне Свабоды сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адказвае:
Юры Лазавік
Юры Лазавік
«Калі падаюць дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты, мы па кожнай кандыдатуры робім запыты ў органы МУС. І адтуль нам даюць даведку — ёсьць у пэўнага грамадзяніна яшчэ судзімасьць ці яна ўжо пагашаная. Калі пагашаная, то грамадзянін мае права вылучацца кандыдатам».

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсьці не пазьней за 20 лістапада 2015 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG