Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архіяпіскап Логін: На Вялікдзень не дамо «старэйшым братам» сябе падмануць


Велікоднае архіпастырскае пасланьне да вернікаў Першаярарха БАПЦ, архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна.

Годнаму сьвятарству й вернікам
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы,
якія жывуць на Бацькаўшчыне й на Чужыне.

«... палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.» (Ян. 15:12)

Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце !

Штогод, на працягу амаль дзьвюх тысячаў гадоў, хрысьціяне сьвяткуюць найбольшае сваё сьвята — Уваскрасеньне Хрыстовае. Зноў мінуў літургійны год, і Царква, праходзячы гадавое кола Набажэнстваў, вяртаецца да сьвяткаваньня галоўнага сьвята — Вялікадня. Але час ня йдзе па колу, а няспынна ляціць уперад.

Праваслаўная Царква на працягу свае гісторыі не зьмяняла свае погляды на Бога, на жыцьцё і сьмерць, сьвятасьць і грэх, дабро і зло. Але самое чалавецтва жыве ня толькі духоўным, а й фізычным жыцьцём, таму зьмяняюцца пакаленьні і сьветапогляды людзей, зьмяняюцца адносіны паміж людзьмі і цэлымі народамі, асабліва калі нехта зь іх пераступае хрысьціянскія законы.

Часам зьмены ў душах людзей адбываюцца вельмі хутка. Так Беларускі народ, які жыве пасярод іншых хрысьціянскіх народаў, надаваў болей павагі і спадзяваньня на Ўсходняга суседа, які клікаў сябе «старшым братам», даруючы яму старыя гістарычныя крыўды, лічачы іх даўно мінулымі. Але апошнія падзеі, калі суседняя Ўкраіна падвергнулася расейскай агрэсіі, застаўляюць ліцьвінаў-беларусаў задумацца і над сваім лёсам, бо й Беларусь можа апынуцца пад загрозаю націску таго ж хлуслівага агрэсара.

І як калісьці Хрыстос прынёс сябе ў ахвяру за людзей, так і кожны з нас павінен змагацца за свой народ, што й рабілі ўсе пакаленьні нашых продкаў, і калі патрэбна было, аддавалі жыцьцё за сваю Бацькаўшчыну. Бо як сказана ў Сьвятым Пісаньні: «Няма большае за тую любоў, як хто пакладзе душу сваю за блізкіх сваіх». Каб любоў заўсёды перамагала — неабходна жыць паводле Хрыстовых запаветаў, тады хрысьціяне шчыра будуць віншаваць адзін аднаго:

Хрыстос Уваскрос! — Сапраўды Ўваскрос!

Зь любасьцю й малітвамі,

+ Архіяпіскап Сьвятаслаў, Першаярарх БАПЦ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG