Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдвард Лукас: Гісторыкі некалі могуць назваць гэта пачаткам Трэцяй Сусьветнай вайны


Расейскія войскі ў Крыме
Расейскія войскі ў Крыме

Вядомы журналіст і аналітык Эдвард Лукас выступіў на старонках брытанскай газэты «Daily Mail» з артыкулам, у якім прадказвае змрочную будучыню сьвету на фоне дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Падаем ў скароце пераклад гэтага артыкулу «Спадзяюся, што памыляюся, але гісторыкі некалі могуць назваць гэта пачаткам Трэцяй Сусьветнай вайны».

Тое, што адбываецца далёка на ўсходзе Ўкраіны, сярод раўніннага і безаблічнага стэпавага пэйзажу, занадта нагадвае складаньне пляну Трэцяй Сусьветнай вайны.

Падтрыманыя прапагандысцкай машынай Крамля і расейскім вайсковымі дывэрсантамі ўзброеныя людзі ствараюць на дарогах блёк-пасты, штурмуюць аддзяленьні міліцыі і скідваюць зь іх дзяржаўныя сьцягі Ўкраіны.

Гэтыя людзі разбураюць ня толькі ўласную дрэнна кіраваную і абложаную краіну-банкрута, але і пасьляваенны парадак, які захаваў вялікую частку Эўропы і нас тут, у Вялікай Брытаніі, у бясьпецы і свабодзе на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў. Уладзімер Пуцін б’е ў самае сэрца Захаду.

Яго мэтай зьяўляецца наша няздатнасьць працаваць з саюзьнікамі для абароны супраць агульных пагрозаў. Глыбока засмучае той факт, што падзеі апошніх некалькіх месяцаў, калі Расея захапіла Крым і душыла супраціў ва Ўкраіне, паказалі, што Захад падзелены, прыніжаны і бясьсільны перад фактам гэтага захопу тэрыторыі.

Ужо ў найбліжэйшым часе мы сутыкнемся са змрочным выбарам. Мы можам палічыць за лепшае адмовіцца ад ўсякай адказнасьці за абарону Ўкраіны і краінаў Балтыі — амаль пэўнай наступнай ахвяры Пуціна — ад далейшага расейскага ўварваньня. Або мы можам паспрабаваць зладзіць апошнюю адчайную спробу ўтрымаць Расею ад рэалізацыі яе імпэрскіх амбіцыяў.

Калі мы зробім выбар на карысьць процістаяньня з Пуціным, мы рызыкуем жахлівай ваеннай эскаляцыяй, якая (ня думаю, што гэта перабольшаньне) прывядзе нас на парог ядзернай вайны.

Пуцін ведае гэта. І ён лічыць, што мы абярэм капітуляцыю. Насамрэч, у апошніх падзеях ва Ўкраіне ідзецца не пра тое, будзе яна мець пагадненьне аб свабодным гандлі з Брусэлем або атрымліваць газ з Масквы. Мова ідзе пра грубую сілу. Мова пра тое, ці можа Расея Пуціна — краіна-ізгой на парозе Эўропы — трымаць сваіх суседзяў, патрабуючы выкупу, і ці ёсьць у нас воля да супраціўленьня гэтаму. На гэты момант адказ на першае пытаньне станоўчы, а на другое — змрочнае «не».

Кіраўнік Расеі лічыць, што распад Савецкага Саюзу быў «геапалітычнай катастрофай». Ён лічыць, што Расея была пазбаўленая імпэрыі праз інтрыгі Захаду. І, па-просту кажучы, хоча вярнуць яе назад.

Калі Савецкі Саюз распаўся ў 1991 годзе, былыя паняволеныя народы Ўсходняй Эўропы ўцяклі пад абарону НАТО так хутка, наколькі гэта было магчыма.

Але горкая праўда палягае ў тым, што ў 1991 годзе Расея не зьмяніла свае імпэрыялістычныя амбіцыі. Крэмль заўсёды захоўваў свой імпэрыялістычны сьветапогляд.

У той час як сучасная Нямеччына зраклася імпэрыялізму і мілітарызму... Расея гэтага не зрабіла.

Пуцін лічыць, што гістарычная місія Расеі дае ёй права захопліваць тэрыторыю, запалохваць сваіх суседзяў, наладжваць ім блякаду. Ён разглядае Ўкраіну ня як сапраўдную краіну, а ўсяго як тэрыторыю, дзе ён адзіны мае дамінаваць...

Пуцін пагарджае нашай слабасьцю. Ён бачыць, што Эўропа і Амэрыка не змаглі арганізаваць аб’яднаны адказ на катастрафічнае разьвіцьцё сытуацыі. Так, мы гаворым правільныя словы (міністар замежных спраў Хэйг заклікаў да дакладнай і супольнай міжнароднай рэакцыі), але нашы справы не супадаюць з нашымі словамі. І Пуцін гэта ведае...

Дарэмна нашы лідэры спадзяюцца, што дыпляматыя паверне Пуціна назад. Вядома, ён можа зразумець, што канфрантацыі не ў інтарэсах Расеі. Рынкі ўжо адрэагавалі падзеньнем рубля і акцыяў буйных кампаніяў.

Але гэты падыход у корані няправільны для разуменьня такога чалавека, як Пуцін. Ён гатовы асудзіць уласны народ на эканамічныя пакуты і ваенную рызыку ў імя абароны нацыянальных інтарэсаў. Мы на Захадзе на гэта ня здольныя.

Падбіўшы Ўкраіну, ён зьверне сваю ўвагу на краіны Балтыі... Цяпер Пуцін бачыць магчымасьць прынізіць іх — а разам зь імі і Захад. Яму нават не патрэбнае ўварваньне, дастаткова правакаваньня. Выкарыстоўваючы грамадзкія падзелы і падбухторваньне, ён будзе ўзмацняць палітычны або эканамічны ціск — аж пакуль той ня стане невыносным для адной або некалькіх балтыйскіх краінаў...

Калі Захад ня будзе процістаяць Пуціну, ён паставіць свае ядзерныя сілы ў стан баявой гатоўнасьці, увесь час асуджаючы пры гэтым нашы «агрэсіўныя паводзіны».

Стагодзьдзе пасьля пачатку Вялікай вайны гісторыкі спрабуюць ад пачатку ліпеня прасачыць ланцуг падзеў, якія прывялі да канфлікту.

Я магу памыляцца, але ці ня ўбачаць гісторыкі праз 100 гадоў у падзеях ва Ўкраіне пачатак новага сусьветнага пажару?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG