Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Курапатаў хочуць зрабіць парк і ўзаконіць «Бульбаш-хол»


«З боку маралі існаваньне забаўляльнага комплексу каля Курапатаў непрымальнае, але ён ужо пабудаваны», — такую пазыцыю занялі распрацоўшчыкі дэталёвага пляна забудовы Курапатаў падчас грамадзкага абмеркаваньня праекта.

Грамадзкасьць, у сваю чаргу, запатрабавала вярнуцца да ранейшых, большых ахоўных зон Курапатаў і прымусіць «Бульбаш-хол» вынесьці зь іх 4 альтанкі-грыль.

«Няма парку, дзе бы людзі ляжалі пад нагамі»

Абмяркоўвалі малюнкі і мапы, прадстаўленыя «Менскградам», у Доме культуры пасёлка Лясны, што пад Менскам. Сабралася каля чатырох дзясяткаў зацікаўленых грамадзянаў. Большасьць так ці інакш даўно займаюцца Курапатамі.

У камісію па грамадзкім абмеркаваньні ўвайшлі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў Валянціна Вяргей, Антон Астаповіч, Мая Кляшторная. Бок улады прадстаўлялі начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Валянцін Драздоў, старшыня Бараўлянскага сельсавета Аляксандр Савончык, галоўны архітэктар раёна Людміла Яндоўская.

Асноўны шквал грамадзкага напору давялося вытрымаць аўтарам праекта: архітэктарам «Менскграда» Аляксандру Акенцьеву і Вадзіму Гліньніку.

Горача стала ўжо на выступе архітэктара Акенцьева. Зь ягонага паўгадзіннага тлумачэньня прысутныя зачапіліся за самае балючае: з Курапатаў хочуць зрабіць «мэмарыяльны парк», а ахоўныя зоны падагналі пад ужо пабудаваны «Бульбаш-хол».
Аляксандар Акенцьеў
Аляксандар Акенцьеў


«Гэтае месца ніколі не называлася паркам. Мне няёмка слухаць, што гэта будзе парк. Няма парку, дзе б людзі ляжалі пад нагамі», — кажа ў сваім выступе 84-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня ГА «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты».

Ён адразу пачынае з таго, што па Курапатах працуе 25 гадоў.
Вацлаў Нямковіч, старшыня ГА «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты»
Вацлаў Нямковіч, старшыня ГА «Хрысьціянская злучнасьць Курапаты»


Вацлаў Нямковіч: «Гэтае месца зарэгістравана як помнік гісторыі першай катэгорыі. Названа «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў». Мы там знайшлі і нанесьлі на мапу 585 ямінаў. Сярэдняя ёмістасьць яміны — ад 150 ахвяраў да некалькіх тысячаў.

«Я ведаю парк аўтамабіляў, я ведаю парк тралейбусаў, а тут чаго будзе парк? Дадумайце самі», — працягнула ўжо пазьней ягоную думку Мая Кляшторная.


Абурэньне людзей выклікала і тое, што для грамадзкасьці не былі пададзеныя тэкставыя матэрыялы, якія тлумачылі б, як і чаму праект мае такі выгляд. На агляд жа прапанавалі толькі «малюнкі» і «чарцяжы», у якіх звычайнаму чалавеку разабрацца было няпроста. Галоўны архітэктар дэманстраваў стос папераў і крычаў, што гэта «доўга чытаць» і тэкставае абгрунтаваньне толькі «ў адным асобніку».

З гэтай нагоды Антон Астаповіч абвясьціў, што Таварыства аховы помнікаў ужо зьвярнулася ў пракуратуру.
Антон Астаповіч
Антон Астаповіч




«Нагі маёй ня будзе ў „Бульбаш-холе“»


Сапраўдным „скрайнім“ у пытаньні зьмяншэньня ахоўных зонаў апынуўся архітэктар Вадзім Гліньнік, які і „ўзяў на сябе адказнасьць“ (як ён сам сказаў) прывесьці ў адпаведнасьць з рэальнасьцю тое, што да яго нарабілі іншыя. І гэта, сьцьвярджае Гліньнік, ужо чацьвёртая спроба.

Паводле Гліньніка, тэрыторыя вакол Курапатаў забудоўвалася насуперак заканадаўству: спачатку выдзялялі зямлю, а пад гэта ўжо распрацоўвалі праекты зонаў аховы. Гэтыя зоны, у сваю чаргу, ізноў парушаліся.
Вадзім Гліньнік
Вадзім Гліньнік


„У выніку „вінаватыя“ — апошнія інвэстары (уладальнікі „Бульбаш-хола“ — рэд.). Не яны стварылі гэтую сытуацыю. А адказваем за ўсё мы з калегам, якія ўзялі на сябе цяжар яе ўрэгуляваць“, — тлумачыць Гліньнік. — Гэтую працу трэба нарэшце зрабіць, каб пазьбегнуць далейшых парушэньняў».

Пры распрацоўцы праекта, распавядае Гліньнік, выкарыстоўваліся нават сакрэтныя, шпіёнская матэрыялы — мапы, здымкі, аэрафотаздымкі. Усё гэта апрацавана і неўзабаве будзе прадстаўлена грамадзкасьці.

«Бульбаш-хол» пабудаваны добра, — нечакана выказвае сваю думку Гліньнік, які ўжо амаль займеў сымпатыі залі добрай беларускай мовай і прафэсійнай адданасьцю дасьледаваньню тэрыторыі. — Ён не замінае культурнаму краявіду«.

«А лазьня!? А рэстарацыя?! А альтанкі-грыль?!» — ужо абураюцца людзі з залі.

«Паслухайце, я хацеў бы папрасіць вас правільна мяне зразумець. Задача гэтага дакумэнта (праекта — рэд.) — распрацоўка рэглямэнту. Я не кажу пра маральны бок праблемы. Я яе цалкам падзяляю з вамі, — Гліньнік толькі не кладзе руку на сэрца. — На маю думку, піць гарэлку і шашлыкі смажыць на могілках — амаральна. Ні маёй нагі, ні нагі маёй сям’і там ня будзе, але гэта не задача тэхнічнага праекта зонаў аховы», — кажа архітэктар Вадзім Гліньнік.

З доўгай і насамрэч выклікаючай сымпатыю прамовы Гліньніка засталася сухая астача: ахоўная зона збоку «Бульбаш-хола» ў праекце зьменшаная. І зьменшаная так, што ўладальніку комплексу ўжо ня трэба выносіць зь яе 4 альтанкі-грыль і стаянку. А такое рашэньне на запыт грамадзкасьці прыняла ў лістападзе 2012 году пракуратура.

Аніякія іншыя аргумэнты людзей ужо не пераконвалі.


Астаповіч запатрабаваў унесьці ў пратакол прапанову адкарэктаваць праект дэталёвага плянаваньня з улікам п.3 і п.4, а гэта значыць, з улікам дзейнай ахоўнай зоны, якая вызначаная Мінкультам у 2004 годзе.

«Бомбу запаволенага дзеяньня пад Курапаты заклаў Мінкульт»


Такую думку выказаў у сваім выступе Марат Гаравы.

«У нас адзін гэты помнік мае часовыя ахоўныя зоны. Гэта Мінкульт заклаў проста „міну запаволенага дзеяньня“. Ён таму сёньня і не прыйшоў сюды. А Чарняўскі з сёньняшняга дня пайшоў у адпачынак».

Праектанты ня мелі права нічога праектаваць, — лічыць Гаравы. — Мяжу ахоўнай зоны трэба вярнуць, і рабіць праект у адпаведнасьці зь ёй. А пакуль гэта ня будзе зроблена, ніякіх дазволаў на будаўніцтва не даваць«.

Тое, што праект фактычна зьяўляецца плянам увядзеньня ў эксплюатацыю славутага «Бульбаш-хола», першай агучыла Ганна Шапуцька. Зьвярнуўшыся да Акеньцева, яна запыталася:

«Гэта ж Ваш праект? Вы адказваеце за кожную лічбачку? Вось там у Вас рэстаран, лазьня? Гэта ўсё ёсьць у Вашым праекце? Мы паўтара гады змагаемся, каб іх не адчынялі. Як мы разумеем, яны будаваліся незаконна. Для нас гэтых забудоваў няма!

Атрымліваецца, што вы гэтым праектам узаконьваеце тое бязладзьдзе, якое яны нарабілі? Вы бераце на сябе гэтую адказнасьць?»


Браць такую адказнасьць Акенцьеву на сябе не ўпершыню. Ён рабіў праекты забудоваў цэнтраў Менску, Полацку, Брэста, Нясьвіжа. Ён жа працуе над мэмарыяльным комплексам «Трасьцянец».

«Вы мне патлумачце, якім чынам гэтая лазьня і рэстарацыя ня будуць перашкаджаць помніку Курапаты? — пытаецца Шапуцька. — Вы ж маглі напісаць, што на гэтым месцы будзе музэй рэпрэсіяў ці што іншае. Але ж Вы гэтага не зрабілі?»

Адказ Акеньцева цалкам чыноўніцкі: «Мы пагадзіліся з тым, што наяўнасьць такіх аб’ектаў у схеме жыцьцядзейнасьці менскай аўтадарогі да месца».

Ён хоча давесьці, што хацелі зрабіць, што маглі. Нават спрабавалі пераканаць зьмяніць колеравую гаму дзіцячага гарадку, маўляў, яе яскравыя фарбы занадта ўжо выбіваюцца з агульнай атмасфэры«.

«Навошта там увогуле дзіцячы гарадок?!!» — абураецца Ганна Шапуцька.

«Вы гэта робіце для таго, каб адкрыць «Бульбаш-хол?» — ужо наўпрост пытаецца яна.

«Дык ён ужо пабудаваны», — здаецца, шчыра зьдзіўляецца галоўны архітэктар Драздоў.

«Ніхто ў нас не абураўся. Усё адкрыецца як мае быць»



Яшчэ да пачатку грамадзкага абмеркаваньня мы заехалі паглядзець, што на месцы «Бульбаш-хола». Трапіць на тэрыторыю лёгка: брама адчыненая, а ўнутры ходзяць людзі і стаяць машыны.

Выглядае, што комплекс цалкам гатовы да адкрыцьця. Хіба што па заляпаных вокнах відаць, што ўнутры яшчэ вядуцца працы.

Двое мужчынаў, якія прадставіліся «начальствам», распавядаюць, што дакладна ня ведаюць, калі адкрыюцца:

«Не раней як празь месяц», — мяркуюць яны.

«А вы нешта мянялі ў сябе? Людзі ж абураліся», — пытаемся мы.

«Ніхто ў нас не абураўся. Усё ў нас спакойна. І нічога мы не мянялі і ня будзем», — адказваюць яны.


На тэрыторыі ўсё так, як і плянавалася. Вясёленькі дзіцячы гарадок, альтанкі для адпачынку. Хіба што плот стаў вышэйшы і шчыльнейшы, а паміж плотам і тэрыторыяй Курапатаў высаджаныя маладыя елачкі.

На мяжы Курапатаў убітыя чырвоныя мэталёвыя слупкі і шлягбаўм. І як бы ты не выкручваўся, з боку крыжоў відаць дзіцячую горку, а значыць, і дзецям будуць бачныя курапацкія крыжы.

«Калі людзі будуць хадзіць у „Бульбаш-хол“, значыць, так нам і трэба»


Абмеркаваньне яшчэ будзе доўжыцца да 1 траўня. Праект выстаўлены ў сельскім савеце пасёлка Лясны. Але Антон Астаповіч перакананы: «Бульбаш-хол» адчыніцца і адчыніцца законна.

Антон Астаповіч: «Нават калі б побач з Курапатамі ў гэтай жа сытуацыі ўзьнік музэй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, гэта таксама было б парушэньнем. На гэтую тэрыторыю не была распрацаваная горадабудаўнічая дакумэнтацыя. А любы архітэктурны праект мусіць яе мець. Там проста аб’ект зьявіўся ў чыстым полі.

Тое, што мы гаворым пра функцыянальнае прызначэньне, то я заўжды кажу, што мы павінныя жыць у прававым полі. На жаль, нашая прававая сыстэма не рэглямэнтуе функцыянальнае прызначэньне аб’ектаў у такіх месцах. Сам гэты рэстаран цалкам адпавядае ўсталяваным рэглямэнтам зоны рэгуляванай забудовы. У гэтага рэстарана ёсьць толькі адно парушэньне: гэта чатыры грыль-альтанкі, якія ўклініліся ў ахоўную зону, — гэта адзінае, што можна цяпер «па законе» зрабіць з «Бульбаш-холам». Няма нават пэўнасьці, што ўладальнік зьменіць прызначэньне комплексу з забаўляльнага аб’екта на проста «аб’ект грамадзкага харчаваньня».

Маральнага фактара нашае заканадаўства яшчэ не прадугледжвае. Хаця гаварыць пра яго трэба.

Але галоўная маральная адказнасьць у гэтай пакуль тупіковай для абаронцаў Курапат прававой сытуацыі за самімі беларусамі — мяркуе Астаповіч.

«Калі нашыя грамадзяне пачнуць туды хадзіць, і аб’ект будзе рэнтабэльным, значыць, мы маральна нясьпелыя, бо нармальны чалавек туды ня пойдзе», — заключае Астаповіч.
Сход па Курапатах. Фрагмэнты
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:43 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG