Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэты ў Нью-Ёрку


На горад, у якім жывуць твае блізкія, немагчыма глядзець вачмі турыста. Ну а горад, дзе пахаваныя твае блізкія — гэта ўжо амаль радзіма. Мае кіеўскія цешча, цесьць і іх сабака Джоні памерлі ў Нью-Ёрку. Мой сын, які прыляцеў першы раз у Нью-Ёрк зь Лёндану на пачатку васьмідзясятых, яшчэ пасьпеў пагуляць з Джоні ў футбол на бруклінскай пустцы.

Нью-Ёрк заўсёды хваляваў паэтаў. Разанскі паэт Сяргей Ясенін у 1923 годзе назваў Нью-Ёрк «жалезным Міргарадам» і прачула напісаў пра «бязьлітасную моц жалезабэтону» і «энэргію, накіраваную выключна на рэклямны бег». Андалюскі паэт Гарсія Лорка ў 1929 годзе прыехаў у Амэрыку і ў 1931 годзе выдаў кнігу «Паэт у Нью-Ёрку». Для гэтага гораду гішпанец знайшоў словы, поўныя пагарды і грэблівасьці: «Які холад і якая жорсткасьць. Рэкі золата сьцякаюцца сюды адусюль і нясуць з сабой сьмерць. Поўная бездухоўнасьць...» ну і інш. і інш.

Нью-Ёрк мае пачашчаны пульс, павышаную тэмпэратуру, частае і перарывістае дыханьне. Тут, у Мангэтане, разумееш, што сьмерць уваходзіць у склад жыцьця, і што сьмерць у цябе пад рукой, а ты — пад рукой у яе. За гэта можна ўзьненавідзець Нью-Ёрк або палюбіць яго назаўсёды.

Каля трох дзясяткаў гадоў таму я пабываў у гасьцях у аднаго з найбуйнейшых украінскіх філёлагаў і эсэістаў ХХ стагодзьдзя Юрыя Шавялёва. Ён жыў недалёка ад Калюмбійскага ўнівэрсытэту, дзе прафэсарстваваў ад 1954 да 1977 году. Мы сядзелі ў ягоным кабінэце, абстаўленым тысячамі кніг. Іншай мэблі я ў пакоі не заўважыў. Ён расказваў мне, што за некалькі гадоў да мяне ў тым самым фатэлі, насупраць, сядзеў модны тады кіеўскі паэт Іван Д. Кіеўскага паэта мучылі сумневы і, магчыма, сумленьне. Ён пытаўся парады ў мэтра: «Можа, мне лепш застацца ў Нью-Ёрку?» Мэтр адказаў: «Думаю, ня варта». Мне мэтр патлумачыў: «У Д. ужо быў чытач на бацькаўшчыне, ён скаштаваў прызнаньне і ня вытрымаў бы сухога пайку эміграцыі».

Сяргей Ясенін павесіўся ў 1925 годзе ў ленінградзкім гатэлі «Англетэр». Гарсія Лорку ў 1936 годзе ў Гранадзе застрэлілі салдаты генэрала Франка.

У мяне ў праскім доме на паліцы ўкраінскіх кніг стаіць том вершаў цудоўнага нью-ёркскага паэта Юрыя Тарнаўскага «Поезії про ніщо і інші поезії на цю саму тему». На тытульнай старонцы — надпіс: «Iгорю Померанцеву —дружньо». І дата: 8.VII.1980.

У гэтай кнізе ёсьць верш «Украіна»:

Країно зі стогонів і молитов,
важливий продуценте смерти,
недаром своєю формою
нагадуєш розжоване серце.

Сымбаль Нью-Ёрку — статуя свабоды, якая выглядае гарадзкой вар’яткай. Гэты сымбаль усё яшчэ ня страціў жывога сэнсу. Нью-Ёрк быў і застаецца горадам свабодных людзей. Я хацеў бы жыць і памерці ў Нью-Ёрку.
Пераклаў Сяргей Шупа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG