Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні пра якую новую праграму МВФ у Беларусі гаворкі няма, — экспэрт


17 красавіка ў Менск прыбывае місія Міжнароднага валютнага фонду.

Экспэрты МВФ да канца красавіка абмяркуюць зь беларускімі ўладамі, якія разьлічваюць атрымаць чарговы крэдыт, пэрспэктывы разьвіцьця эканомікі. МВФ, у сваю чаргу, неаднаразова рэкамэндаваў уладам Беларусі зьмяніць эканамічную палітыку, каб скараціць дысбалянс у эканоміцы.

Місія будзе працаваць у Беларусі да 28 красавіка, і па выніках працы будзе падрыхтаваная справаздача, якую абмяркуе Рада выканаўчых дырэктараў і прыме канчатковае рашэньне, даць чарговы крэдыт ці не.

У апублікаваным МВФ у пачатку красавіка Аглядзе ўсясьветнай эканомікі (World Economic Outlook) фонд пагоршыў прагноз па эканамічным разьвіцьці Беларусі на 2014 год. У прыватнасьці, МВФ прагназуе, што ў 2014 годзе ўнутраны валавы прадукт вырасьце ўсяго на 1,6% у параўнаньні з 2013 годам, а інфляцыя чакаецца на ўзроўні 16,8%. Дарэчы, толькі за першы квартал інфляцыя дасягнула амаль 5%.

Ці ёсьць шанцы ў Беларусі разьлічваць на новы крэдыт? Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі выказаў такое меркаваньне:
Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі
«Зразумела, што цяпер у нас даволі складаная сытуацыя ў эканоміцы, асабліва са станам у зьнешнім гандлі, з плацёжным балянсам. Ёсьць неабходнасьць у дадатковым фінансаваньні, і беларускія ўлады, натуральна, выказваюць інтарэс да фінансаваньня.

Міжнародны валютны фонд увесь час прапануе нам пакет неабходных структурных рэформаў, а гэтыя структурныя рэформы ва ўрадзе пакуль успрымаюцца ня вельмі пазытыўна, і Беларусь не паказвае гатовасьць да іх выкананьня. Прычым, МВФ просіць даць патрэбныя гарантыі на самым высокім узроўні, гэта значыць — атрымаць гарантыі, што ягоныя патрабаваньні будуць выконвацца.

Таму, на мой погляд, нічога новага з гэтай місіяй не адбудзецца. Хутчэй за ўсё, яна проста, як звычайна, разгледзіць цяперашнюю сытуацыю, і ўсё гэтым абмяжуецца. Ні пра якую новую праграму гаворкі пакуль ня пойдзе».

У 2014 годзе Беларусь працягвае праходзіць пік выплат па крэдыце МВФ 2009 году «stand-by», агульны кошт якога — 3,5 мільярдаў даляраў. Сёлета трэба пагасіць 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў. Апошні раз краіна заплаціла чарговы плацёж у памеры 85 мільёнаў даляраў 21 сакавіка.

Цяпер беларускія ўлады разьлічваюць рэфінансаваць астатнюю частку крэдыту stand-by МВФ шляхам прыцягненьня ад фонду новага стабілізацыйнага крэдыту. Але, паколькі МВФ неаднаразова рэкамэндаваў уладам Беларусі зьмяніць эканамічную палітыку, тэрмінова зрабіць захады па скарачэньні росту заробкаў і крэдытаваньня, павелічэньні гнуткасьці абменнага курсу, а гэта не выконваецца — шанцаў атрымаць новы крэдыт няшмат.

Апошні раз місія МВФ працавала ў Беларусі ў кастрычніку мінулага году, але крэдыт не дала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG