Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: За кожны крок па дэстабілізацыі Ўкраіны Расея адкажа


Барак Абама
Барак Абама

Барак Абама ў інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CBS заявіў, што Расея можа чакаць новых санкцый, калі будзе і далей заахвочваць сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне.

Пра гэта паведамляе служба навінаў «Голасу Амэрыкі»:

«Кожны раз, калі Расея будзе рабіць крокі, накіраваныя на дэстабілізацыю Ўкраіны і парушэньне яе сувэрэнітэту, яна сутыкнецца з наступствамі», — падкрэсьліў Абама, кажучы пра тое, ці гатовыя ЗША ўвесьці новыя санкцыі ў выпадку правалу жэнэўскай чатырохбаковай сустрэчы.

Паводле словаў прэзыдэнта ЗША, абсалютна ясна, што Расея парушыла ўкраінскі сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць, анэксавала Крым і цяпер працягвае рабіць тое ж самае, падтрымліваючы «апалчэнцаў» у паўднёвай і ўсходняй Украіне.

Абама сказаў, што дзеяньне санкцый відавочна ўжо цяпер, паколькі яны аслабілі расейскую эканоміку, пачаліся ўцёкі капіталаў з краіны:

«Рашэньні спадара Пуціна дрэнна ўплываюць ня толькі на Ўкраіну, у доўгатэрміновай пэрспэктыве яны дрэнна паўплываюць і на Расею».

На пытаньне карэспандэнта аб тым, які сыгнал пасылаў Уладзімер Пуцін амэрыканскаму прэзыдэнту і ўзброеным сілам ЗША, калі расейскі самалёт СУ-24 зьдзяйсьняў манэўры ў непасрэднай блізкасьці ад амэрыканскага ваеннага карабля, Абама адказаў, што «яны (Расея) не зацікаўленыя ў якой бы там ні было ваеннай канфрантацыі з намі, разумеючы, што нашы ўзброеныя сілы валодаюць значным перавагай у параўнаньні з расейскімі».

«Нам не патрэбна вайна. Нам трэба прызнаньне таго, што такія краіны, як Украіна могуць мець адносіны з усімі сваімі суседзямі, і ні Расея , ні Злучаныя Штаты, ні хто-небудзь іншы не павінен прымаць рашэньні замест іх», — дадаў Барак Абама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG