Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН заклікалі Расею «не расказваць казкі»


Заходнія амбасадары ў Радзе Бясьпекі ААН запатрабавалі ад Расеі спыніць тое, што яны назвалі ілжывай прапагандай і «фантастычнымі казкамі» ў сувязі з эскаляцыяй крызісу ва Ўкраіне, папярэдзіўшы, што такія скажэньні могуць запаліць выбухованебясьпечную сытуацыю.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са штаб-кватэры ААН. Выраз «фантастычныя казкі» ўжыў пасол Вялікабрытаніі ў ААН Марк Лаял Грант.

Са словаў пастаяннага прадстаўніка Літвы ў ААН Раймонды Мурмакайце, сыстэматычная і мэтанакіраваная прапагандысцкая вайна, якая вядзецца супраць Украіны і яе часовага кіраўніцтва, зьяўляецца надзвычай небясьпечнай гульнёй. На заклік Літвы ў сераду і была скліканая Рада бясьпекі. «Як мы бачылі ня раз, у тым ліку ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, вельмі лёгка выпусьціць джына падбухторваньня і нянавісьці, але значна цяжэй стрымаць яго пасьля», – сказала яна.

Рада бясьпекі ААН сабралася на пасяджэньне ў сераду, каб абмеркаваць даклад пра Ўкраіну, прадстаўлены ў ААН намесьнікам Генэральнага сакратара ў правах чалавека Іванам Шымановічам. У гэтым дакладзе гаворыцца, што этнічныя расейцы ва ўсходняй Украіне ілжыва сьцьвярджаюць аб пагрозе гвалту, каб апраўдаць умяшаньне Расеі. Шымановіч паведаміў Радзе, што напады на этнічных расейцаў ва Ўкраіне мелі месца, але яны не былі «ні сыстэматычнымі, ні шырока распаўсюджанымі».

«Гэта былі адзінкавыя выпадкі, якія затым былі перабольшаныя праз прадузятае асьвятленьне падзей у СМІ, што падагравала страхі і няўпэўненасьць сярод этнічнай расейскай супольнасьці», – сказаў ён.

Пастаянны прадстаўнік Расеі ў ААН Віталь Чуркін паўтарыў асуджэньне дакладу, заявіўшы, што ён старонны, аднабаковы і сфабрыкаваны, каб адпавядаць папярэдне сфармуляваным высновам.

Францускі пасланьнік Жэрар Аро палічыў, што «віртуальная рэальнасць» прапаганды Масквы была парушаная дакладам Шымановіча.

Амбасадар ЗША ў ААН Саманта Паўэр заявіла аб добра арганізаванай прафэсійнай кампаніі падбухторваньня, сэпаратызму і сабатажу ўкраінскай дзяржавы разам з расейскай дэзінфармацыяй і прапагандай, якія працягваюцца тыднямі.

«Мы заклікаем ААН працягваць аказваць незалежнае асьвятленьне становішча ва Ўкраіне і ня будзем спыненыя кампаніяй паклёпу і запалохваньня, што раскручваецца тымі, каму не падабаюцца факты, што аказаліся нязручнымі, і будзем прытрымлівацца ісьціны, якая пэўна абвяргае ілжывыя і самаапраўдальныя прэтэнзіі Расеі», – падкрэсьліла Саманта Паўэр.

У Расеі не было моцных прыхільнікаў у часе пасяджэньня Рады бясьпекі. Яе традыцыйны саюзьнік, Кітай, проста апісаў крызіс як «надзвычай складаны» і заклікаў да дээскаляцыі напружанасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG