Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура абвясьціла папярэджаньне яшчэ адной віцебскай журналістцы


Сьвятлана Сьцяпанава
Сьвятлана Сьцяпанава

Сьвятлане Сьцяпанавай абвешчана пракурорскае папярэджаньне наконт недапушчальнасьці супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. У пракуратуры палічылі, што журналістка без акрэдытацыі супрацоўнічае з замежным СМІ — беларускай службай «Польскага радыё для замежжа».

Віцебскі праваабаронца і сябар ГА БАЖ Павал Левінаў разам са Сьвятланай Сьцяпанавай наведаў абласную пракуратуру, куды выклікалі журналістку.

«Сьвятлану выклікалі нібыта па тлумачэньні. Аднак іх фактычна не было каму слухаць. Пракурор аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства Павал Зайцаў ужо на 15-й хвіліне нашага знаходжаньня ў пракуратуры заявіў, што журналіст замежнага СМІ ў Рэспубліцы Беларусь ня мае права працаваць без акрэдытацыі, і папярэдзіў пра магчымую адказнасьць па артыкуле 22.9. ч 2 КаАП („незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ“). І тут жа выйшаў у суседні пакой і прынёс гатовую пастанову аб вынясеньні папярэджаньня. Відаць, яна была падрыхтавана ўжо загадзя, бо пад дакумэнтам стаяў подпіс намесьніка пракурора вобласьці Георгія Каранько, якога мы сустрэлі, калі толькі заходзілі ў будынак, а ён зь яго ўжо выходзіў», — апавёў Павал Левінаў.

Сьвятлана Сьцяпанава кажа, што ў якасьці доказаў пракурор Павал Зайцаў паказаў ёй толькі раздрукоўкі з сайту. Ніякіх пратаколаў апытаньняў сьведкаў ці сьведчаньняў іншых сьледчых дзеяньняў журналістцы не паказалі.

Гэта ўжо трэцяе папярэджаньне Віцебскай абласной пракуратуры, вынесенае віцебскім журналістам на аднолькавай падставе. У жніўні 2012 году аб недапушчальнасьці супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ папярэджвалі цёзку па прозьвішчы Сьвятланы, журналістку Алену Сьцяпанаву, а ў верасьні 2013 году папярэджаньне атрымаў Уладзімер Жыгулоў — за супрацоўніцтва з газэтай «Витебский курьер», якая зарэгістравана ў Расеі.

Усе трое мелі гутаркі з пракурорам Паўлам Зайцавым, і атрымалі пастановы за подпісам намесьніка пракурора вобласьці Георгія Каранько.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG