Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцёвы шанец Дар’і Ліс


Дар’я Ліс
Дар’я Ліс

Перасячэньне мяжы з савецкіх часоў — нэрвовая працэдура. Для Дар’і Ліс паездкі за мяжу — рэдкасьць, у багажніку бацькавай машыны абавязкова ляжыць яе электравазок.

Нядаўні інцыдэнт запомніцца ёй надоўга: мытнікі прычапіліся да вазка (ён жа з акумулятарамі!), хаця потым прасілі прабачэньня.

Але стрэс застаўся асадкам у душы.

Дар’я Ліс жыве ў Залесьсі — тым самым, дзе «разьвітваюцца з Радзімай» пад моцныя акорды палянэзу Агінскага. Славутага палянэзу, напісанага, як лічыцца, у залескай сядзібе. Яна часам сумна жартуе: раней казалі, што журналіста кормяць ногі; у яе з нагамі дрэнна, але журналістка яна вельмі актыўная. Хаця ў сваім ЖЖ яна дадае, што яшчэ «празаік і трошкі паэт». Каб пісаць на радыё і ў газэту, у яе ёсьць творчы імпэт, клявіятура і сувязь з навакольным сьветам. Як піша Дар’я: «Жыву амаль на хутары, праўда, з хуткасным інэтам».

Залесьсе


Нашу размову мы якраз і пачалі з Залесься. Даша кажа, што вельмі любіць свой дом і ў адзін момант падумала, што жыць бяз соснаў, што навокал, будзе немагчыма, бо «гэта тваё».

Маёнтак Агінскага быў доўгі час у стане бясконцай рэстаўрацыі, але цяпер нарэшце зробленыя добрыя крокі наперад. У выніку супрацоўніцтва беларусаў, літоўцаў і Эўразьвязу зьявілася магчымасьць рэстаўраваць канцэртную залю ў палацы, а затым зрабіць рэстаўрацыю самога палацу і парка. Дар’я гаворыць: «У сакавіку ў гэтай залі адбыўся канцэрт: прыяжджалі артысты зь Літвы, чыталі вершы на розных мовах. Сабраліся цікавыя людзі, даўнія і новыя сябры Агінскага. Нашу сям’ю запрасілі — бацькі таксама ў сябрах Агінскага». Гэта ў пераносным сэнсе — пра людзей, якія яшчэ ў 1990-я гады зьбіраліся на дзень народзінаў кампазытара, якіх яшчэ зьбіраў Сяргей Верамейчык.

Бацькі Дар’і — Алег Пятровіч і Тамара Ўладзіміраўна Ліс. Мама доўгі час працавала ў школе настаўнікам і завучам. Пайшла на пэнсію раней — з-за праблемаў са здароўем дачкі, каб ёй дапамагаць і займацца больш домам. Бацька займаецца вытворчасьцю, робіць дзьверы.

Адзін з прыемных клопатаў Дашы — сайт, які распавядае пра Залесьсе.

Ліфт

Яна скончыла ў Менску пэдагагічны ўнівэрсытэт імя М. Танка. У школе яе цікавілі француская мова і журналістыка. Але ў лінгвістычным не было ліфта, завочнага аддзяленьня францускай мовы таксама. У БДУ ліфт не працаваў. А ў пэдагагічным ён дзейнічаў. Выбрала беларускую філялёгію і культуру. Скончыла ўнівэрсытэт завочна. Езьдзіла з бацькамі на машыне здаваць іспыты. На лекцыях была толькі аднойчы. Сапраўдная падзея!

Цябе чытаюць


Не адразу, але ўдалося знайсьці сябе, стала пісаць для «Новой газеты Сморгони». Але выданьне было прыватным, і яго закрылі. Адшукаць такі ўдалы варыянт яшчэ раз было вельмі цяжка. А потым у яе жыцьці зьявіўся штотыднёвік «Свободные новости плюс», а затым і «Радыё Рацыя», дзе яна мае свой блог.

Даша прызнавалася: «Мне проста далі шанец, магчымасьць вучыцца, працаваць, вырвацца з чатырох сьценаў, зрабіць штосьці добрае, паверыць, што я — магу». Канечне, ня ўсё магчыма: паехаць працаваць у «гарачыя кропкі» ці пайсьці на апазыцыйны мітынг — не атрымаецца, як канстатуе сама Даша. Бо перамяшчацца ў прасторы яна можа толькі ў электракалясцы.

У красавіку на «Радыё Рацыя» ўжо былі разьмешчаныя некалькі яе публікацый. Пра беларусаў, пра сваю краіну і ня толькі, пра яе ўласнае стаўленьне да падзеяў, якія хвалююць. Даша піша сьцісла, лірычна, вельмі неабыякава, асабіста і запамінальна.

Астравецкая АЭС


Адзін з апошніх тэкстаў Дашы Ліс прысьвечаны будоўлі ў суседнім Астравецкім раёне, дзе будзе атамная станцыя. Ці ня будзе, ня здолеюць пабудаваць?.. Што для журналісткі такая будоўля зусім пад бокам?

Ліс: «Я хвалююся — безумоўна, гэта можа быць пагроза для экалёгіі. Таму што гэта — экспэрымэнтальны праект, мы ведаем. Мы ня ведаем, дзе працуюць дакладна такія АЭС. Падрадчык расейскі, а значыць ад энэргетычнай залежнасьці мы не пазбаўляемся. Магчымая пагроза для экалёгіі турбуе таксама іншых. Спадзяюся, у іх ня хопіць грошай... ёсьць такое спадзяваньне. Таму што ўявіць, што яна будзе, — страшна. Памятаю пра Чарнобыль, пра тэхнічныя савецкія недапрацоўкі. Мець АЭС у ваколіцах — гэта не падвышае настрой».

Ёй марыцца бачыць родныя мясьціны іншымі. Напрыклад, нарэшце пачаў ажываць аграэкатурызм. Што будзе зь ім? Ці захочуць людзі адпачываць у ваколіцах атамнай станцыі?..
Дар'я Ліс
Дар'я Ліс

Вільня

Старасьвецкая Вільня — самы блізкі да Залесься зь вялікіх гарадоў. Для Дашы Вільня — гэта найперш успаміны зь дзяцінства. Калі яна яшчэ сама хадзіла па вуліцах, узяўшыся за рукі з мамай і татам.

Ліс: «Была ў горадзе некалькі разоў з бацькамі і пазьней доўгі час не магла туды паехаць. І калі мне было 28 год, вырашыла на дзень народзінаў зрабіць сабе падарунак. Атрымала некалькі ганарараў і падгаварыла бацькоў паехаць на пару дзён. Яны малайцы, авантурысты ў мяне, паддаюцца на такія прапановы. Жылі ў файным гатэлі ў старым горадзе, гулялі. Вільня — таксама няпросты горад у перамяшчэньнях, ён „бар’ерны“, у гістарычнай частцы вельмі мала пандусаў. Але ён цікавы, прыгожы і, мне здаецца, жывы».

Пра Вільню ў Дашы ёсьць верш:
«За пару крокаў ад Вострай Брамы»
«Яна ў гатэлі шукала Wi-Fi...
Беспасьпяхова!
Тэхнічныя штучкі — такія тэхнічныя...
Затое — сустрэча зь сяброўкай,
Старое места,
Кавярні,
Восень,
Глінтвэйн
І дождж... ізноўку
Іду пад Вострай Брамай,
Слухаю горад —
І бачу двух маладых таткаў
Зь гітарамі за сьпінай
І дзеткамі ў „кенгуру“.
Так кранальна,
Такія харошыя маладыя вочы...
Узгадала — заўжды недарэчы! — твае...
Іскрыста-сінія! — і раптам падумала,
Які б ён быў — наш хлопчык?
Заўжды недарэчы.
Ізноў небясьпечна.
А так было проста
Усё,
Зразумела,
Спакойна
І добра
Раскладзена па палічках.
Пару думак таму,
Пару хвілінак...
За пару крокаў ад Вострай Брамы
Зусім не патрэбен Wi-Fi».

Мора


Беларусам не хапае мора. Многія прагнуць яго, стараюцца пабываць на прыморскім курорце, хаця б нават не ў сэзон. Даша Ліс — не выключэньне. Толькі што для яе мора перад вачыма робіцца ў тысячу разоў больш каштоўным. Яна рэдка бачыць мора, але вельмі яго любіць.

Ліс: «Вельмі люблю. Апошнім часам езьдзім на Балтыку. Палюбіла вельмі моцна. А Крым застаўся ў дзяцінстве. Дзякуй за тое, што ён быў, але ехаць у рускі Крым няма ніякага жаданьня».

Мы паразмаўлялі. І кожны напіша потым сваё. Як яна выбірае для сябе наступную тэму?

Ліс: «Часта ў жыцьці я кіруюся вершам Алеся Разанава: „Куды? Адкуль? Маўчаньне... Ня дасьць адказу час. Стаю — і сам пытаньне, іду — і сам адказ“. У нядзелю пішу па выніках мінулага тыдня. Фэльетон або эсэ. Яшчэ кубак кавы, пагартаю інтэрнэт...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG