Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Курапатаў будзе лазьня і «грыль-альтанкі»


У Бараўлянскім сельскім савеце ад сёньня выстаўлены на азнаямленьне грамадзкасьці праект дэталёвага плянаваньня тэрыторыі вакол урочышча Курапаты.

Шырокая грамадзкасьць мае магчымасьць пабачыць праект цягам двух дзён: 17 сакавіка а 15 гадзіне адбудзецца ягоная афіцыйная прэзэнтацыя. Сябра ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька, кажа, што пазнаёміўшыся з праектам дэталёвага плянаваньня сябры ініцыятывы зрабілі наступныя высновы:

«Мы спадзяваліся, што пабачым праект плянаваньня будучай забудовы з боку гандлёвага комплексу „Экспабэл“. Аднак перадусім у праекце пазначаны праект рэканструкцыі дарогі Заслаўе-Калодзішчы, дзе на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў заплянаваная сажалка. З боку „Экспабэлу“ вядома толькі пра стаянку аўтамабіляў і яна таксама мусіць разьмясьціцца на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. Галоўным жа чынам у выстаўленым праекце пададзеная забудова тэрыторыі так званага „Бульбаш-холу“, які ўжо ўзьведзены. Гэткім чынам, улады і забудоўнікі, так бы мовіць, заднім чыслом спрабуюць пазнаёміць грамадзкасьць з будаўніцтвам забаўляльнага комплексу. Але акрамя ўжо забудаванага, прапануюць пазнаёміцца з плянамі ўзьвядзеньня на плрошчы 50 мэтраў, на якую была зьменшаная тэрыторыя ахоўнай зоны Курапатаў, лазьні, „грыль-альтанак“, дзіцячых пляцовак. Мы разглядаем гэта, як асаблівы цынізм: пакінуўшы рэстарацыю, забудоўнікі плянуюць арганізаваць яшчэ і месцы для засмажваньня шашлыкоў ужо ня побач, а на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў, якой яна заставалася да нядаўняга часу».

Паводле Ганны Шапуцькі, сябра ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» плянуюць прыняць удзел у прэзэнтацыі праекту, каб выказаць пратэст новым плянам забудовы каля Курапатаў і заклікаюць далучацца да ініцыятывы ўсіх неабыякавых людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG