Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1984


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1984 год. Беларускія праграмы Радыё Свабода гучаць у эфіры ўжо 30 гадоў. Аб’ём штодзённага вяшчаньня ўлучна з паўторамі — 3 гадзіны. Няшчаднае глушэньне перадачаў працягваецца, аднак голас Свабоды сям-там знаходзіць прагалы ў лябірынтах эфіру. Паводле штогадовага агляду слухацкай аўдыторыі, 40 працэнтаў апытаных беларускіх слухачоў паведамілі, што чутнасьць перадачаў задавальняючая.

Дарэчы, у апытаных беларусаў назіраўся самы высокі сярод слухачоў усіх нерасейскіх праграмаў Свабоды працэнт тых, хто ацаніў перадачы Радыё як «вельмі добрыя». У бальшыні камэнтароў адзначалася «добрае асьвятленьне жыцьця і падзеяў у СССР». Разам з тым у Беларусі аўдыторыя Радыё Свабода была найменшая ў параўнаньні зь іншымі падсавецкімі рэспублікамі — паводле кампутарных разьлікаў перадачы радыё мінімум раз на тыдзень слухалі 9 працэнтаў жыхароў Беларусі старэйшыя за 16 гадоў.


«Некалі я думаў, што Радыё Свабода і Голас Амэрыкі — гэта тая самая станцыя. Але гадоў сем-восем таму я зразумеў, што Радыё Свабода — гэта нешта зусім іншае і што яно мае таксама беларускія праграмы. Таму я перастаў слухаць Голас Амэрыкі і засяродзіўся на Свабодзе. Гэтая станцыя ўсе гэтыя гады была маім добрым сябрам» (Лекар, 40 гадоў).

«Я слухаю Радыё Свабода, бо яно вяшчае па-беларуску. Я нават ніколі не спрабаваў слухаць іншыя станцыі. У Свабоды вельмі цікавыя праграмы, у якіх падаецца разнастайная інфармацыя, якую мы ня можам атрымаць з нашых газэтаў і радыё. Уражвае інфармацыя пра СССР, а таксама апэратыўная служба навінаў і выдатныя палітычныя камэнтары» (Інжэнэр, 42 гады).

«Я слухаю заходняе радыё, бо яно перадае інфармацыю, якую я б не даведаўся зь іншых крыніцаў. Я слухаю беларускія праграмы, каб даведацца, як жывуць мае суродзічы ў іншых частках сьвету» (Службовец, 35 гадоў).

«Я слухаю заходнія радыёстанцыі, бо згаладаўся па сапраўднай інфармацыі. На маю думку, важна знаць, што адбываецца вакол цябе. Радыё Свабода заахвочвае думаць сваёй галавою. Яно перадае шмат інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі і СССР» (Інжэнэр, 33 гады).

***

Сёньня мы працягваем сэрыю ўспамінаў нашых колішніх супрацоўнікаў. Гэтым разам у нас у гасьцях — Ася Левіна, якая працавала ў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Мюнхэне ў 80-90-х гадох. Яна выступала на нашых хвалях пад імем Ася Ігнацёнак. Калі пачалося яе супрацоўніцтва з Радыё Свабода?

«Маё супрацоўніцтва з Радыё Свабода пачалося, можна сказаць, у дзяцінстве. Бо ў 1949 годзе мае бацькі, настаўнікі, атрымалі працу ў мястэчку Любань тады Бабруйскай, а пазьней Менскай вобласьці. Нейкі час мы жылі ў паўпустой хаце. Маці, ясна, марыла аб шафе ды аб канапе. І вось аднойчы мой бацька ўзяў дзіцячыя санкі, паклікаў мяне, а мне было тады недзе 9 гадоў, і мы пайшлі да крамы, дзе набылі ня шафу і не канапу, а батарэйны радыё прыёмнік. І ад таго часу кожны вечар я засынала пад гукі глушылак, празь якія прабіваліся галасы дыктараў розных замежных станцыяў, у тым ліку — калі ўжо была створаная „Свабода“ — дык і „Свабоды“. Нашы бацькі наогул не хаваліся ад дзяцей, як гэта часта было ў савецкіх сем’ях. Яны абмяркоўвалі палітычныя падзеі і вучылі нас разумець праўду, але, ясна, маўчаць, не гаварыць, дзе ня трэба».

Ася Левіна працягне свае ўспаміны крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 1984 году. Фрагмэнт выпуску навінаў. Ля мікрафона — Ася Ігнацёнак...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00
Наўпроставы лінк


***
Год 1984 у сьвеце

Палітыка

Злучаныя Штаты ўсталёўваюць дыпляматычныя дачыненьні з Ватыканам. — У Веку 69 гадоў памірае генэральны сакратар ЦК КПСС Юры Андропаў, яго зьмяняе на пасадзе 72-гадовы Канстанцін Чарненка. — Акадэмік Сахараў распачаў галадоўку пратэсту. — Савецкі Саюз і 13 краінаў сацыялістычнага лягеру байкатуюць алімпіяду ў Лос-Анджэласе. — Прэм’ер міністра Індыі Індзіру Гандзі забіваюць два яе целаахоўнікі. — Роналд Рэйган паўторна абіраецца прэзыдэнтам ЗША.

Навука i тэхналёгія

Джо Кітынгер пералятае Атлянтыку на шары, напоўненым геліем. — Кампанія Эпл выпускае новы пэрсанальны кампутар Макінтош. — Ідэнтыфікаваны вірус СНІДу.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная чэскаму паэту Яраславу Зайфэрту.

Песьня году — Smooth Operator /Sade.

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Ася Левіна — або Ася Ігнацёнак — распавядае пра свой далейшы лёс і пра пачаткі працы на радыё.
Ася Левіна (Ася Ігнацёнак)
Ася Левіна (Ася Ігнацёнак)
«А ў 1972 годзе пасьля цяжкай барацьбы з уладамі мы — уся наша сям’я, і бацькі, і я ўжо тады была зь сям’ёй — усе пакінулі Савецкі Саюз і ад’ехалі ў Ізраіль. І недзе на пачатку 1982 года я выпадкова даведалася — ня памятаю дакладна, з амэрыканскай ці расейскай прэсы — аб тым, што Беларуская рэдакцыя „Свабоды“ шукае супрацоўнікаў. Ну а далей усё было як звычайна. Я паслала ліст, атрымала прапанову напісаць два радыёартыкулы — скрыпты, як мы гаворым. Адзін на тэму міжнароднай палітыкі, другі на савецкую ўнутрыпалітычную тэму. Трэба было нагаварыць гэтыя тэксты на стужку ды даслаць на „Свабоду“. Гэта быў час польскага дысыдэнцкага руху пад кіраўніцтвам прафсаюзу „Салідарнасьць“, дык я напісала пра Польшчу, бо ведала польскую мову і неяк мы былі з мужам у Польшчы, пражылі там месяц у нашых польскіх сяброў, так што да абстрактнай палітычнай сытуацыі я дадала свае асабістыя ўражаньні, яны былі вельмі актуальнымі. А ўнутрыпалітычная тэма была, зразумела, беларуская. Потым мяне выклікалі на трохтыднёвы тэст. Тэст быў цікавы. Прыкладам, мне паказалі такія радкі ў газэце „Советская Белоруссия“, дзе гаварылася дакладна наступнае: „Беларуская прафсаюзная дэлегацыя выехала ў Балгарыю“. І вось на гэтую тэму мне запрапанавалі сьпешна напісаць артыкул на сем хвілін. Даводзілася рабіць на тэсьце і іншую незнаёмую для мяне працу, напрыклад, навіны. Але галоўнае было — палітычны камэнтар. Праз два тыдні мне паведамілі, што на працу бяруць. І з 1983 да 1995 года а й працавала ў Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода».

Госьць нашай перадачы — Ася Левіна, якая ў 80-90-х гадох выступала на нашых хвалях пад псэўданімам Ася Ігнацёнак. А зараз — зноў наш архіў. У 1984 годзе ў Савецкім Саюзе працягвалася жорсткае глушэньне перадачаў Радыё Свабода і дзясятка іншых радыёстанцыяў. З аўтэнтычнага эфіру 1984 году паслухайце фрагмэнт перадачы з тэхнічнымі парадамі — як змагацца з глушэньнем...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:19 0:00
Наўпроставы лінк


***
1984 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Адкрытая першая лінія Менскага мэтрапалітэну — ад станцыі Інстытут Культуры да станцыі Маскоўская.
• Кампазытару Яўгену Глебаву прысвоенае званьне народнага артыста СССР.
• Уведзеныя ў строй Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне і Маладэчанскі завод парашковай мэталюргіі.
• У Горадні збудаванае новае лётнішча.

Менскі эфір 1984 году. Урывак рэпартажу з кастрычніцкай дэманстрацыі...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:12 0:00
Наўпроставы лінк


***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — колішняя супрацоўніца нашага радыё Ася Левіна, якая ў 1983-1995 гадох працавала ў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Мюнхэне.

«Нам замежная прэса таксама давала шмат цікавых матэрыялаў на ўсе гэтыя тэмы. Нашыя супрацоўнікі іх перакладалі і пускалі ў эфір. Акрамя таго на радыё існавалі выдатныя архівы. Маёй працай было аналіз-камэнтар ды прагноз палітычных падзеяў на Беларусі, у Прыбалтыцы, у Заходняй Эўропе, і яшчэ я вяла некаторыя праграмы, прыкладам „Расейскі пасьянс“ (палітыка Масквы), вяла эканамічную праграму і паштовую праграму „Дыялёг“ — адказвала на лісты, якія прыходзілі з усяго сьвету. Хаця часам даводзілася і перакладаць, і рабіць навіны. Я многа карысталася архівамі ды яшчэ вяла і свой. Акрамя таго шмат супрацоўнічала з расейскай службай „Свабоды“ ды зь мюнхэнскім рускамоўным часопісам „Страна и мир“, дзе ў 1987 годзе надрукавала артыкул „Бунт у гарэме“, прысьвечаны пытаньню нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, і, як я разумею, гэтае пытаньне да сёньня застаецца найбольш балючым для беларускага народу. Яшчэ супрацоўнічала з выдатнай беларускай пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч. Яе творы перакладаюцца літаральна ва ўсім сьвеце — ад Амэрыкі да Японіі.Але, як гаворыцца, няма прарока ў сваёй айчыне. Толькі ў Беларусі яе не жадалі прызнаваць, а кнігу Сьвятланы аб Афганістане „Цынкавыя хлопчыкі“ нават судзілі — зусім як у змрочныя часы эўрапейскай інквізыцыі. Я ў той час вяла і камэнтавала гэты ганебны працэс. А ў 1994 годзе — праз 22 гады адсутнасьці — прыехала на Беларусь, каб камэнтаваць працу кангрэсу міжнароднай пісьменьніцкай арганізацыі ПЭН-клюбу, а потым працавала ў бюро „Свабоды“ ў Менску. Гэта ўжо быў час незалежнасьці, якраз напярэдадні выбараў, у выніку якіх прэзыдэнтам зрабіўся Аляксандар Лукашэнка».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт перадачы аб параненых афганскіх партызанах...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:21 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG