Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка імкнецца заняць нішу пасярэдніка, — Янукевіч


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што выступае «катэгарычна супраць фэдэралізацыі Ўкраіны». Ён адзначыў, што «штурхаць Украіну на фэдэралізацыю цяпер, гэта вельмі небясьпечна ўсім: Беларусі, Расеі і Захаду».

Лукашэнка прызнае легітымнасьць Аляксандра Турчынава і Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Аб гэтым Лукашэнка заявіў у інтэрвію тэлеканалу «НТВ».

Камэнтуючы гэтыя заявы старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што Лукашэнка «імкнецца заняць нішу пасярэдніка паміж Кіевам і Масквой»:

«Насамрэч гэта ніша існуе і яна сёньня нікім не занятая. Захад такім пасярэднікам выступаць ня можа, бо цалкам пасвараны з Расеяй. Лукашэнка знаходзіцца ў кепскіх стасунках з Захадам, аднак мае дастаткова добрыя адносіны з новай украінскай уладай. І гэтыя выказваньні мусяць яшчэ палепшыць такія адносіны.
Другі матыў такіх заяваў палягае ў тым, што нармалізацыя сытуацыі ва Ўкраіне адпавядае інтарэсам і беларускай дзяржавы. Бо калі Расеі ўдасца ажыцьцявіць найгоршыя сцэнары, раскалоць Украіну, захаваць дэстабілізацыю ва Ўкраіне, то гэта стварае абсалютна рэальныя пагрозы для беларускай эканомікі. І наогул для беларускай нацыянальнай бясьпекі. Лукашэнка гэта разумее і, наколькі гэта ў ягоных сілах, імкнецца рабіць заявы, якія б спрыялі нармалізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.

Яшчэ адна заява, што Беларусь расейскамоўная і тут няма каго бараніць. Гэта такі сродак інфармацыйна абараніць і сябе, і беларускую дзяржаву ад думак, якія могуць існаваць ў Крамлі — прыйсьці абараняць са зброяй. Прыйсьці ўжо не ў якасьці саюзьнікаў, а у якасьці агрэсараў. Таму гэта заява зроблена прэвэнтыўна, каб патэнцыйна абараніцца ад магчымасьці такога сцэнару».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG