Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вiтамiн D можа прадухiлiць рак


Адзін з самых спэцыфічных вітамінаў, паводле асьцярожных прагнозаў, можа дапамагчы ў змаганьні з ракам

Тэхнiчна кажучы, вiтамiн D (кальцыферол) ня ёсьць вітамiнам, бо ён сынтэзуецца ў чалавечым арганiзме пад узьдзеяньнем сонца. Па вызначэньні вiтамiны ня могуць быць сынтэзаваныя ў арганізьме i павiнны паступаць у яго зь ежай. Больш слушна было б аднесьцi гэты элемэнт да катэгорыi гармонаў — рэчываў, што выпрацоўваюцца ў арганізме i стымулююць пэўныя клеткі або тканкі да дзеяньня. Так, напрыклад, засваеньне кальцыю i фосфару ўвогуле немагчымае без прысутнасьцi вiтамiну D.

У летнi час вiтамiн D сынтэзуецца ў скуры пад узьдзеяньнем сонца. Узiмку як эўрапейскiя, так i амэрыканскiя ўстановы, адказныя за здароўе насельнiцтва, рэкамэндуюць спажываць яго ў выглядзе сынтэтычнага вiтамiну ў дазiроўцы ня менш за 10 мкг/дзень, бо дасягнуць аптымальнага ўзроўню гэтага элемэнта праз харчаваньне практычна немагчыма.

Крынiцы вiтамiну D

Добрая крынiца вiтамiну D — печань траскi, а таксама тлустая рыба кшталту ласося, селядца i скумбрыi. Акрамя таго, ён прысутнiчае ў мясе, яйках i малочных прадуктах, але ў значна меншай ступенi. Нiжэй прыведзеныя найлепшыя крынiцы гэтага вiтамiну.

Печань траскi (15 г): 50 мкг
Ласось гатаваны (125 г): 12 мкг
Селядзец (1 шт, прыкладна 40 г): 11 мкг
Скумбрыя вэнджаная (порцыя 40 г): 3 мкг
Яйка (1 шт): 0.8 мкг
Масла (5 г): 0.1 мкг


Функцыi вітаміну D

спрыяе падтрыманьню нармальнай функцыі цягліц;
спрыяе добраму стану зубоў;
спрыяе падтрыманьню нармальнай функцыі імуннай сыстэмы;
спрыяе працэсу падзелу клетак;
спрыяе нармальнаму ўзроўню кальцыю ў крыві;
неабходны для нармальнага росту і разьвіцьця касьцей у дзяцей;
спрыяе падтрыманьню здаровых касьцей;
спрыяе нармальнаму засваеньню i ўтылізацыі кальцыю і фосфару.

Дэфіцыт вітаміну D у дзяцей можа выклікаць рахіт. Гэта захворваньне зьвязана з анамаліямі касьцявой сыстэмы. У дарослых і пажылых дэфіцыт вітаміна D зьвязаны са стратай касьцяной масы (астэапароз) і / або слабасьцю цяглiц.

Вітамін D3 і вітамін D2

Вітамін D3 выпрацоўваецца ў скуры і знаходзiцца ў шэрагу харчовых прадуктаў жывёльнага паходжаньня, такiх як гатункi тлустай рыбы, мяса, яйкi, малочныя прадукты. Вітамін D2 сынтэзуецца (у нязначных колькасьцях) у прадуктах расьлiннага паходжаньня, такiх як грыбы i дрожджы, пад узьдзеяньнем ультрафiялетавага апраменьваньня.

Сынтэтычны вітамін D выпускаецца ў дзьвюх формах: холекальцыферол, альбо вітамін D3, і эргакальцыферол, альбо вітамін D2. Абедзьве формы зьяўляюцца актыўнымі, але вітамін D3 засвойваецца лепш, чым D2. Вітамін D, дарэчы, лепш за ўсё засвойваецца з некаторай колькасьцю тлушчу.

Колькi вітаміну D нам неабходна?

Для ўсіх рэкамэндаваная дзённая доза вітаміна D складае 10 мкг. Асобам старэйшым за 70 гадоў патрэбна 20 мікраграмаў у дзень.

У летнi час вiтамiн D сынтэзуецца ў скуры пад узьдзеяньнем сонца. Як улетку, так i ўзiмку, наступным катэгорыям грамадзян настойлiва рэкамэндавана прымаць сынтэтычны вiтамiн D у дазіроўцы 10 мкг на дзень:

Дзеці ва ўзросьце ад 0 да 4 гадоў
Жанчыны ад 50 да 70 гадоў
Цяжарныя жанчыны
Асобы да 70 гадоў з цёмнай скурай
Асобы да 70 гадоў, якiя атрымлiваюць недастаткова сонечнага сьвятла


Усiм асобам ва ўзросьце 70 гадоў і старэй рэкамэндуецца дадаткова прымаць 20 мікраграмаў вітаміну D на дзень.

Дарэчы, у ЗША i некаторых iншых краiнах вітамін D прынята вымяраць у так званых мiжнародных адзiнках, скарочана IU. Біялягічная актыўнасьць 40 IU роўная 1 мкг вітаміна D.

Вітамін D i рак

Апошнім часам навукоўцы актыўна вывучаюць уплыў вітаміна D на разьвіцьцё злаякасных пухлін. Навукоўцы імкнуцца быць вельмі асьцярожнымі ў сваёй інтэрпрэтацыi дасьледаваньняў. Хаця дакладныя суадносіны паміж вітамінам D і карцынагенэзам застаюцца незразумелымi, вучоныя з пэўнай доляй упэўненасьцi гавораць аб тым, што нармальны статус вітаміну D зьяўляецца фактарам, які, магчыма, прадухiляе ўзьнікненьне раку. У прыватнасьці, гэта датычыцца раку малочнай залозы ў жанчын у пэрыяд да менапаўзы, раку кішэчніка і раку прастаты ў пацыентаў з групы нізкай рызыкі. На падставе клінічных дасьледаваньняў былі таксама зробленыя высновы, што пацыенткі з ракам малочнай залозы маюць больш высокі шанец на выжываньне, калі ў іх больш высокі ўзровень вітаміну D у крыві.

Ёсьць падставы меркаваць, што недахоп вітаміну D можа граць ролю ў разьвіцьці аўтаiмунных захворваньняў і хваробаў сэрца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG