Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пострэвалюцыйная Ўкраіна: запрашаем у пустыню рэальнасьці


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Паводле апошняга апытаньня, праведзенага ва Ўкраіне чатырма паважанымі дасьледнымі цэнтрамі, найбольшыя шанцы на перамогу на маючых адбыцца 25 траўня прэзыдэнцкіх выбарах мае палітык і бізнэсовец Пётар Парашэнка. За яго гатовы прагаласаваць кожны чацьверты ўкраінец, рэйтынгі галоўных яго канкурэнтаў на момант правядзеньня апытаньня – Віталя Клічка і Юліі Цімашэнкі – не дацягвалі і да 10%, а цяпер, пасьля таго, як Клічко зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Парашэнкі, шанцы апошняга на перамогу павялічыліся яшчэ больш.

Зразумела, за амаль што два месяцы народныя настроі могуць істотна зьмяніцца, ды і пасада прэзыдэнта паводле новай украінскай Канстытуцыі – зусім не такая паўнаўладная, як была пры Януковічу. Справа не ў прагнозе, а ў канстатацыі – хто ж аказаўся кумірам пострэвалюцыйнай Украіны, хто стаў, перафразуючы Леніна, «люстэркам украінскай рэвалюцыі».

На словы, што час Гавэлаў і Валэнсаў на постсавецкай прасторы мінуў, многія крыўдзяцца. Але вось жа Парашэнку ня Пуцін на танку прывёз. Рэвалюцыйны народ выбірае. Існуюць жа альтэрнатывы – лідэры ўплывовых палітычных партый, якія ў вачах многіх увасаблялі Майдан, харызматычная Юлія Цімашэнка, бліскучыя прамоўцы, бясстрашныя самаадданыя героі Майдану – на любы густ.

А чаму ж аказаўся больш да спадобы шакалядны «кароль»?

Справа нават не ў багацьці «ўладальніка заводаў, газэт, параходаў», а ў ягоным пакручастым палітычным шляху. «Банду – гэть!» – было галоўным лёзунгам Эўрамайдану. Дык усяго 2 гады таму наш герой быў далёка не апошнім чальцом гэтай самай «банды», міністрам эканамічнага разьвіцьця ва ўрадзе Азарава. А у 2000 годзе Пётар Парашэнка быў адным са стваральнікаў той самай Партыі рэгіёнаў, якая да ўцёкаў Януковіча была палітычным апірышчам прэзыдэнта.

Так, было ў біяграфіі Пятра Парашэнкі і іншае: распляваўся з Кучмам, перайшоў на бок Юшчанкі, пры дапамозе свайго «5 каналу» інфармацыйна падтрымліваў першы Майдан, займаў высокія пасады пры прэзыдэнце Юшчанку, пасьля 2012 году, сышоўшы зь міністраў ва ўрадзе Азарава і распляваўшыся з Януковічам, перайшоў у апазыцыю, стаў лідэрам Эўрамайдану «другога эшалёну», так бы мовіць.

Гэта ўсё – зусім не ў дакор палітыку, менш за ўсё хочацца строіць зь сябе маральнага судзьдзю. Гэта да таго, што калі ранейшая ўлада і цягнула на ролю «князёў цемры» адно ў своеасаблівым рэвалюцыйным псыхалягічным стане, то цяперашні кумір рэвалюцыйных масаў на ролю бескампраміснага «воіна сьвятла» ня цягне ніяк. Прычым, усе апісаныя вышэй крутыя павароты палітычнага шляху Парашэнкі ні для каго ва Ўкраіне не сакрэт, «бачилы очи, що купувалы», як там кажуць.

Ці азначае сказанае, што Парашэнка стане Януковічам-2? Не, зусім не. Справа ня ў тым, што жыла была мілая эўрапейская краіна, прыйшоў Януковіч – паручык Ржэўскі – «и все опошлил». Алігархічная сыстэма асабліва не зьмянялася ва Ўкраіне з часоў здабыцьця незалежнасьці, Януковіч спрабаваў парушыць яе «паняцьці» – не балянсаваць паміж існымі алігархічнымі кланамі, а стварыць уласны і падмяць пад сябе астатніх. За што і паплаціўся. Парашэнка такую памылку ня зробіць. Будзе дзейнічаць строга па «паняцьцях». Як казаў цар Аляксандар I пасьля забойства яго бацькі Паўла I: «Пры мне ўсё будзе, як пры бабулі». Вось так прыкладна і будзе.

Ніякіх асаблівых жахаў і рэйдэрства, але і ніякіх скачкоў «з царства неабходнасьці ў царства свабоды». Ну можа красьці крыху менш будуць. Але, здаецца, не кардынальна менш. Карупцыя ў постсавецкіх краінах – гэта ж не маральная хіба асобных кепскіх чыноўнікаў, гэта асаблівасьць самой «тканіны» грамадзкага быцьця, «клей», які склейвае соцыюм у адзінае палітычнае цэлае, у нацыю, калі заўгодна. Дарэчы, прызначэньне алігархаў Сяргея Таруты губэрнатарам Данеччыны, а Ігара Каламойскага – Днепрапятроўшчыны – яскравы таму доказ.

Можна ня верыць розным кампраматным сайтам, не падзяляць рэакцыю Пуціна наконт Каламойскага («самога Абрамовіча абдурыў»), але тое, што ня Гаўлы абодва, неяк зразумелым падаецца без глыбокіх дасьледаваньняў. Але пра чысьціню і дэалігархізацыю прыгожа казаць на Майдане. А калі ў тваіх руках улада, але і адказнасьць, а тут яшчэ і «зялёныя чалавечкі» ў Крыме, і Ўсход гарыць, то зразумела, што на самыя небясьпечныя ўчасткі кідаюць людзей з рэальным аўтарытэтам. Рэальных аўтарытэтаў, словам. А няма вось іншых. У марах ёсьць, у рэальнасьці няма.

Гэтак і ў выбары Парашэнкі ўкраінскі народ дэманструе той жа рэалізм. Так, адзін зь лідэраў Майдану, але не галоўны, таму такі, які з Майданам ня цалкам атаясамляецца, які да таго ж быў наверсе і да Майдану. І быў бы і без Майдану.

Тое, што Парашэнка – лідэр нацыянальнага рэйтынгу, сьведчыць, што Майдан быў справай не адно «западэнцаў-бандэраўцаў», на ўсходзе Ўкраіны «майданавец» Парашэнка, дарэчы, таксама першы. Але выбар на карысьць менавіта Парашэнкі дэманструе, што словы пралетарскага гімну «дашчэнту, а потым...» – зусім ня тое, чаго хоча ўкраінскі народ у цэлым.

Дарэчы, яшчэ адно забаўнае назіраньне. Калі Юлію Цімашэнку прызначалі прэм'ерам у 2005 годзе, яна абяцала прынесьці беларусам крыху «аранжавай» рэвалюцыі. Недзе праз год прэзыдэнт Юшчанка стаў хіба ня самым пасьлядоўным лябістам Лукашэнкі на міжнароднай арэне. Пасьля сёлетняй перамогі Эўрамайдану галасы пра тое, што тыраніі ў Расеі і Беларусі наступныя, гучалі таксама. Тут і месяца не спатрэбілася, каб кіраўнік рэвалюцыйнай Украіны Турчынаў паехаў да тырана-Лукашэнкі. Хуценька так.

Беларусь шмат у чым ад Украіны адрозная, ва Ўкраіне ўлада зьмянілася, у Беларусі зьмена – прадмет мараў адных і страху іншых. Парадокс, але чым большая дыстанцыя ад гэтых мараў да рэальнасьці, тым больш у тых марах сабе можна дазволіць: а ў нас гэта будзе вельмі прыгожа. Але чым карысны, апроч усяго іншага, украінскі як рэвалюцыйны, гэтак і пострэвалюцыйны досьвед, дык гэта напамінам, што менавіта посьпех, перамены – гэта сардэчнае запрашэньне ў пустыню рэальнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG