Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суздальцаў: Авіягрупоўка зь Беларусі выйграла б вайну на працягу сутак


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Якую ролю ў выпадку вайны Расеі з Украінай магла б адыграць расейская авіягрупоўка, сканцэнтраваная ў Беларусі? Свой адказ на гэтае пытаньне ў перадачы «Праскі акцэнт» прапанаваў расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў.

Дракахруст: Дыпляматычная пазыцыя Менску дапускае розныя інтэрпрэтацыі. Але што здаецца відавочным, дык гэта тое, што зараз робіцца больш шчыльным ваеннае супрацоўніцтва паміж Менскам і Масквой. У сувязі з гэтым — наколькі імавернымі вам падаюцца апэрацыі расейскай арміі (магчыма, і з удзелам беларускіх вайскоўцаў) адносна Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі? Сам Лукашэнка такі варыянт адмаўляе — паводле Турчынава менавіта гэта яму сказаў кіраўнік Беларусі пры сустрэчы. Але ў жыцьці рознае бывае: сёньня паабяцаў — заўтра выканаць абяцанае ня змог.

Зразумела, што гэта ўмоўнасьць унутры ўмоўнасьці: невядома, ці прыме Расея рашэньне пра вайсковую апэрацыю. Але калі так, то нягледзячы на словы Лукашэнкі ці застаецца магчымасьць удару па Ўкраіне зь Беларусі?
Суздальцаў: Так, вядома, застаецца. Расея ня зробіць ані кроку першай. Зараз войскі, сканцэнтраваныя на мяжы з Украінай, пачынаюць пакрысе адводзіць. Была перасьцярога, што кіеўскае кіраўніцтва кінецца на злом галавы ў нейкую правакацыю, калі завяршалася сытуацыя вакол Крыму. Зараз крымская эпапэя скончаная, гэтыя войскі ня надта патрэбныя, напружанасьць зьнізілася.

Але ёсьць адчуваньне, што канфлікт можа быць. За апошнія два тыдні ўкраінцы здолелі шмат зрабіць, яны здолелі перадысьлякаваць свае ўзброеныя сілы, найперш бронетанкавыя часткі, на ўсходнюю мяжу Ўкраіны з Расеяй. І на паўночна-ўсходнюю мяжу. Сумская вобласьць на мяжы з Расеяй уражаная колькасьцю ўкраінскіх танкаў. Я размаўляў з людзьмі, якія адтуль прыехалі. І Расея натуральна таксама падцягнула свае войскі. Але паўночная мяжа, зь Беларусьсю, не прыкрытая.
Магчымасьць правакацыя ня зьнікла, але зараз яна меншая, па нашых ацэнках. Зараз у Кіеве будзе вялікая разборка паміж пераможцамі. І размова ня толькі пра перадвыбарчую кампанію, размова ідзе пра разборкі зь Ярашам. Ім там будзе не да Масквы.

Дракахруст: На ўсходняй мяжы Ўкраіны сканцэнтраваныя і дэсантныя сілы, і пяхота. У Беларусі зьявілася расейская авіягрупоўка. Была інфармацыя пра тое, што нібыта пскоўская парашутна-дэсантная дывізія зьбіраецца на вучэньні ў Беларусь. Але такімі сіламі хіба можна нанесьці сур’ёзны ўдар? Я не спэцыяліст у ваеннай сфэры, але мне здаецца, што гэтага малавата, што з ваеннага пункту гледжаньня трэба ці перакінуць больш войскаў ці выкарыстаць беларускае войска, калі атрымаецца пераканаць Лукашэнку.

Суздальцоў: Беларускага войска як такога няма. Апошнія вучэньні, якія былі праведзеныя на тэрыторыі Беларусі і ў Калінінградзкай вобласьці РФ, паказалі, што гэта ня войска, яно горш аснашчанае і менш баяздольнае, чым ўкраінскае. Пра беларускае войска забудзьцеся і нават не размаўляйце. Авіягрупоўка ў Беларусі ў выпадку вайны забясьпечыла б велізарны посьпех. Трэба ўлічваць, што асноўныя больш менш баяздольныя ўкраінскія авіяцыйныя часткі знаходзяцца ў раёне Кіева і Палтавы. Гэта якраз поле паветранага бою. Магчымасьці авіяцыйнага ўдару велізарныя. Адзін сучасны бамбардзіроўшчык, які ёсьць на ўзбраеньні расейскай арміі, трымае фронт ў 600 кілямэтраў. Можаце сабе ўявіць, што ён можа нарабіць. Гэта быў бы такі ўдар у сьпіну асноўнай групоўцы ўкраінскіх войскаў і ўсё б скончылася на працягу сутак.

Украінскае кіраўніцтва, у тым ліку і Турчынаў, гэта разумеюць, што гэта была б вайна на працягу некалькіх гадзінаў са зьнішчэньнем усёй баяздольнай украінскай авіяцыі ўключна з гелікоптэрамі. Трэба сказаць, што Расея мае для гэтага магчымасьці. Армія расейская рэфармаваная, адмабілізаваная, яна мае баяздольны асабовы склад, які імкнецца ў бой. Атрымліваецца, што пагроза рэальная. Турчынаў прыляцеў да Лукашэнкі з галоўным пытаньне — ці чакаць зь Беларусі нападу. Лукашэнка яго абнадзеіў, што ніякага ўдару з поўначы ня будзе. Варта сказаць, што ніхто яго на такія заявы не ўпаўнаважваў. Хаця ён сказаў правільна, таму што Расія ня будзе наносіць ўдар першай.

Цалкам тэкст перадачы — пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG