Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане адбылася найбуйнейшая беларуская навуковая падзея апошніх дзесяцігодзьдзяў


Айцец Аляксандар Надсан праводзіць экскурсію ў Беларускім музэі. Фота: Яраслаў Крывой
Айцец Аляксандар Надсан праводзіць экскурсію ў Беларускім музэі. Фота: Яраслаў Крывой

27-29 сакавіка ў Лёндане адбылася навуковая канфэрэнцыя «Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі».

Канфэрэнцыю арганізавалі найстарэйшыя беларускія арганізацыі Вялікабрытаніі — Згуртаваньне Беларусаў Вялікай Брытаніі і Англа-беларускае таварыства. Партнэрамі канфэрэнцыі выступілі Унівэрсытэцкі коледж Лёндану, «Часопіс беларускіх дасьледаваньняў», Амбасада Літоўскай рэспублікі, «Belarus Digest», Цэнтр пераходных дасьледаваньняў і Прафэсійная асацыяцыя беларусаў Брытаніі.

Падзея пачалася з малітвы за беларускі народ, якую адслужыў айцец Аляксандр Надсан. У сваім вітальным слове ён адзначыў важную сымбалічную ролю Кастуся Каліноўскага і Дня Волі ў кантэксьце сучасных падзеяў у Эўропе. Айцец Надсан правёў экскурсію па беларускай Скарынаўскай бібліятэцы і музэі.

Удзельнікаў прывіталі сябры аргкамітэту канфэрэнцыі — Караліна Мацкевіч, Джым Дыінглі і Яраслаў Крывой. Ад Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі выступіў Мікалай Пачкаеў.

28 сакавіка асноўная частка канфэрэнцыі сабрала блізу 50 удзельнікаў ва Ўнівэрсытэцкім коледжы Лёндану. Навукоўцы зь Беларусі, Польшчы, Літвы і Вялікай Брытаніі прадставілі больш за 15 дакладаў, зьвязаных з гістарычнымі, літаратурнымі і палітычнымі аспэктамі спадчыны Кастуся Каліноўскага.

Зь вітальным словам па-беларуску перад удзельнікамі выступіла амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Лёндане Аста Скайсгірайце-Ляўшкене, а таксама былы амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі і цяперашні старшыня Англа-беларускага таварыства Браен Бэнэт.

Увечары адбылося адкрыцьцё выставы «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка» ў галоўным будынку Унівэрсытэцкага коледжу Лёндану, арганізаванай Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам.

29 сакавіка пасьля акадэмічнай часткі канфэрэнцыі ўдзельнікі далучыліся да сьвяткаваньня Дня волі ў Беларускім доме, якое суправаджалася фотавыставай, прысьвечанай паўстаньню Кастуся Каліноўскага.

Канфэрэнцыя сталася найбуйнейшай акадэмічнай падзеяй, прысьвечанай Беларусі ў Вялікай Брытаніі за апошнія дзесяцігодзьдзі. Па выніках канфэрэнцыі плянуецца выданьне спэцыяльнага нумару «Часопіса беларускіх дасьледаваньняў» на ангельскай і беларускай мовах.
Удзельнікі канфэрэнцыі. Фота: Яраслаў Крывой
Удзельнікі канфэрэнцыі. Фота: Яраслаў Крывой
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG