Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старэйшы малодшы брат


Я быў пяцігадовым малышом, калі бацькі прывезьлі мяне з Забайкальля ў Чарнаўцы. Мы прыехалі ўсёй сям’ёй: мама, тата, старэйшы брат Валянцін і я. У Чарнаўцах у пяць гадоў, застаючыся малодшым братам, я стаў яшчэ і старэйшым братам сівавалосых гуцульскіх дзядоў і адвіслагрудых гуцульскіх бабак. У малалецтве мяне гэта нават цешыла. Я быў вельмі добры старэйшы брат: малодшым я спачуваў, не глядзеў на іх звысоку і з імпэрскай цікаўнасьцю вучыў іхную мову. Гадоў у васямнаццаць я зразумеў, што не хачу больш выконваць гэтую ролю і не хачу належаць да тых незьлічоных мільёнаў людзей, якія бязь ценю самаіроніі называюць сябе «вялікім народам». У 1965 годзе я паступіў на першы курс Чарнавіцкага ўнівэрсытэту і ледзь не на першай лекцыі здагадаўся, чаму не хачу. Выкладчык гісторыі КПСС спытаўся ў аўдыторыі, на якой мове чытаць лекцыі: на расейскай ці на ўкраінскай. Нас было чалавек шэсьцьдзесят. Паўсотні студэнтаў-гуцулаў на пытаньне дацэнта нічога не адказалі. Але дзесяць «старэйшых братоў» згодна рыкнулі: «На русском!» Здаецца, у гэтую хвіліну я ўпершыню падумаў, што дзяржава, у якой дружба народаў абвешчаная афіцыйнай ідэалёгіяй, доўга не працягне.

Я памыліўся. Яна цягнула яшчэ бясконца доўга: я не пра гістарычны час, а пра адзінае пражыванае чалавекам жыцьцё. Але ўрэшце грымнулася, адышла ў гістарычны асадак, царства ёй падземнае з усімі хтанічнымі кашмарамі! На той час я ўжо жыў у Англіі, якая дала мне неацэнную навуку нацыянальнага і каляніяльнага выцьверажэньня. Але да самага ад’езду з СССР я ўсё роўна цягнуў лямку старэйшага брата. Я гэта адчуваў нават на допытах у КГБ: мяне дакаралі, аспрэчвалі мае літаратурныя прыхільнасьці, але морду ў кроў ня білі, а пасьля ў псыхушку не запіхвалі, не сьціралі ў лягерны пыл, як гэта было прынята рабіць з маімі «малодшымі братамі». А ў Англіі я рэзка памаладзеў і зноў стаў малодшым братам у прамым сэнсе: малодшым братам Валянціна.

У лістападзе 2008 году я прыехаў у Вену на «Дні ўкраінскай літаратуры». Разам з румынам і аўстрыйцам мяне запрасілі як расейскага пісьменьніка, які мае дачыненьне да Ўкраіны. Я выступаў разам з паўтузінам украінскіх пісьменьнікаў і паэтаў. На душы ў мяне было лёгка: мне падабалася роля нацмена. Мне падабалася пачуцьцё гумару ў музы гісторыі Кліё. Дзякуючы яе іроніі ў шэсьдзесят гадоў я зноў адчуў сябе малышом, тым самым, які некалі рос у Забайкальлі і абажаў маму, тату і старэйшага брата Валянціна.

Пераклад: Сяргей Шупа
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG