Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў. Посттраўматычны сіндром-3


Хонка, драўляны палац Януковіча
Хонка, драўляны палац Януковіча

Украінцы шакаваныя багацьцем і безгустоўнасьцю, золатам, мармурам, каштоўнымі рэчамі, будынкамі, жывёламі, якімі атачаў сябе ў побыце зрынуты прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.

Урад Украіны, які з 11 сакавіка спыніў масавыя экскурсіі ў нацыналізаванае цяпер “Межгор’е”, ўчора пайшоў насустрач людзям і вырашыў адкрыць доступ грамадзян у сядзібу Януковіча па выхадных.

Пабываў там і я. Пацьверджаньня пра “залаты ўнітаз” Януковіча ў “Межгор’і” не знайшоў, але пераканаўся, што да такой сымбалічнай пакупкі былому прэзыдэнту Ўкраіны было вельмі блізка. Залаты батон, прынамсі ў яго быў, і ён яго не пасьпеў забраць, уцякаючы ад народнага гневу.

5. Музэй сквапнасьці і пыхі


У Межыгор’е з Кіева (адлегласьць 30 кілямэтраў) вядзе нейкая дзіўная дарога — трохпалосная, дзьве паласы па баках і адна пасярэдзіне, а на кожным другім ліхтарным слупе — камэра відэаназіраньня. Сярэдняя паласа была прызначаная для картэжаў Віктара Януковіча, якія складаліся зь дзясяткаў машын.

Частка аўтапарку Януковіча
Частка аўтапарку Януковіча



Пасьля таго як Януковіч уцёк, кіяўляне і госьці гораду масава рушылі паглядзець, як жыў былы прэзыдэнт. На дарогах узьніклі коркі, машынамі заставілі ўсю вёску Новыя Пятроўцы. Прыехалі турыстычныя аўтобусы, пайшлі маршруткі. Дробны бізнэс тут жа панаставіў мангалаў ды шапікаў з фаст-фудам.

Мы пасьпелі наведаць палацава-паркавы комплекс Януковіча да 11 сакавіка, калі вольны ўваход у «Межыгор’е» быў скасаваны: там пачалі інвэнтарызацыю. Яна, напэўна, зойме шмат часу. Там гэтулькі аб’ектаў і маёмасьці, што міжволі ўзьнікае ўражаньне: усё, што можна было прыдумаць хваравітаму мозгу для забесьпячэньня сваіх самых неверагодных патрэбаў, там было і зьзяла золатам.

Усё, што было нажыта Януковічам, цяпер падлягае інвэнтарызацыі
Усё, што было нажыта Януковічам, цяпер падлягае інвэнтарызацыі


Межыгор’е разьмешчана на 180 гектарах курортнага ўзьбярэжжа вадасховішча ў Вышгарадзкім раёне пад Кіевам. Гэтая вялікая плошча ўяўляла сабою непрыступную крэпасьць з шасьцімэтровай мэталічнай агароджай, сыстэмамі сачэньня. Апошнім часам яе ахоўвала 700 спэцназаўцаў зь вялікім арсэналам зброі, у тым ліку двума БТР, як сьведчаць запісы ў знойдзеным дзёньніку ахоўніка Януковіча — Канстанціна Кабзара.

Як распавёў мне Ігар, аматар рыбнай лоўлі на тутэйшым вадасховішчы, да рэвалюцыі ў ваколіцах Межыгор’я хадзілі сапраўдныя крымінальныя элемэнты ў наколках з аўтаматамі:

«Калі яны лавілі каго з нашых рыбакоў, то ўсё забіралі, адвозілі іх пад мяжу зь Беларусьсю і апоўначы, калі ўжо няма ніякага транспарту, адпускалі ў лесе. Кілямэтраў 20 даводзілася ісьці ноччу да першага паселішча. Добра, хоць не забівалі».

У заапарку Януковіча
У заапарку Януковіча



Адразу пасьля рэвалюцыі гэты музэй карупцыі пад адкрытым небам штодня наведвалі дзясяткі тысяч людзей. Вуліцы Межыгор’я ператварыліся ў гарадзкія тратуары. У мінулую суботу рушылі туды і мы. «Купляйце бутэрброды, булачкі, тэрыторыя вялікая, захочацца есьці», — ля ўваходу ў комплекс кажа нам прадавачка. Потым мы пашкадавалі, што не паслухаліся яе.

Ахоўнікі Межыгор’я брат і сястра Віталь і Сьвятлана
Ахоўнікі Межыгор’я брат і сястра Віталь і Сьвятлана



За галоўным уваходам — вялізны СПА-комплекс. Яго ахоўваюць брат і сястра Сьвета і Віталь з трэцяй сотні самаабароны. Сьвета апавядае, што прыходзяць усялякія людзі, некаторыя хочуць узяць сабе што-небудзь на сувэніры.

Пэйзаж, да якога так прывык Януковіч
Пэйзаж, да якога так прывык Януковіч



Трапіць у СПА ці ў жылы дом Януковіча «Хонка» ўжо было немагчыма — на золата, мармур ды іншую раскошу можна было паглядзець толькі праз шыбы.

Абарона Межыгор’я з вады
Абарона Межыгор’я з вады


Пра прызначэньне многіх аб’ектаў можна толькі здагадвацца. Пералічу тое, у чым удалося разабрацца:

Жылы палац, СПА-цэнтар, мэдычная клініка, гараж для браняванай і рарытэтнай аўтатэхнікі, мясны і кансэрвавы цэхі, заапарк, жывёлагадоўчы комплекс, пасека, верталётная пляцоўка, гольф-клюб, тэнісныя корты, сталоўка для пэрсаналу, фазанарый, аранжарэя, антычныя разваліны, салён для курэньня, кацельная, шматлікія альтанкі, фантаны, шыкоўная набярэжная, палац на вадзе «Галеон»... Апошні калісьці стаяў у Кіеве на беразе Дняпра, у ім было казіно, але Януковічу захацелася забраць яго сабе. І забраў.


Людзі заглядваюць у ілюмінатары нябачанай раскошы Януковіча – палаца на вадзе
Людзі заглядваюць у ілюмінатары нябачанай раскошы Януковіча – палаца на вадзе


«Цяжка тут дыхаць. Гэта месца аддае мерцьвячынай. Уся гэтая дзікая раскоша зробленая на крыві ахвяр крымінальных разборак», — кажа валянтэр Багдан, які апякуецца жывёламі з заапарка Януковіча.

У Януковіча была неверагодная колькасьць розных відаў страўсаў
У Януковіча была неверагодная колькасьць розных відаў страўсаў



Багдан працаваў калісьці ў заапарку ў Кіеве. Умовы ўтрыманьня жывёл тут непараўнальныя з тым, што ён бачыў у дзяржаўным заапарку. Але цяпер жывёлы ў небясьпецы, яны ў шоку ад такой колькасьці наведнікаў, іх няма каму абслугоўваць, бо вэтэрынары першымі зьбеглі адсюль, кажа Багдан і паказвае на загон з антылёпамі.

«Гэта від самых вялікіх у сьвеце антылёп, яны важаць па 700–800 кіляграмаў, рогі магутныя. Для іх тут збудаваны спэцыяльны станок, каб даіць. Януковічу ад іх даставалася па два літры малака ў дзень».

Анцілопа, якая давала Януковічу малако
Анцілопа, якая давала Януковічу малако


Побач з запаркам — ідэальная фэрма: сьвінаматкі, парасяты, авечкі, козы, каровы, цяляты. Чысьціня стэрыльная, паглядзець на іх можна толькі ў вакно — карантын. Далей вялізная аранжарэя, дзе расьце ўсё, чаго душа пажадае — і дэкаратыўныя расьліны, і для спажываньня.

Сярод розных экзатычных птушак і зьвяроў — птушка-сакратар
Сярод розных экзатычных птушак і зьвяроў — птушка-сакратар


Шмат што з маёмасьці, якая была ў «Межыгор’і», ужо павезьлі ў музэі. У тым ліку — дарагія рэдкія экспанаты, старадрукі, аб’екты мастацтва. Напрыклад, вядомае палатно Паленава, прададзенае раней на адным з эўрапейскіх аўкцыёнаў за 4 мільёны 670 тысяч даляраў.

Ёсьць розныя меркаваньні, што з гэтым рабіць: аддаць пад санаторый дзецям, распрадаць, стварыць музэй карупцыі. Апошняя прапанова мне падаецца самай правільнай. Каб такое не паўтаралася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG