Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая пацёмкінская вёска


Валеры Карбалевіч
Валеры Карбалевіч

Новая нарада ў Лукашэнкі прайшла паводле традыцыйнага для апошняга часу сцэнару. Як звычайна, яна была прысьвечаная чарговаму эканамічнаму правалу. Гэтым разам — з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам (КБІП).

З выступу на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі вынікае, што «працэс яго стварэньня... не ідзе ніяк». Мала таго, што «на распрацоўку і ўзгадненьне генэральнага пляну парку пайшло восем месяцаў», дык яшчэ адказныя чыноўнікі «потым апамяталіся і заяўляюць, што ня тое начарцілі... Мы ж валтузімся з боку ў бок, і ўсё тоне ў лявіне бюракратызму», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ягоныя пытаньні сьведчаць, што нейкіх сур’ёзных рэзыдэнтаў у КБІП пакуль няма і асаблівых намаганьняў для іх прыцягненьня чыноўнікі не прыкладаюць.

З гэтых заяваў Лукашэнкі можна зрабіць шэраг высноваў. Па-першае, сёньня ў Беларусі не засталося сфэраў, у якіх справа ішла б нават не пасьпяхова, а проста на нейкім нармальным, прымальным узроўні. Што ў будаўніцтве, што ў прамысловасьці, што ў Белкаапсаюзе — паўсюль правал. Прычым, што асабліва важна падкрэсьліць, гэта прызнае сам Лукашэнка. Вельмі паказальны вынік у год 20-годзьдзя ягонага праўленьня.

Па-другое, загады Лукашэнкі перастаюць выконвацца. Ён выдае ўказы і дэкрэты, раздае даручэньні, і ўсё гэта «тоне ў лявіне бюракратызму». Не дапамагаюць крымінальныя справы, гучныя адстаўкі і пагрозы ўсіх перасадзіць у турму. Гэта прызнае і сам кіраўнік Беларусі. Вось ён кажа, што яму прадставілі праект новага ўказу па парку. «Я ня супраць абмеркаваць гэты ўказ. Але баюся, што яго можа спасьцігнуць лёс папярэдняга, падпісанага ўказу», — адзначыў ён.

Па-трэцяе, у беларускіх умовах пляны ўладаў і рэальнасьць — гэта зусім розныя рэчы. Што было зразумела і раней, але цяпер стала абсалютна відавочным. Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне 5 чэрвеня 2012 году. Летам мінулага году, напярэдадні візыту ў Кітай, Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву «Сіньхуа», распавядаючы кітайскай аўдыторыі пра КБІП, заявіў: «З моманту рэалізацыі гэтага праекту ў поўным аб’ёме краіна ў год будзе атрымліваць дадаткова да $50 млрд экспарту. Гэта павялічыць нашу фінансавую стабільнасьць. Гэта самае хворае пытаньне на сёньняшні дзень для нашай краіны. Гэты праект здымае гэтую праблему». І вось цяпер высьвятляецца, што маем справу з чарговай манілаўшчынай, што «працэс яго стварэньня... не ідзе ніяк».

Па-чацьвёртае, з выступу Лукашэнкі вынікае, што пры распрацоўцы праекту КБІП, як і ўсіх іншых праектаў, не рабілася сур’ёзнага аналізу эфэктыўнасьці. Высьветлілася, што праектанты «ня тое начарцілі». А вось яшчэ паказальная заява кіраўніка дзяржавы: «Калі гарачыя галовы, якія прапаноўвалі стварэньне парку, сёньня астылі і цяпер лічаць, што ён не патрэбен краіне, — набярыцеся мужнасьці, скажыце пра гэта». Вось, аказваецца, нават так прымаюцца ў Беларусі важныя рашэньні.

Хачу нагадаць, што паводле ўказу Лукашэнкі аб стварэньні КБІП ягоныя рэзыдэнты атрымалі вялізарныя льготы. Яны да 2032 году вызваленыя ад падаткаў на прыбытак, на нерухомасць, на зямлю. За імпартныя тавары, якія выкарыстоўваюцца на тэрыторыі парку, ня трэба выплачваць мыта і падатак на дададзеную вартасьць. Нават падаходныя падаткі супрацоўнікі парку будуць плаціць у памеры 9%, а не 12%, як па ўсёй краіне. Іншаземцы могуць набываць тут зямлю ў прыватную ўласнасьць, хоць для беларусаў прыватная ўласнасьць на зямлю ў краіне забаронена. Такім чынам, заплянавана ў цэнтры Беларусі стварыць вялікі афшор. Калі б беларускі бізнэс атрымаў такія беспрэцэдэнтныя льготы, то, магчыма, увогуле б не было патрэбы ў замежных інвэстыцыях.

Тым ня менш замежны капітал у гэты беларускі афшор ісьці не сьпяшаецца. І кітайцы вядуць сябе стрымана. Падчас візыту прэм’ер-міністра Мясьніковіча ў Кітай у студзені гэтага году ён нават папракнуў кітайцаў, што тыя даюць толькі зьвязаныя крэдыты, а свае грошы ўкладаць у эканоміку Беларусі ня хочуць. «За апошнія гады ў Беларусь паступіла каля $50 млрд прамых замежных інвэстыцыяў. Пры гэтым з Кітая — усяго $195 млн», — заўважыў М. Мясьніковіч у інтэрвію кітайскай газэце China Daily ў Пэкіне. І прапанаваў перайсьці ад гандлёвага і крэдытнага супрацоўніцтва да інвэстыцыйнага.

Але кітайцы ня надта сьпяшаюцца. І нават не спакушаюцца на беспрэцэдэнтныя ільготы. Бо ведаюць пра адну акалічнасьць, пра якую беларускія ўлады імкнуцца ня ўзгадваць.

Справа ў тым, што паводле дамовы аб стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам з 2017 году на тэрыторыі краін-удзельніц павінны быць ліквідаваныя ўсе афшорныя зоны або раёны з эксклюзіўным ільготным рэжымам. І з гэтага гледзішча падвісае статус і свабодных эканамічных зон, якія існуюць у Беларусі ў кожнай вобласьці, і Парку высокіх тэхналёгій імя Валерыя Цапкалы, і КБІП. Акрамя таго, існаваньне афшорных зон супярэчыць правілам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, перамовы аб уступленьні ў якую цяпер інтэнсіўна вядзе афіцыйны Менск.

Так што, гледзячы па ўсім, на сёньняшні дзень гэты злашчасны парк пад Смалявічамі — вялікая хімэра, адна з пацёмкінскіх вёсак, якія так любяць будаваць беларускія ўлады.


14.02.2014 г.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG