Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заманлівыя промні чужой славы


Да залатога трыюмфу біятляністкі Дар’і Домрачавай на Алімпіядзе ў Сочы пасьпяшаліся далучыцца шматлікія чыноўнікі — у тым ліку тыя, хто ня меў да працэсу яе падрыхтоўкі ніякага дачыненьня.

На арганізаванае з нагоды перамогі сьвяткаваньне ў рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Краснай паляне сабраліся алігархі, спартовыя функцыянэры, прадстаўнік царквы.

Пакуль Аляксандар Лукашэнка па-бацькоўску цалаваў, абдымаў ды паляпваў Дар’ю Домрачаву па плячах, ягоны сын Мікалай, атрымаўшы пазачарговыя вакацыі, адорваў чэмпіёнку букетам ружаў. Тут жа выстраіліся ганаровыя госьці: бізнэсоўцы Аляксандар Шакуцін і Юры Чыж, прадстаўнікі спартовай грамадзкасьці Міхаіл Захараў, Сяргей Цяцерын і Натальля Пяткевіч, праваслаўны сьвятар Фёдар Поўны, а таксама сябры алімпійскай дэлегацыі. Домрачаву спачатку паўскідалі ў паветра, а пасьля Лукашэнка ўручыў ёй адмыслова выраблены залачоны знак пад № 1 ад імя прэзыдэнта НАК.

Праўда, наступныя тосты пад шампанскае былі адрасаваныя ня столькі галоўнай гераіні, колькі прэзыдэнту, высокі давер якога яна не падманула. З поўным фужэрам дабраславіў Дар’ю на новыя перамогі сьвятар Поўны, папярэдзіўшы, што залаты фініш не павінен закруціць ёй галаву. А кіраўнік «Амкадору» Шакуцін выказаў меркаваньне, што гэты мэдаль ня так дарагі ёй, як Лукашэнку:

«Дашка, ты сёньня падарыла ня толькі беларускаму народу радасьць, ты падарыла нашаму прэзыдэнту. Таму што я ня думаю, што ёсьць яшчэ адзін чалавек у гэтым, в нас, в Беларусі, які шчыра радаваўся тваёй перамозе. Таму што, па-мойму, гэтае золата было для прэзыдэнта даражэйшае, чым для цябе».

Колішні начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі даўно выпаў з прэзыдэнцкай абоймы, але лічыць, што сказанае Шакуціным — абсалютная праўда:
Іншае ўсё валіцца, а тут — такая перамога. Радасьць вялікая для чалавечка

«Гэта так, на самой справе. Чыноўнікі гавораць ня толькі каб прымазацца ці падкрэсьліць нейкія свае нібыта высілкі. Тое, што для Лукашэнкі гэта падзея большая, чым для Домрачавай — гэта факт. Трэба сказаць, што ўвогуле цікавы кіраўнік дзяржавы, які займаецца больш спортам, чым усім астатнім. У выпадку зь ім гэта заўсёды так было, а цяпер — дык і наагул. Таму што іншае ўсё валіцца, а тут — такая перамога. Радасьць вялікая для чалавечка. І людзей можна супакоіць, бо людзі таксама цікавяцца спортам — магчыма, нават больш, чым эканомікай. Ня ўсе, але большасьць — так».

Дарэчы, ва ўзбуджанай кампаніі, якая ўслаўляла Домрачаву, Лукашэнка быў ці не адзіны, хто выбіваўся з колеравай гамы — быў не ў зялёных штанах, а ў чорных. Яшчэ перад Алімпіядай папярэдзіў, што не надзене такога «пазорышча». Астатнім, відаць, права выбару не давалі.

Ці не сыграе гістэрыя вакол перамогі дрэнную службу Домрачавай, якая апынулася ў гарачых промнях прэзыдэнцкай увагі? Аляксандар Пласкавіцкі раіць — па магчымасьці — проста не зважаць на гэта:

«Наш кіраўнік ня толькі ж Колю балуе, але і спартоўцаў, і наагул нас з вамі таксама. Але ж ня ўсе, каго ён так балуе, псуюцца ад гэтага. Хацелася б, каб і гэтая дзяўчына не сапсавалася. Таму што за яе турбуецца ня толькі кіраўнік дзяржавы, але і вялікая колькасьць беларусаў. У гэтым зьвязку хацелася б пажадаць ёй посьпехаў і таксама пажадаць, каб яна не зьвяртала занадта вялікай увагі на такога вялікага чалавека».

Былы міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў, які неаднойчы вазіў спартоўцаў на Алімпіяды, верыць у здольнасьці Домрачавай годна супрацьстаяць дытырамбам і разьлічвае, што тая яшчэ як мінімум раз уздымецца на п’едэстал:
Я раю абавязкова паглядзець мас-старт. Я думаю, што ў нас яшчэ павінен быць п’едэстал

«Увогуле яна спартоўка псыхалягічна ўстойлівая, то я ня думаю, што на яе неяк паўплывае ўся гэтая сытуацыя, якая вакол яе цяпер набірае абароты. Але давайце гаварыць з вамі і пра тое, што гэта абсалютна заслужаныя дытырамбы, якія ёй сёньня выказваюць самыя розныя людзі. Бо фэерычная перамога, няма пытаньняў. Гэта і прыемна, і падтрымлівае яе маральна. Мяркую, што Дар’я абавязкова справіцца з хваляваньнямі, з падвышанай увагай. Яна не ганарлівы чалавек, дзяўчына вельмі сьціплая; усё яна асэнсоўвае, усё разумее. Тым больш з такім вялізным досьведам выступаў на міжнародных спаборніцтвах яна, будзем так гаварыць, дастаткова псыхалягічна ўстойлівы чалавек. Таму я раю абавязкова паглядзець мас-старт. Я думаю, што ў нас яшчэ павінен быць п’едэстал. Ня ведаю, які мэдаль, але п’едэстал павінен быць».

Дар’я Домрачава заяўлена ў мас-старце, індывідуальных гонках і дзьвюх эстафэтах — жаночай і зьмяшанай. І збольшага ад яе залежыць, ці папоўніцца скарбонка беларускай зборнай хоць бы адным алімпійскім мэдалём. Зрэшты, на 13 лютага заплянаваная «дваццатка» ў мужчын, па выніках якой у Ванкувэры падзяліў другую прыступку п’едэсталу з каралём біятлёну Б’ёрндаленам беларус Сяргей Новікаў. Ці паўторыцца сэнсацыя сёлета?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG