Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рознакаляровы Януковіч


Зь вялікім зацікаўленьнем прычытаў блог калегі Валера Каліноўскага. Шмат чаго даведаўся зь яго пра цяперашняга ўкраінскага прэзыдэнта, але мушу адзначыць, што катэгарычна нязгодны з ацэнкамі шаноўнага калегі. Ня тое, што маю намер пісаць апалёгію Віктара Януковіча, проста, на мой погляд, на гэтага пэрсанажа варта глядзець не праз чорныя (як і не праз ружовыя) акуляры, і да таго ж улічваць як гістарычны, гэтак і рэгіянальны кантэкст.

Ну пачнём нават з савецкага пэрыяду. Так, дзьве судзімасьці. Але потым на працягу 20 гадоў — кіраўніцтва сярэднімі і буйнымі гаспадарчымі прадпрыемствамі. Пры тым, што ў савецкія часы судзімасьць — гэта была сур’ёзная пляма. Ляяльнасьцю такую кар’еру асабліва не патлумачыш. Сувязямі — асабліва таксама, не ў КДБ ці партапарат таварышча ўладкавалі. Дык можа «лязо Окама» вымушае хаця б дапусьціць, што справа — ў арганізатарскіх таленце і здольнасьцях?

Выбары 2004 году — зразумела, ня той момант, якім Януковіч мог бы ганарыцца. Але маленькая статыстычная даведка: менавіта ў тым годзе, пры яго прэм’ерстве рост ВУП Ўкраіны склаў 12%, беспрэцэдэнтныя для Ўкраіны і да, і пасьля. А ў папярэднія два гады яго прэм’ерства — 5% і 9% адпаведна. А ў 2005 годзе, калі пры прэзыдэнце Юшчанцы прэм’ерам была Цімашэнка — 2.7%.

Можа, як у старым анэкдоце, «проста пашанцавала», але гэтыя лічбы, як мінімум, ня сьведчаць пра поўную бездапаможнасьць і некампэтэнтнасьць нашага пэрсанажа.

Ну і наконт 2004 году — прэзыдэнтам тады быў Кучма, сілавікамі кіраваў ён, але слова кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі ўлады, афіцыйнага пераможцы другога туру, пры прыняцьці рашэньняў падчас крызісу, відаць, нечага было вартае. Тое, што тады ўкраінская ўлада не паспрабавала зрабіць з Майданам тое, што Лукашэнка ў сьнежні 2010 года зрабіў з менскай Плошчай, можа варта занесьці на рахунак і Януковіча?

Паважанае спадарства, вы пекла на зямлі, якім зьяўляецца КНДР, наагул не прыгадвайце, каб не ссурочыць, вы хаця б на поўнач паглядзіце
Ну а потым — наагул казка. Ужо якую пачвара і якога д’ябла ляпілі зь Януковіча падчас першага Майдану. Але ўжо ў 2005 годзе Цімашэнка — «аранжавая» каралева — ў сваёй знакамітай прамове пры адстаўцы з пасады прэм’ера злучала аранжавую і блакітную (сымбаль Партыі рэгіёнаў) стужкі ў сьцяг Ўкраіны. Ну і потым паміж яе фракцыяй і фракцыяй Партыі рэгіёнаў былі вельмі цьмяныя, але цёплыя альянсы. Няўжо яна ня ведала, якія гэта пачвары, «ворагі Ўкраіны» і «цітушкі»? Проста яна не была і ня ёсьць публіцыстам ці журналістам, палітык арганізуе баявы піяр і карыстаецца ім, але быў бы вар’ятам, калі прымаў бы гэта за чыстую манэту і кіраваўся ім у сваёй дзейнасьці.

Ну а далей герой і правадыр Майдану, прэзыдэнт Юшчанка прызначае д’ябла Майдану Януковіча прэм’ерам. І як жа рука не здрыганулася? А вось так неяк. А ВУП пры прэм’ерства «д’ябла» ізноў папоўз уверх: 2006 — 7%, 2007 — 8%. Ізноў пашанцавала, відаць, няздары.

Ну і цяперашні Майдан. Дзіўна чытаць у адозвах выбітных украінскіх інтэлектуалаў параўнаньне сытуацыі ў іх краіне з Паўночнай Карэяй (!). Паважанае спадарства, вы пекла на зямлі, якім зьяўляецца КНДР, наагул не прыгадвайце, каб не ссурочыць, вы хаця б на поўнач паглядзіце.

У «паўночнакарэйскай» Украіне хіба не траціна парлямэнту — апазыцыя, значная частка электронных СМІ адкрыта падтрымлівае Майдан, пасярод сталіцы два месяцы віруе антыўрадавая маніфэстацыя, крывавы ўкраінскі Кім Чэн Ын прапануе лідэрам маніфэстантаў пасады ва ўрадзе, на якія яны не пагаджаюцца, бо ня змогуць прыводзіць тую палітыку, якую хочуць — ну суцэльны Пхэньян, там гэта ў парадку рэчаў. А ад Менску дык і не адрозьніш — адзін у адзін.

Прыводзячы не размовы з дасьведчанымі экспэртамі, а банальныя, агульнавядомыя факты, ці хачу я сказаць, што Януковіч — анёл, герой і ўкраінскі Шарль дэ Голь? Зусім не. Зусім не анёл. Проста дастаткова тыповы постсавецкі палітык, карумпаванасьць, прага да аўтарытарнасьці і бандыцкая палітычная культура якога не надта адрозьніваюцца ад сярэдняга ўзроўню гэтых якасьцяў у палітычнай эліце як яго краіны, гэтак і постсавецкай прасторы наагул. Цімашэнка, дарэчы, падчас выбарчай кампаніі 2010 году таксама абяцала ў выпадку сваёй перамогі пасадзіць Януковіча. Але гонар кінуць за краты галоўнага свайго апанэнта выпаў ня ёй.

А Януковіч – ён ня чорны і нават не чорна-белы. Ён рознакаляровы. Як нашае жыцьцё
Між іншым, крыху ўбок, але пра дэ Голя. Вярнуўся ў 1958 годзе да ўлады хоць і легітымным шляхам, але пад пагрозай мяцяжу «шалёных» у Альжыры. Потым тых «шалёных» спрытна абдурыў, прыйшоўшы да ўлады пад лёзунгам «Альжыр — францускі», а пасьля аддаўшы яго паўстанцам. А потым правёў рэфэрэндум, які сканцэнтраваў у руках кіраўніка дзяржавы ільвіную долю ўлады. А ўжо як спэцслужбы дэ Голя разьбіраліся з OAS, падняўшай руку на дзяржаву — ну дык гэта асобная і даволі сумная старонка францускай гісторыі. Але гэта да слова.

Аднак ізноў жа да нашага пэрсанажу. Хочуць украінцы адхіліць яго ад улады, ўстыў ён ім з усімі яго станоўчымі і адмоўнымі якасьцямі — ну дык можа і скінуць.Захочуць, каб прэзыдэнта абіралі, як гетмана, пра што казаў у інтэрвію Свабодзе першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук – іх воля. Лепяць зь яго ў другі раз д’ябла з рагамі — ну зразумела, інфармацыйная лёгіка жорсткай палітычнай барацьбы вымагае.

Памятаю, ў 2002 годзе быў у Кіеве на перадвыбарчым мітынгу Віктара Юшчанкі падчас парлямэнцкіх выбараў. «У нас усё добра, ў нас усё ёсьць, адзіная праблема Ўкраіны — гэта яе нікчэмная ўлада» — казаў будучы прэзыдэнт. Іронія гісторыі — спраўдзіўшы памкненьні Юшчанкі, яна даказала, што праблема не адзіная ці што, прынамсі, нікчэмнасьць улады мае розныя твары.

А Януковіч – ён ня чорны і нават не чорна-белы. Ён рознакаляровы. Як нашае жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG