Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архіяпіскап Логін: памолімся за ліцьвінаў-беларусаў, за вязьняў і выгнанцаў


Каляднае архіпастырскае пасланьне першагерарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна

«Нова радасьць стала, яка не бывала,
Над Бэтлеем зорка ясна на ўвесь белы сьвет зазьзяла.»
(Беларуская калядка)


Любыя браты й сёстры ў Хрысьце !

Надыходзіць вялікае сьвята Нараджэньня Хрыстовага — Каляды! Гэтую падзею сьвяткуем урачыста штогод, бо вынікам прыходу на зямлю Сына Божага Ісуса Хрыста ёсьць Хрысьціянства, да якога тысячу гадоў таму далучыліся й продкі беларусаў. Яно зьмяніла сьвет, прапаведуючы мір і любоў як паміж людзьмі, так і паміж цэлымі народамі. Сьведчаньне пра мір было першаю весткаю ад анёлаў у Калядную ноч: «Слава Богу ў вышынях, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля!» (Лк.2:14).

З айчыннае гісторыі вядома, што мір, шчасьце й духоўны ўздым былі, калі Беларускі народ жыў самастойна, меў сваю дзяржаву і нацыянальную Царкву, а заваёўнікі прыносілі толькі гора, матэрыяльны й духоўны заняпады. Сёньня таксама маем небясьпеку засяленьня маці-Беларусі чужаземцамі, што ўжо адкрыта прапагандуе дыктатарская ўлада пад прыкрыцьцём патрэбы росту эканамічных паказчыкаў краіны, у выніку чаго беларусы стануць чужакамі на сваёй спрадвечнай зямлі, гэтак жа, як і беларускую мову й культуру гэтая ўлада робіць чужымі ў сваёй дзяржаве.

Таму шануем нашых продкаў, у кожным пакаленьні якіх былі змагары за свой вольны Беларускі дом пад хрысьціянскім эўрапейскім дахам. І ў наш час шмат людзей разумеюць неабходнасьць змагацца за гэта, хоць ня ўсе і не заўсёды адкрыта можам паступаць так, як падказваюць нам сэрца і вера, але кожны можа ўзьнесьці да Госпада малітву за Беларусь, за ейных змагароў, асабліва за пакутуючых у зьняволеньні й на выгнаньні, і за ўсіх ліцьвінаў-беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы.

У многіх праваслаўных малітвах заўсёды просім Госпада: «... і пазбаў нас ад міжусобіцаў і ад нашэсьця чужынцаў...» — і дзяржаву нашу Беларусь і Царкву! І каб беларускія каляднікі заўсёды па-беларуску віншавалі:

Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго !

Зь любасьцю й малітвамі,

+ Сьвятаслаў,

Архіяпіскап Наваградзкі, Першагерарх

Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG