Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Качан стварыў у Наваградку прыватную галерэю


Мастаку Кастусю Качану 63 гады. Ён нарадзіўся за 25 кілямэтраў ад Наваградка — у Лаўрышаве, дзе аднаўляецца стары праваслаўны манастыр. Жыў у Менску, але вярнуўся ў Наваградак, дзе стварыў «Сядзібу мастака», ня толькі для сябе, але й для іншых «братоў па пэндзлі».

Сядзіба мастака сталася першай у горадзе мастацкай галерэяй. Яна месьціцца насупраць Замкавай гары.

Кастусь Качан даўно хацеў, каб у Наваградку, гістарычным горадзе, была свая карцінная галерэя. Але ажыцьцявіць задуму доўга не выходзіла. Улады нібы падтрымлівалі, але толькі на словах. Калі зьявіліся грошы, ён выкупіў аварыйны будынак у цэнтры гораду, блізка да замка. Побач збудаваў новы дом, але ў старасьвецкім стылі. Камяніцы будуць злучаныя паміж сабой. Скончыць будаўнічыя працы мастак спадзяецца да канца наступнага лета.

Перад камяніцай стаіць драўляная дошка з разьблёным надпісам: «Сядзіба мастака Кастуся Качана».

Праект выканаў архітэктар Лявонці Зданевіч.

«Мы знайшлі зь ім варыянт з элемэнтамі наваградзкай архітэктуры. Вельмі хораша ўпісаўся ў вуліцу, стварае атмасфэру, і гараджане дзячаць, што прыгожы куток атрымаўся», — кажа Кастусь Качан.

У першай наваградзкай мастацкай галерэі — пакуль што толькі творы самога Кастуся Качана. А зь цягам часу ён мяркуе, што будуць адбывацца і выставы іншых мастакоў.

Намаляваная Кастусём Качаном царква ў Сынкавічах – на выставе ў «Крызе»
Намаляваная Кастусём Качаном царква ў Сынкавічах – на выставе ў «Крызе»


На мансардзе дома, які рэстаўруецца, будзе міні-гатэль, калёнія мастакоў, кажа Качан:

«Тры пакоі для прыежджых мастакоў, каб пастаянна дзейнічаў пленэр: адны працуюць, ад’яжджаюць, на іх месца прыяжджаюць іншыя. Гэта будзе наш беларускі „Барбізон“, як у Францыі».

У Наваградку сонца ўзыходзіць з-за Замкавай гары і заходзіць за сядзібай мастака. Пад яе вокнамі праходзяць турыстычныя групы, каб пабачыць разваліны дзьвюх вежаў.

Два тыдні таму на замку пачаліся кансэрвацыйныя працы, кажа спадар Качан:

«Мяне туды цягне амаль кожны дзень паглядзець, што там робіцца... Хацелася б, каб замак ня страціў тую энэргетыку, якая была і яшчэ ёсьць. Гэта сьвятое месца для ўсіх беларусаў. І трэба было з гэтага замка пачынаць тады, калі мы сталі незалежнымі. З гэтага месца, таму што адсюль пайшла наша дзяржава. Цягнецца ўсё марудна. Чаму — я ня ведаю. Хіба грошай няма».



Аднак аптымізму ў яго пакуль мала:

«Тым больш — муруюць з цэглы, толькі зробленай, якая яшчэ не апрабаваная. Але хто ведае: можа, усё і добра яшчэ будзе».

У любым разе, вельмі важна, што нарэшце ўзяліся за вежу, якая бліжэй да касьцёла, што стаіць пад Замкавай гарою, перакананы мастак:

«Яна ў аварыйным стане. Калі б за яе цяпер не ўзяліся, то яна напэўна да вясны звалілася б з гары. Яе цяпер абкладаюць цэглай. Там засталася адна сьцяна толькі, а робяць вежу — чатыры сьцяны».

Другую вежу, большую і ў лепшым стане, таксама адбудуюць. У ёй мяркуецца стварыць музэй.

Спадар Качан кажа, што ў Наваградку яшчэ нямала таго, што «дыхае гісторыяй», у тым ліку драўляныя дамы, збудаваныя на пачатку ХХ стагодзьдзя, якія захавалі сваю аўтэнтычнасьць:

«З гэтага ўсяго і складаецца атмасфэра Наваградка. Акрамя таго, ёсьць таксама сьвятыні: Барысаглебская царква, Фарны касьцёл. Але самае галоўнае ў Наваградку — гэта ляндшафт, настолькі цікавы, што з горада можна зрабіць „разынку“, сапраўды музэй. Існуе дзяржаўная праграма, каб за 2014–2018 гады нешта з Наваградкам зрабіць. Але будзе залежаць ад таго, хто будзе праектаваць, бо існуе небясьпека „наламаць дроў“, страціць тое, што ёсьць», — кажа мастак.



Раней наваградзкія ўлады вырашылі паставіць помнік каралю Міндоўгу. Для збору грошай была выпушчаная дзяржаўная лятарэя, але потым справа прыпынілася.

«Здаецца, добрую справу задумалі: паставіць урэшце помнік Міндоўгу. Але нейкія гісторыкі пачалі пісаць артыкулы ў дзяржаўнай прэсе, што Міндоўг — гэта ня наш герой. Але ж помнік не цяпер, дык потым, але будзе стаяць», — перакананы Кастусь Качан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG