Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз Уладзіслаў Лазар: паўгоду ў вязьніцы КДБ


Уладзіслаў Лазар
Уладзіслаў Лазар

Паўгоду таму быў затрыманы настаяцель касьцёлу ў Барысаве ксёндз Уладзіслаў Лазар, пра якога пазьней стала вядома, што ён падазраецца ў аказаньні грашовай дапамогі чалавеку, якога абвінавацілі ў шпіянажы супроць Беларусі.

Што новага ў справе гэтага вязьня «амэрыканкі», якога шмат хто з праваабаронцаў патрабуе прызнаць вязьнем сумленьня?

Сястра арыштаванага ксяндза Ўладзіслава Лазара наведала 28 лістапада сьледчага КДБ Канстанціна Бычака, які вядзе справу яе брата, і спытала яго, калі можна сустрэцца з братам і калі ягоную справу перададуць у суд.

Яніна Лазар: «Нічога не сказалі: ні калі скончаць, ні на колькі працягнулі. Сьледчы адказаў, што сам ня ведае. Дзіўна, каб сьледчы, які вядзе гэтую справу, такое адказваў. І вось гэтак увесь час, і нічога дамагчыся ня можам».

Ксёндз з Барысава Ўладзіслаў Лазар быў затрыманы ў Менску ў канцы траўня. Пра гэта паведамілі мэдыям сваякі і вернікі касьцёлу ў Барысаве, дзе служыў ксёндз. Толькі пасьля ліпеньскай заявы Аляксандра Лукашэнкі пра арышт каталіцкага сьвятара, які нібыта быў зьвязаны са шпіёнам, КДБ пацьвердзіў арышт Уладзіслава Лазара. Больш КДБ сытуацыю не камэнтуе і новых зьвестак пра яго не дае. Апошняя інфармацыя пра справу ад адвакатаў была тая, што ў жніўні яе працягнулі, але на які тэрмін, невядома.

Паводле Яніны Лазар, сваякі гэтак і не атрымалі ніводнага спатканьня зь вязьнем. «Лісты ад яго даходзяць, але цяпер рэдка», — паведаміла Яніна Лазар. У першых лістах ён пісаў, што невінаваты і выказваў спадзяваньні на хуткую сустрэчу на волі. Між тым, калі сапраўды адбудзецца гэтая сустрэча, прадказаць Яніна Лазар не бярэцца. Жанчыне вядома, што ў вязьніцы яе брата наведаў апостальскі нунцый у Беларусі Кляўдыё Гуджэроцьці. Паводле зьвестак касьцёлу, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці даклаў пра сытуацыю з ксяндзом Лазарам папу Рымскаму Францішку, які апякуецца беларускім сьвятаром.

Грамадзкія актывісты і каталіцкія вернікі ў Беларусі мяркуюць, што гісторыі ксяндза Лазара надаецца недастаткова ўвагі, і гэта спрыяе таму, што беларускія спэцслужбы парушаюць ягоныя правы ў зьняволеньні. Актывісты патрабуюць тэрмінова прызнаць Уладзіслава Лазара вязьнем сумленьня, спасылаючыся на тое, што яго працяглы тэрмін трымаюць за кратамі без спасылкі на сур’ёзныя доказы. Днямі актывісты ініцыятывы «За волю», а таксама сябры «Маладога Фронту» і БХД накіравалі адпаведную заяву ў праваабарончую арганізацыю «Міжнародная амністыя». Сярод падпісантаў заявы — сустаршыня БХД былы палітвязень Павал Севярынец, які лічыць, што справа ксяндза Лазара мае выразны палітычны падтэкст.
У маім уяўленьні — што такое вязень сумленьня, калі гэта ня ксёндз Лазар?

«Што да ксяндза Лазара, дык ягоны вобраз — як вобраз беларускага народу, які ўсё ж такі не скарыўся. Мне вядома, што ён нават спадчыну, якую атрымаў (тое золата, што маці зьбірала), усё абярнуў у грошы і на гэтыя грошы будаваў касьцёл. Гэта сьведчыць пра тое, што ён сапраўды верыць і гатовы пакласьці жыцьцё за веру і за нас з вамі. Вось зараз ён сядзіць у вязьніцы ў цэнтры гораду, мы ходзім побач з гэтым месцам, але ня можам ані праз грамадзтва, ані праз касьцёл, ані празь нейкія іншыя высілкі вызваліць яго. Ён церпіць і праз тое, што праваабаронцы ніяк ня прыйдуць да згоды ў пытаньні, ці прызнаваць яго вязьнем сумленьня. Хаця ў маім уяўленьні — што такое вязень сумленьня, калі гэта ня ксёндз Лазар?»

Два дні таму ксяндзу Ўладзіславу Лазару споўнілася 46 гадоў. Дзень народзінаў сьвятар сустрэў у турэмнай камэры, прычым нават ня маючы Бібліі. Вядома, што Біблію, якую спрабавалі перадаць вернікі ў «амэрыканку», супрацоўнікі гэтай турмы не прынялі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG