Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зброя літоўскіх касінераў у Горадні


14 лістапада ў Горадні адкрылася выстава, прысьвечаная 150-годзьдзю паўстаньня 1863 году.

Гэта агульналітоўская выстава, прывезьлі яе з Шаўляў (горад Шаўляй). Афармленьне экспанатаў, каб правезьці церазь літоўска-беларускую мяжу, заняло два дні. Цяпер яны ў Старым замку, які заняты Гарадзенскім гісторыка-археалягічным музэем.

Дырэктар гарадзенскага музэю Юры Кітурка зазначыў, што паўстаньне было важнай падзеяй для беларускіх, польскіх і літоўскіх земляў. Яно паўплывала на далейшае разьвіцьцё нацыянальнага і рэвалюцыйнага рухаў:

«Мы прэзэнтуем вам выставу, якую нам прадставіў шаўляйскі музэй „Аўшрос“. Прадстаўленыя ня толькі рэчы зь Літвы, ёсьць таксама — з нашага музэю. На выставе вельмі цікавыя экспанаты, аўтэнтычныя, якія належалі як паўстанцам, так і тым, хто гэтае паўстаньне душыў».

Намесьнік дырэктара шаўляйскага музэю Віргінія Шукшчэне паведаміла, што 2013 год у Літве Сэймам рэспублікі абвешчаны годам паўстаньня 1863 году. Шаўляйскі музэй падрыхтаваў выставу пра паўстаньне: «Твары. Імёны. Гісторыі». Пастанавілі сабраць экспанаты з усіх музэяў краіны:

«На нашу ініцыятыву адгукнуліся дзевятнаццаць музэяў Літвы, а таксама музэй з Горадні і два з Польшчы — у Аўгустове і Сувалках. Чаму наш музэй узяўся за гэта? Яшчэ ў 1933 годзе шаўляйскі музэй першым у Літве арганізаваў выставу, прысьвечаную гэтаму паўстаньню. Да гэтага году ў Літве трактавалі паўстаньне як справу палякаў, і лічылася, што літоўцаў не было ў паўстаньні».
Разгорнутая кніга, пад выявай подпіс: «Паўстанцы выходзяць з Горадні»
Разгорнутая кніга, пад выявай подпіс: «Паўстанцы выходзяць з Горадні»

Каб падрыхтаваць першую выставу, прысьвечаную паўстаньню, надрукавалі зварот да насельніцтва, кажа Віргінія Шукшчэне:

«Можа, у кагосьці ёсьць артэфакты з часоў паўстаньня, каб яны несьлі ў музэй, каб запісвалі ўспаміны. І вось праз восемдзесят год музэй зноў вярнуўся да гэтай задумы. Аснова нашай калекцыі — арыгінальныя фатаграфіі, у нас іх каля двухсот. І да сёньняшняга дня ў Літве ёсьць сем’і, у якіх жывыя легенды, як дзяды і прадзеды амаль з голымі рукамі ішлі на казакоў. І мы якраз хацелі паказаць, што паўстаньне — гэта, вядома, арганізацыя, правадыры, гэта баі, але таксама людзі».

Віргінія Шукшчэне сказала, што яны прывезьлі нямала арыгінальных экспанатаў, якія сёньня лічацца нацыянальнымі каштоўнасьцямі:

«Скажам, гэта адзіны сьцяг атраду паўстанцаў, які захаваўся. Ён быў знойдзены школьнікамі ў касьцёле зусім выпадкова. Толькі потым перадалі музэю, дзе ён быў рэстаўраваны».

У Літве існуе асобны музэй паўстаньня 1863 году — у Кедайняйскім раёне. Дарэчы, у Шаўляі паставілі і першы помнік паўстанцам, распавяла Віргінія Шукшчэне. Пачалі яго будаваць у 1931 годзе, а праз чатыры гады адкрылі. Ён стаіць на месцы, дзе царскія карнікі пакаралі сьмерцю адзінаццаць літоўскіх паўстанцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG