Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі «Піліпка» перамог у Маскве


Беларускі анімацыйны фільм «Піліпка» атрымаў гран-пры конкурсу анімацыйных фільмаў X Міжнароднага дабрачыннага кінафэстывалю «Прамяністы анёл», які адбыўся ў Маскве.

У аснову сюжэту «Піліпкі» лягла беларуская народная казка, расказвае карэспандэнту «Свабоды» рэжысэр і мастак-пастаноўшчык Тацяна Кубліцкая:

«Я ведаю, што дзецям найбольш падабаюцца два беларускія пэрсанажы: Піліпка і Алёнка. І гэтую казку можна адаптаваць для маленькіх. Мы крыху памянялі сюжэт. Там ніхто нікога не зьядае, не забівае. Я не хацела, каб Піліпка дзейнічаў так, як Баба Яга, каб заставаўся самім сабой. І пакуль мы працавалі над фільмам, у мяне быў такі дэвіз: не баяцца і заставацца самім сабой. І вось апошнюю фразу мы прыдумалі, фактычна, у апошні дзень перад мастацкай радай. „Гэты хлопчык такі добры, што, напэўна, зусім ня смачны“, — апраўдваецца Баба Яга перад Варонай. І далей гаворыцца, што „з таго часу Баба Яга больш не чапала Піліпку“. Ён проста адваяваў сабе месца пад сонцам.

Але чаму прыцягнула менавіта гэта казка? Я ведаю, што яна падабаецца дзецям. Там ёсьць герой, які трапляе ў складаную сытуацыю, а маленькія дзеці заўсёды хочуць ведаць адказ, што ім рабіць у той ці іншай сытуацыі».

Героі мультфільму размаўляюць на беларускай мове, адзначае Тацяна Кубліцкая:
Гэта ж беларуская казка. Гэта наша гісторыя і нашы казкі. Трэба размаўляць на мове твору, а любы пераклад зьбядняе

«Гэта ж беларуская казка. Гэта наша гісторыя і нашы казкі. Трэба размаўляць на мове твору, а любы пераклад зьбядняе. У мяне нават думкі не было ставіць беларускую казку на рускай мове. Каманда ў нас падабралася вельмі ўдалая. Сцэнар напісаў Дзьмітрый Якутовіч, кампазытар — Уладзімер Кандрусевіч. Мне дапамагала мастачка Ірына Забэла. Калі казаць пра стыль, то ўсё гэта заснавана на старых беларускіх вышыўках альбо арнамэнтах. Гэта рэчы вельмі прыгожыя, якія заўсёды натхняюць. Яны тонкія, прадуманыя і сымбалічныя. Матэрыял багаты, таму было што прыдумляць».

На тэлебачаньні гэты фільм пакуль не паказвалі, але ён ужо трапіў у інтэрнэт. Гэта зьдзівіла Тацяну Кубліцкую:

«Насамрэч гэта такія пірацкія выкладкі ў інтэрнэт. Бо на некаторых фэстывалях ёсьць умова: калі фільм выкладзены ў інтэрнэце, яго не бяруць на фэстываль. То бок мы яго не выкладалі. А паглядзець яго можна будзе ў сьнежні ў менскім кінатэатры „Перамога“, дзе будзе прадстаўлена праграма беларускіх анімацыйных фільмаў».

Тацяна Кубліцкая скончыла Акадэмію мастацтваў у 1981 годзе і працуе ў cтудыі анімацыйных фільмаў «Беларусьфільму». Яна бярэ таксама ўдзел у анімацыйным праекце «Аповесьць мінулых гадоў», дзе зрабіла фільм пра гербы Шклова і Быхава.

«Вельмі хацела Быхаў зрабіць, бо там непадалёк нарадзілася. І вельмі хацела, каб людзі зьвярнулі ўвагу на замак і тое, што зь ім адбываецца. Вельмі багатая і цікавая гісторыя ў гэтага гораду. Мне шкада, што разбураецца замак».

Фільм «Піліпка» таксама быў прызнаны найлепшым на 53-м Міжнародным кінафэстывалі фільмаў для дзяцей і юнацтва ў Зьліне (Чэхія), адзначаны прэстыжнымі ўзнагародамі на XIV кінафэстывалі дзіцячага кіно «Казка» ў Маскве, на 18-м Адкрытым расейскім фэстывалі анімацыйнага кіно ў Суздалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG