Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр журналіст Генадзь Суднік

абноўлена

Генадзь Суднік
Генадзь Суднік

У Магілёве ў ноч на 24 жніўня на 71-ым годзе жыцьця памёр журналіст Генадзь Суднік. Ён цяжка хварэў. У яго быў рак лёгкіх. За тры дні да скону Генадзь Суднік адзначыў сваё сямідзесяцігодзьдзе.

Генадзь Вітольдавіч Суднік нарадзіўся 21 жніўня 1943 году ў расейскім Арэнбургу. Служыў у танкавых войсках. Вучыўся на журналіста ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Яшчэ за савецкім часам зрабіў неблагую кар’еру журналіста і партыйнага функцыянэра. Пасьля жнівеньскіх падзеяў 1991 году далучыўся да руху БНФ «Адраджэньне».

Больш за сорак гадоў быў знаёмы з Генадзем Суднікам журналіст Анатоль Гуляеў. Пазнаёміліся яны ў далёкім 1971 годзе. Тады спадар Анатоль толькі дэмабілізоўваўся з войска і стаяў на жыцьцёвым раздарожжы. Генадзь Суднік стаў тым, хто падказаў шлях у журналістыку Анатолю Гуляеву. Цяпер журналіст адзначае тое, што было для Генадзя Судніка справаю жыцьця — стварэньне студыі тэлебачаньня Магілёўшчыны. Гэта быў час васьмідзесятых. Магілёў быў тады адзіным з абласных гарадоў Беларусі, дзе не было ўласнай студыі тэлебачаньня:

Анатоль Гуляеў
Анатоль Гуляеў
«Ён так быў захоплены гэтай ідэяй, што пакінуў прэстыжную пасаду, пераехаў зь сям’ёй у Магілёў і пачаў ствараць магілёўскае тэлебачаньне. Яму давялося рабіць усё з нуля, шмат займацца навучаньнем кадраў. У выніку ён стварыў гэты тэлерадыёкамітэт. Беларуская журналістыка ў асобе Генадзя Судніка згубіла ня толькі моцнага журналіста, але і дужа сур’ёзнага арганізатара».

У 1994-м годзьдзе Генадзю Судніку давялося сысьці з пасады старшыні Аблтэлерадыёкамітэту. Для каманды абранага прэзыдэнта журналіст быў чужым. Сябар Генадзя Судніка актывіст руху «За свабоду» Віталь Васількоў згадвае:

«Генадзь Вітольдавіч найперш заявіў пра свае дэмакратычныя погляды і прыналежнасьць да тагачаснага БНФ. Яму проста прапанавалі перадаць справы маладому чалавеку, які прыехаў зь Менску — Ягору Рыбакову. Ён ніколі больш не прасіўся пасьля зыходу зь дзяржаўнага тэлебачаньня на дзяржаўную працу. Для яго гэта было дужа цяжка, але ён прыняў гэта як належнае».

Генадзь Суднік знайшоў сябе ў незалежнай журналістыцы. Рэдактарка навінаў незалежнага тэлеканалу «Магілёў-2» Алена Барысава адна з тых, каму Генадзь Суднік у Магілёве дапамог стаць тэлежурналістам. Генадзь Суднік быў дырэктарам тэлеканалу:

«Уявіць сабе журналістыку ў дзевяностыя без Судніка немагчыма. Для тэлебачаньня ён быў і альфай і амегай. У дзевяностыя, калі ніхто ня ведаў як трэба працаваць на тэлебачаньні, ягонай галоўнай рысай было тое, што ён даверыў працу нам маладым. Ён нам тактоўна падказваў, даваў волю творчасьці. Для маладых журналістаў ён быў апірышчам. З ім можна было пагаварыць, параіцца. Паскардзіцца на ягоныя ж заўвагі. Але толькі потым ты разумееш, як многа ён аддаваў».

Беларушчына была для Генадзя Судніка тым, што вызначала яго выбар у няпростых жыцьцёвых сытуацыях. Усё, за што браўся журналіст было беларускамоўным. Тое адзначае сябра Таварыства беларускай Мовы Міхась Булавацкі:

Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі
«Ён сын вайскоўца і меў права не вучыць беларускую мову і ён яе не вучыў. Але пасьля таго як ён трапіў у рэдакцыю газэты „Магілёўская праўда“, якая на той час была цалкам беларускамоўнай, ён проста ашалеў ад захапленьня мовай, як сам казаў: „Якая прыгожая мова“. Не вывучаючы яе ў школе, сам урэшце засвоіў так, што карыстаўся ёй на прыстойным узроўні. Ён бараніў мову і на радыё і на тэлебачаньні. Гэты чалавек сымбаль беларускай журналістыкі».

Бабруйскі журналіст Анатоль Санаценка, згадваючы Генадзя Судніка адзначае ягоныя чалавечыя якасьці, якія гарманічна спалучаныя з прафэсійнымі:

«У ім была нейкая рэдкая чалавечая цеплыня ды шчырасьць. І гэта дужа прываблівала. Генадзь суднік быў прафэсіянал, якіх мала і гэта цяпер назаўжды. Зь ягоным зыходам Магілёва стала менш».

Генадзь Суднік пасьля зыходу з пасаду старшыні абласной студыі тэлебачаньня акрамя тэлеканалу «Магілёў-2» рэдагаваў грамадзка-палітычныя газэты «Ратуша» і «Тыднёвік магілёўскі», які падаваў матэрыялы клясычным беларускім правапісам — тарашкевіцай.

Сябра Праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сябра ТБМ і беларускага Пэн-цэнтру. Супрацоўнічаў з шэрагам айчынных і замежных мэдыяў.

У яго засталіся дарослы сын і жонка.

Разьвітаньне з Генадзем Суднікам адбудзецца ў Магілёве 25 жніўня ў залі рытуальнага цэнтру на вуліцы Чалюскінцаў. Пахаваюць журналіста на Грузоўскіх могілках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG