Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывіце ў рэальнасьці, а ня ў Фэйсбуку


Чым больш карыстаецеся Фэйсбукам, тым менш вы задаволеныя сваім жыцьцём.

Да такой высновы прыйшлі два навукоўцы, адзін зь Мічыганскага ўнівэрсытэту ў ЗША, а другі зь Лювэнскага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі, якія нядаўна апублікавалі вынікі свайго супольнага досьледу ў часопісе Public Library of Science.

У досьледзе ўдзельнічалі 82 карыстальнікі Фэйсбуку ва ўзросьце прыблізна 20 гадоў. Яны добраахвотна пагадзіліся на працягу двух тыдняў па пяць разоў на дзень даваць справаздачы пра сваё самаадчуваньне і свае наўпроставыя сацыяльныя кантакты цягам дня (тэлефонныя размовы і сустрэчы зь іншымі людзьмі). Дзеля гэтай мэты дасьледнікі пяць разоў на дзень, паміж 10-й гадзінай раніцы і поўначчу, пасылалі гэтым добраахвотнікам адмысловыя кароткія апытальнікі, якія ім трэба было запоўніць.

Пасьля аналізу атрыманых адказаў дасьледнікі дайшлі да высновы, што чым больш чалавек карыстаўся Фэйсбукам паміж запаўненьнем двух чарговых апытальнікаў, тым горшае было ў яго самаадчуваньне пры запаўненьні другога апытальніка ў параўнаньні са справаздачай у папярэднім.

Далася заўважыць і выразная сувязь паміж самаадчуваньнем і кантактамі добраахвотнікаў у рэальным сьвеце: чым больш у чалавека было кантактаў у рэальным сьвеце (тэлефонных размоваў і сустрэчаў), тым больш станоўча яны пісалі пра сваё самаадчуваньне ў апытальніках.

Дасьледнікі адзначаюць, што ні пол добраахвотнікаў, ні памер іх сацыяльных кантактаў, ні заяўленая матывацыя дзеля карыстаньня Фэйсбукам, ні асабісты ўзровень самоты або дэпрэсіі ня мелі ўплыву на вынікі досьледу. Таму яны заключылі, што Фэйсбук, замест таго, каб павялічваць добрае самаадчуваньне чалавека, хутчэй падрывае яго.

Згаданы досьлед, як адзначае Economist, не спрабуе растлумачыць, чаму зносіны ў Фэйсбуку так моцна адрозьніваюцца сваімі наступствамі ад зносінаў у рэальным сьвеце. Але гэтую розьніцу, магчыма, тлумачыць ранейшы досьлед двух нямецкіх сацыёлягаў, аднаго з Дармштацкага ўнівэрсытэту, а другога з Бэрлінскага ўнівэрсытэту імя Гумбальта. Нямецкія навукоўцы, якія сваім досьледам ахапілі 584 карыстальнікаў Фэйсбуку ва ўзросьце прыблізна 20 гадоў, прыйшлі да высновы, што самым частым пачуцьцём, якое ўзьнікае пры карыстаньні гэтай сацыяльнай сеткай, зьяўляецца зайздрасьць. Безупыннае параўноўваньне сябе з падпраўленымі фоткамі і самавыхваляньнем сваіх аднагодкаў, лічаць нямецкія дасьледнікі, выклікае ў карыстальнікаў Фэйсбуку зайздрасьць і падобныя ёй эмоцыі, якія ніякім чынам не паляпшаюць самаадчуваньня.

Цяпер застаецца высьветліць, як адзначае Economist, ці і старэйшыя карыстальнікі Фэйсбуку таксама адчуваюць сябе больш нешчасьлівымі, падтрымліваючы віртуальныя зносіны ў гэтай сацыяльнай сетцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG