Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няхай «Басовішча» застанецца гісторыяй?


Павел Белавус
Павел Белавус
На фэстывалі «Басовішча» ў гэтым годзе я быў трэці раз, але сёлета ўпершыню не як шараговы наведнік, а ў складзе калектыву Vinsent’а. Таму нават не хачу параўноўваць з тымі адчуваньнямі і ўражаньнямі, якія былі ў 2007, калі я, студэнт-змагар, ехаў на фэст упершыню.

Здаецца, часу ня шмат прайшло. Тады, у 2007 годзе, фэст праходзіў 18-ты раз, адзначаў сваё паўналецьце і працягваўся тры дні. Зараз гэта быў ужо 24-ты фэстываль у лесе за 15 кілямэтраў ад мяжы Беларусі.

Тады аўтобусам, які зь Берасьця арганізаваў Рух «За свабоду», з намётам я ехаў на першы свой оўпэн-эйр. Ехаў, каб убачыць «Басовішча», пра якое шмат чуў, каб удосталь паматляць сьцягам, каб пазнаёміцца і патусавацца з такімі ж беларускамоўнымі студэнтамі-змагарамі зь Менску ці Горадні, каб напоўніцу адчуць сябе сваім сярод падобных на мяне, каб адразу ў адным месцы пачуць Крамбамбулю, N. R. M., Краму, BN, Нэйра Дзюбель, Сьцяну ды іншыя гурты. Тады гэта ўсё атрымалася.

Другі раз на «Басовішча» я прыехаў у 2009-м годзе, калі фэст адзначаў дваццацігодзьдзе, а я ўжо скончыў унівэрсытэт і мяне хвалявалі пытаньні: Як адкасіць ад войска? Што рабіць з разьмеркаваньнем у Ляхавіцкі раён? Ды што рабіць увогуле? І з-за гэтых усіх праблемаў я не магу ўзгадаць нейкіх дакладных уражаньняў ад другога майго «Басовішча».

Праглядаючы цяпер праграму і фатаздымкі з таго фэстывалю, магу сказаць, што ён прайшоў гучна і запамінальна, ня горш за мае першыя Басы.





Дык вось пік фэстывалю прыпадае якраз на 2007 год. У тым годзе ён быў ажно тры дні з удзелам сапраўды найлепшых беларускіх гуртоў ды вялікай конкурснай часткай, у якой прымала ўдзел 10 маладых гуртоў зь беларускамоўнымі праграмамі.
На Вікіпэдыі ёсьць выдатная публікацыя, у якой па гадах ад першага і да апошняга фэстывалю расьпісаныя яго праграмы і склады ўдзельнікаў. Гэтая публікацыя дазваляе ня толькі прасачыць гісторыю фэстывалю, але і скласьці пэўнае ўяўленьне што ж такое «Басовішча» і чаму фэстываль, які 24 гады праходзіць штогадова на тэрыторыі Польшчы, можна ня толькі лічыць паўнавартасна беларускім, але яшчэ і важным чыньнікам у разьвіцьці беларускамоўнай музычнай сцэны.

Дык вось пік фэстывалю прыпадае якраз на 2007 год. У тым годзе ён быў ажно тры дні з удзелам сапраўды найлепшых беларускіх гуртоў ды вялікай конкурснай часткай, у якой прымала ўдзел 10 маладых гуртоў зь беларускамоўнымі праграмамі. Усе ахвотныя маглі прайсьці стандартную працэдуру, атрымаць візу ды паехаць на фэстываль на арганізаваных зь Менску, Берасьця і Горадні аўтобусах.

DZIECIUKI -- Мужыцкая праўда (Басовішча 2013


У 2008-м фэстываль стаў зноў двухдзённым, конкурсная праграма скарацілася да шасьці гуртоў.

У 2009-м Басы адзначалі 20-годзьдзе, таму было не да конкурснай праграмы.

У 2010 гурт Akute перамог у конкурснай частцы, а фэстываль упершыню наведаў гурт Ляпіс Трубяцкой.

У 2011-м і 2012-м фэстываль, відавочна, у зьмястоўным пляне і традыцыйным яго бачаньні пайшоў на спад.
Проста я ня ўбачыў на фэстывалі той атмасфэры, якая была яму характэрная.
І вось у 2013 я разам зь Vinsent’ам і яго музыкамі прыехаў на «Басовішча» трэці раз. Патрапіў толькі на другі дзень, ня бачыў выступаў шматлікіх гуртоў, але нягледзячы на гэта, адчуваньне, што тых «Басоў», якімі яны павінны быць ці якімі я прывык іх бачыць, ужо няма. І тут не ідзе размова пра ўзровень арганізацыі, якая агулам мяне і музыкаў задаволіла. Проста я ня ўбачыў на фэстывалі той атмасфэры, якая была яму характэрная.

Басовішча 2007. NRM. Мінск - Менск.


Няма такіх, якім быў і я, студэнтаў-змагароў, абмотаных сьцягамі. Няма ў праграме тых гуртоў, якія там былі заўжды і дзеля якіх ехалі. Няма беларусаў у той колькасьці. Няма конкурснай праграмы з удзел маладых гуртоў, якія год рыхтаваліся, пісалі песьні, перакладалі старыя трэкі і перазапісвалі іх па-беларуску, каб толькі трапіць на «Басовішча».

Але чаму няма?

Бо, падаецца, фэстываль трапіў у фазу зьмены пакаленьняў. Адно пакаленьне арганізатараў прыйшло на зьмену іншаму са сваімі поглядамі, ідэаламі і музычнымі прыхільнасьцямі.

Беларускія гурты, якія раней кожны год езьдзілі выступаць на Басовішча, перайшлі ў статус легендарных, культавых, зьніклых, неіснуючых, трыа ды інш.
Новыя беларускамоўныя гурты-хэдляйнэры зьяўляюцца, але яшчэ не ўзялі тых вышыняў і статусаў, на якія ў свой час залезьлі хэдлайнеры Басоў першага і другога дзесяцігодзьдзя.

Бо, падаецца, фэстываль трапіў у фазу зьмены пакаленьняў. Адно пакаленьне арганізатараў прыйшло на зьмену іншаму са сваімі поглядамі, ідэаламі і музычнымі прыхільнасьцямі.
Бо адчуваецца, што арганізатары ў Польшчы спрабуюць самастойна зрабіць фэстываль «музыкі маладой Беларусі», не далучаючы да працэсу падрыхтоўкі арганізатараў і зацікаўленых людзей зь беларускага боку.

Бо няма той яскравай актыўнай грамадзкай апазыцыйна-рэвалюцыйнай супольнасьці, якая натхнялася і ядналася ў тым ліку агульнымі музычнымі прыхільнасьцямі. І для гэтай супольнасьці Басы зьяўляліся бадай што адзіным месцам агульнага збору раз на год. Цяпер значная частка гэтай супольнасьці разьехалася па розных краінах, альбо для многіх зь іх апазыцыйна-рэвалюцыйны стан пераўтварыўся ў руцінную безвыніковую штодзённую працу.

БАСОВІШЧА 2011


Таму хочацца параіць арганізатарам, якія зацікаўленыя ў правядзеньні і далейшым жыцьці «Басовішча», не пераўтвараць яго ў польскі фэстываль з удзелам некалькіх найбольш цікавых і актыўных беларускіх гуртоў, вырашыць візавыя пытаньні ды працаваць сумесна зь беларускімі канцэртнымі арганізатарамі, каб у наступным годзе 25-ты юбілейны фэстываль прайшоў гучна і пасьпяхова ды стаў новым штуршком для яго разьвіцьця.

У іншым выпадку, няхай фэстываль застанецца гісторыяй.

Таксама чытайце блог Яна Максімюка пра тое, якім быў фэстываль «Басовішча» на пачатку 90-х.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG