Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэпалец патрабуе маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі ад Беларусі


Грамадзянін Нэпалу, кіраўнік азіяцкага падразьдзяленьня Міжнароднай асацыяцыі коўчаў і трэнэраў (ICTA — International Coach&Trainer Association) Індра Гурунг патрабуе ад беларускіх уладаў тлумачэньняў, на якой падставе была ануляваная ягоная віза.

Спадар Гурунг прыляцеў у Беларусь для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі, аднак у менскім аэрапорце памежнікі завярнулі яго назад, а на візе тройчы паставілі штамп «анулявана». Апроч таго, нэпальскі бізнэсовец разьлічвае на кампэнсацыю дарожных выдаткаў, якія склалі некалькі тысяч эўра.

Арганізатар менскай канфэрэнцыі — дырэктар «Коўчынг Цэнтру», майстар-трэнэр ICTA Міхаіл Дзернакоўскі — асабіста сустракаў нэпальскага калегу ў Нацыянальным аэрапорце. Аднак усе пасажыры з тэрміналу выйшлі, а Індра Гурунг так і не зьявіўся:

«Дзесьці ў 12.47 прызямліўся самалёт, выйшлі пасажыры, а спадара Гурунга няма. Туды-сюды схадзіў, у даведку зьвярнуўся — інфармацыі не даюць. Падняўся ў Austrian Airlines (ён празь Вену ляцеў), па прозьвішчы сказалі, што памежнікі яго адправілі назад. Выйшаў начальнік зьмены, я пацікавіўся, на якой падставе наш госьць завернуты. Той сказаў, што нібыта парушыў нейкі 30-ты артыкул, але там шмат пунктаў, таму канкрэтна нічога не праясьніў. Калі я запытаў, ці можна яму паўторна ўехаць у Беларусь, мне адказалі, што нічога асаблівага ён не парушыў, мы яго нават не дэпартавалі, а па адваротным квітку перааформілі на той дзень і вярнулі ў Вену. Але з улікам, што цярпела наша рэпутацыя — усе чакалі, што будуць прадстаўнікі з розных рэгіёнаў — набылі паўторны білет бізнэс-клясу. Тым больш, МЗС ніякіх пытаньняў да спадара Гурунга ня мела, усе дакумэнты нармальныя, візу ён, хутчэй за ўсё, атрымае. Але памежнікі, калі даведаліся, што ён зноў ляціць, прыйшлі ў Austrian Airlines і сказалі, што паўторна яго ня пусьцяць. Сапраўдных прычынаў я дагэтуль ня ведаю».

Ужо зь Вены Індра Гурунг праз інтэрнэт напісаў Міхаілу Дзернакоўскаму, што ашаломлены сытуацыяй: памежнікі нічога не запыталі, не ўдакладнілі, а проста загадалі ляцець назад. Пры тым, што на этапе афармленьня беларускай візы ніякіх пытаньняў не ўзьнікала:

«Яшчэ з Катманду ён напісаў у амбасаду Беларусі ў Індыі — якім чынам можна атрымаць беларускую візу. Яму адказалі, што можа атрымаць візу проста ў менскім аэрапорце, паколькі ў Нэпале няма беларускага дыппрадстаўніцтва, альбо прыехаць па візу ў Дэлі. Каб падстрахавацца, вырашыў усё ж паехаць у Дэлі. Натуральна, давялося набыць квіток на самалёт туды-назад, нейкі час яшчэ там знаходзіўся, пакуль рабілі візу, потым афармляў яшчэ беларускую мэдычную страхоўку. А калі ўсё было ў парадку, набыў квіток да Менску — гэта парадку 1200 эўра. То бок дарожныя выдаткі дастаткова сур’ёзныя. Што да выдаткаў нашых, то мы іх у асноўным несьлі, запрашаючы замежных трэнэраў, але ў дадзеным выпадку гэта выдаткі перадусім рэпутацыйныя і ў большай ступені праблемы зь іміджам».

Як расказаў Міхаіл Дзернакоўскі, у Менску была заплянаваная двухтыднёвая міжнародная канфэрэнцыя. Яна сабрала блізу сотні адмыслоўцаў, якія працуюць пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі коўчаў і трэнэраў. У выніку на мерапрыемства ня трапіў толькі адзін — Індра Гурунг:

«У нас была канфэрэнцыя і сход International Coach&Trainer Association — канфэрэнцыя Асацыяцыі трэнэраў і коўчаў. Гэта сфэра навучаньня пэрсаналу, некаторыя аспэкты, зьвязаныя з мэнэджмэнтам — то бок навучаньне пэўным тэхналёгіям кіраваньня пэрсаналам. Індра Гурунг зьяўляецца прадстаўніком азіяцкага крыла дадзенай асацыяцыі. Ён дырэктар кампаніі Coach Vision у Нэпале, у ягоным паслужным сьпісе некалькі дзясяткаў буйных кліентаў азіяцкага рынку. Ува ўсіх адносінах годны чалавек, з шырокім колам інтарэсаў; добрая адукацыя, выдатная ангельская мова. Мы яго запрасілі сюды для таго, каб ён паўдзельнічаў у агульнай канфэрэнцыі, каб вызначыць стратэгію разьвіцьця асацыяцыі, некаторыя аспэкты, крытэрыі сэртыфікацыі, будучыя мерапрыемствы ды шмат што іншае».

Вяртаньне дадому для Індры Гурунга зацягнулася амаль на тыдзень — стыкавых рэйсаў не было, і давялося ляцець праз Бангкок. Апроч таго, высьветлілася, што яшчэ па дарозе ў Менск згубіўся ягоны багаж. З улікам таго, што ў чамаданах засталіся падзарадныя прыстасаваньні для тэлефона і кампутараў, праз пэўны час нэпальскі пасажыр увогуле застаўся бяз сувязі. Як кажа Міхаіл Дзернакоўскі, цяпер Індра Гурунг мае намер спагнаць зь беларускага боку ня толькі маральныя, але і матэрыяльныя страты:

«Па-першае, матэрыяльныя страты. Па-другое, чыста маральнае прыніжэньне,
мне як беларусу было крыху крыўдна за імідж: нібыта наверсе ідуць дастаткова актыўныя ініцыятывы супрацоўніцтва з Азіяй, іншымі краінамі, а ўнізе такія рэчы часам незразумела чаму блякуюцца
што ёсьць вялікай праблемай. Шчыра кажучы, мне як беларусу было крыху крыўдна за імідж: нібыта наверсе ідуць дастаткова актыўныя ініцыятывы супрацоўніцтва з Азіяй, іншымі краінамі, а ўнізе такія рэчы часам незразумела чаму блякуюцца. Ня ведаю, можа, ёсьць прычыны іншыя, пра якія я ня ў курсе, але прынамсі мне пра іх ні памежнікі, ні сам спадар Гурунг нічога не сказалі. Тым больш — усе ўдзельнікі нашай канфэрэнцыі пра гэты выпадак ведаюць, таму пэўны нэгатыўны рэзананс узьнік. Парадку сотні чалавек у курсе гэтага інцыдэнту — расейцы, украінцы, нашы беларусы, прадстаўнік ключавога зьвяна кіраўніцтва ICTA з Даніі».

Па тлумачэньні Індра Гурунг зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі і ў беларускую амбасаду ў Дэлі. Ён зазначае, што зь вялікім жалем успрыняў тое прыніжэньне, якое давялося вытрымаць у Беларусі: «Хоць на вышэйшым узроўні і дэкляруецца неабходнасьць пашырэньня нашых эканамічных і дыпляматычных адносінаў з Азіяй, але такія ганебныя прыклады негуманных паводзінаў наўрад ці калі дазволяць нам палепшыць любыя стасункі — мы так і застанемся на адлегласьці», — напісаў Індра Гурунг.

Па словах нэпальскага адмыслоўца, ён быў вельмі ўзрушаны перад паездкай у Беларусь, бо спадзяваўся на абмен ідэямі і ведамі ў сфэры падрыхтоўкі і навучаньня пэрсаналу, каб спрыяць разьвіцьцю эканомікі і бізнэсу ў рэгіёне. Аднак замест гэтага, рэзюмуе спадар Гурунг, ён патраціў толькі час і грошы: «Я ў шоку пасьля перажытых крыўдаў і прыніжэньня, — піша ён у лісьце, — таму шчыра спадзяюся на выбачэньні і хоць бы частковую кампэнсацыю маіх выдаткаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG