Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макея могуць пусьціць у Эўропу


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

На панядзелак, 24 чэрвеня, заплянаванае штомесячнае паседжаньне міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у Эўразьвяз.

На ім са сьпісу неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу могуць выключыць кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімера Макея.

Першым пра магчымасьць зьняцьця візавых санкцыяў са спадара Макея паведаміў 10 дзён таму намесьнік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас. Тады ён казаў, што абмежаваньні могуць быць зьнятыя на той час, пакуль Уладзімер Макей будзе займаць пасаду міністра.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які напрыканцы мінулага тыдня сустракаўся з шэрагам эўрапейскіх палітыкаў, так камэнтуе для «Свабоды» сытуацыю:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Такое рашэньне на палітычным роўні сапраўды існуе. Але тэхнічна, юрыдычна яно яшчэ не аформленае. Дыскусія на гэтую тэму працягваецца. І падчас апошняй сустрэчы з эўрапейскімі палітыкамі ў Вільні мы гэтае пытаньне абмяркоўвалі.

Тут слабое месца якое? Ёсьць правіла — то бок гэтыя „чорныя сьпісы“. І калі гавораць пра выключэньне з правілаў, то атрымліваецца, што выключэньне мацнейшае за само правіла. І ў гэтым ёсьць парадокс. Калі б ужо так стаяла пытаньне, што трэба прынцыпова некага запрасіць у Эўропу ад улады, каб перадаць яму моцнае пасланьне з боку Брусэлю, то ёсьць шмат людзей, якія не знаходзяцца ў гэтым сьпісе і маглі б выканаць гэтую ролю. Я думаю, слабасьць гэтага рашэньня ў тым, што робіцца выключэньне для чалавека са сьпісу. І гэта разумеюць многія палітыкі».

«Значыць, у Эўразьвязе няма пакуль агульнай думкі па гэтым пытаньні?» — удакладняю ў спадара Лябедзькі:

«Ёсьць краіны, якія больш заангажаваныя на Беларусь. Гэта нашы бліжэйшыя суседзі — Польшча, Літва, Латвія. І краіны, для якіх усходні вэктар палітыкі заўжды зьяўляўся моцным. Гэта — Швэцыя, Нідэрлянды. І ёсьць краіны, якія на гэта менш заангажаваныя. На сёньняшні дзень найбольш жорсткай пазыцыі трымаецца Польшча. І гэта адсочваецца і па Эўрапарлямэнце, і па Міністэрстве замежных спраў».

Калі санкцыі з Уладзімера Макея сёньня здымуць, то 22 ліпеня ён зможа ўдзельнічаць у паседжаньні міністраў замежных спраў краін «Усходняга партнэрства», якое адбудзецца ў Брусэлі.

З прапановай запрасіць спадара Макея на гэтую сустрэчу першым выступіў, яшчэ 22 красавіка, міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Ён заклікаў сваіх калегаў па Эўразьвязу да дыялёгу зь Беларусьсю. «З набліжэньнем саміту Эўразьвязу і краін „Усходняга партнэрства“ ў Літве важныя рэгулярныя дыскусіі аб яго магчымых выніках», — заявіў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі.

Саміт «Усходняга партнэрства» пройдзе ў лістападзе 2013 году ў Вільні. Апошнія месяцы Брусэль і Менск вядуць актыўныя кансультацыі аб прадстаўніцтве Беларусі на гэтым форуме. Зь неафіцыйных крыніцаў вядома, што прысутнасьць на саміце Ўладзімера Макея ўвязваецца з вызваленьнем і рэабілітацыяй беларускіх палітвязьняў.

Уладзімер Макей быў унесены ў «чорны сьпіс» у студзені 2011 году як асоба, якая мае дачыненьне да жорсткага разгону ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году і далейшага перасьледу актывістаў апазыцыі. На той час ён займаў пасаду кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Цяпер у сьпісе неўязных 230 асобаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG