Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска дажыла да 113 гадоў, не зьвяртаючыся да лекараў


Міхаліна Сікор
Міхаліна Сікор

Мэдыцынскую картку ў паліклініцы жыхарка Сьвіслачы завяла на 114-м годзе жыцьця.

У пашпарце Міхаліны Сікор запісана, што яна нарадзілася 1 студзеня 1900 году.

Цяпер доўгажыхарка жыве ў сваёй дачкі Серафімы Барадзюк, 1940 году нараджэньня.

Серафіма Барадзюк распавяла карэспандэнту «Свабоды», што ейная маці толькі сёлета завяла мэдыцынскую картку ў мясцовай паліклініцы, а дагэтуль ніколі не зьвярталася да лекараў.

Міхаліна Сікор у свае 113 гадоў усё больш ляжыць у ложку, амаль ня можа размаўляць, хоць на словы суразмоўцы ясна рэагуе ківаньнем галавы і нават усьмешкай.

Яна нарадзілася ў вёсцы Працуцічы Сьвіслацкага раёну, паблізу Белавескае пушчы, сама выгадавала чатырох дачок, бо муж заўчасна памёр, перажыла вайну і раскулачваньне, працавала ў калгасе рознарабочай.

Паводле спадарыні Серафімы, маці, як і яна сама, усё жыцьцё толькі рабіла, нідзе ня езьдзіла, не адпачывала. Сёлета аступілася і ўдарылася аб ложак. Выклікалі тэрапэўта — і высьветлілася, што ў спадарыні Міхаліны не было нават мэдыцынскай карткі ў паліклініцы.

Паводле яе дачкі, спадарыні Серафімы, маці ніводнага разу ў сваім жыцьці не была на прыёме ў лекараў, ніколі не ўжывала парашкоў і не праходзіла флюараграфію.

Спадарыня Серафіма дадае, што за доўгія гады жыцьця яе маці ў Сьвіслачы ніхто ніколі не цікавіўся ейным даўгалецьцем: не наведваліся ні ўлады, ні піянэры, ні проста цікаўныя людзі. Праўда, аднойчы пра яе напісалі ў мясцовай газэце.

***

Найстарэйшым чалавекам на сьвеце лічыцца японец Дзіроэман Кімура, якому ў красавіку сёлета споўнілася 116 гадоў. Кімура – адзіны на сьвеце жывы мужчына, які нарадзіўся ў ХІХ стагодзьдзі.

Найстарэйшай жанчынай на сьвеце зьяўляецца японка Місао Окаўа, якой у сакавіку сёлета споўнілася 115 гадоў.

Ацэньваецца, што на сьвеце могуць жыць 200-300 чалавек, якім споўнілася 110 гадоў. Аднак гэты ўзрост удалося пацьвердзіць дакумэнтальна ў выпадку ня болей чым 70 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG