Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Русские идут"


На дзень Перамогі 9 траўня ў Маскве адбылася падзея, якую ў параўнаньні з вайсковым парадам і іншымі сьвяточнымі мерапрыемствамі ў Расеі можна назваць малапрыкметнай. Але наступствы гэтай падзеі могуць быць (і хутчэй за ўсё будуць) вельмі і вельмі нават прыкметныя.

У той дзень у памяшканьні Дзяржаўнага Гістарычнага музэю адбылася прэзэнтацыя новага тэлевізійнага каналу «История».

У афіцыйных паведамленьнях з нагоды запуску тэлеканалу сказана, што гэта дзясяты лічбавы канал ВГТРК і трэці ў так званай пазнавальнай лінейцы, што ён будзе даступны гледачам Расеі і краін СНД, што ў дзень запуску яго аўдыторыя складала 5 мільёнаў чалавек і што ўжо цяпер вядуцца перамовы з найбуйнейшымі апэратарамі кабэльнага тэлебачаньня на тэрыторыі СНД аб уключэньні новага каналу ў іх пакеты. Зразумела, будуць яго свабодна прымаць і ўсе тыя, хто мае «перашытыя» прымачы спадарожнікавага тэлебачаньня.

На самой прэзэнтацыі гаварылася, што падобныя тэлеканалы ёсьць у Францыі, Нямеччыне, Ангельшчыне і што тыя каналы глядзяць на гісторыю францускімі, нямецкімі і ангельскімі вачыма. І вось новы канал, маўляў, пакліканы прадставіць расейскі погляд на гісторыю. Калі я ў рэпартажы пра прэзэнтацыю пачуў пра гэты вось «расейскі погляд», то першыя думкі-словы, што прыйшлі ў галаву ў той момант: «Бедная Беларусь і бедныя беларусы...»

Так мне падумалася таму, што наша краіна і наш народ, здаецца, сёньня найбольш безабаронныя перад тым, што можна назваць гістарычнай і гістарыяграфічнай экспансіяй Расеі, бо сярод усіх суседзяў Расеі мы найбольш русыфікаваныя. А Крэмль тым часам, як і РПЦ, для пашырэньня так званага «русского мира» грошай і высілкаў не шкадуюць.

На першы погляд сярод прэм’ераў новага каналу называюцца бяскрыўдныя пазнавальныя праграмы пра расейскую і сусьветную гісторыю (суадносіны эфіру 70% на 30%). Але вось новапрызначаны галоўны рэдактар каналу «История» Аляксей Дзянісаў на прэзэнтацыі заявіў: мы будзем вяшчаць аб тым, што нам баліць. А пра тое, што баліць гэтаму чалавеку, можа даведацца кожны, калі пашукае інфармацыю пра яго ў Google. Мне такі пошук не спатрэбіўся, бо я і так добра памятаю шавіністычны і ксэнафобскі цыкль перадач «Русскій Міръ», аўтарам якога разам з Барысом Кастэнкам ў пачатку 90-х гадоў быў Аляксей Дзянісаў. Тады супраць гэтага праекту ОРТ пратэставала ці ня ўся прагрэсіўная і дэмакратычная маскоўская эліта. І ён урэшце быў зачынены.

Калісьці заснавальнік СССР назваў кіно «найважнейшым з мастацтваў». Яму цяжка адмовіць у праніцальнасьці. Сапраўды жывая карцінка за наступныя 100 гадоў, памалу перамяніўшыся ў тэлебачаньне і зросшыся зь ім, дашчэнту апанавала мазгі народных масаў практычна ва ўсіх краінах сьвету. Сёньня тэлебачаньне (разам з інтэрнэтам і ўжо зрастаючыся зь ім) — валадар думак, мараў і памкненьняў новых пакаленьняў.

Крамлёўскія валадары вельмі добра адчуваюць трэнды часу. Апошнія гады пра патрэбу змаганьня з «фальсыфікацыямі гісторыі» ў Расеі ня раз гаварылася на самым высокім узроўні, уключаючы і прэзыдэцкі. Валадарам не падабаюцца спробы сумленных гісторыкаў паказаць адмоўныя бакі расейскай гісторыі савецкага часу, Айчыннай вайны, расейкай тэрытарыяльнай экспансіі на ўсход, захад і поўдзень, канфэсійнай гісторыі Расеі і інш. І вось адкрыцьцё новага каналу азначае, напрыклад, і тое, што там ужо ніколі не пакажуць фільм пра славутую танкавую бітву пад Прохараўкай (1943 г.), які я глядзеў на РТР гадоў пяць назад і зь якога даведаўся, што страты савецкага боку ў той эпахальнай і, галоўнае, пераможнай бітве склалі 500 танкаў, а нямецкага — 3 (тры)...

У пачатку 80-х гадоў, калі мяне разам зь іншымі першакурсьнікамі гістфаку БДУ пасьвячалі ў студэнты, дзяўчаты са старэйшых курсаў прышпілілі нам на лацканы пінжакоў жоўтых папяровых куранятаў з чырвоным лацінскім надпісам «Нistoria est magistra vitae». Гісторыя сапраўды зьяўляецца настаўніцай жыцьця, але ня толькі ў тым сэнсе, што яна вучыць не паўтараць памылкі мінуласьці. Гісторыя — наогул вучыць, нясе культуру ў простым, непераносным сэнсе гэтага слова. Адукаваны чалавек — адукаваны і гістарычна, а можа — і найперш гістарычна.

Як павінны былі б адказаць на адкрыцьцё вяшчаньня новага расейскага тэлеканалу суседнія краіны, асабліва тыя, што маюць адрозныя ад расейскага погляды на ўласнае мінулае? Натуральна, або забараніць нацыянальным апэратарам уключаць яго ў свае пакеты, або не забараняць, але адкрыць уласны аналягічны канал, які мог бы годна прадставіць нацыянальную альтэрнатыву расейскай гістарычнай экспансіі. Зразумела, ні таго, ні другога не адбудзецца ў Беларусі. Таму і шкада нашых дзяцей (і ня толькі іх).

Калісьці ў савецкія часы ў акадэмічных інстытутах рэальнай навукай займаліся 10-20 працэнтаў супрацоўнікаў — астатнія былі, як тады казалі, «дочкамі партыйных сакратароў», яны ціха баранілі свае бляклыя, кан’юнктурныя дысэртацыі і карысталіся ўсімі выгадамі акадэмічнага статусу, у тым ліку і правам на 20 лішніх мэтраў жылой плошчы, якія належаліся кандыдатам навук.

Здаецца, што цяпер сытуацыя яшчэ горшая. Штаты і фінансваньне гуманітарных інстытутаў Акадэміі скарацілі, некаторыя інстытуты зусім ліквідавалі, а тыя, што застаюцца, заціснутыя не слабейшымі за часы СССР ідэалягічнымі абцугамі. За апошнія 10-15 гадоў нямала гісторыкаў было выкінута з акадэміі і ўнівэрсытэтаў. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба, дастаткова згадаць нядаўні пагром гісторыкаў у Горадні... Вядзецца наступ і на незалежную гуманітарную супольнасьць — зычынілі, напрыклад, часопіс «АРХЭ», які адзін выконваў ролю акадэмічнага гістарычнага інстытуту...

Тым большая адказнасьць кладзецца на нешматлікіх беларускіх незалежных гісторыкаў, якія, ня гледзячы на звальненьні і рэпрэсіі, не пакідаюць сваёй сумленнай працы. Здымаю перад імі капялюш.

Здымаю капялюш... і ўспамінаю пра двух сваіх унівэрсытэцкіх выкладчыкаў, жыцьцё і дзейнасьць якіх могуць стаць для цяперашніх гісторыкаў сапраўдным і вартым перайманьня прыкладам.

Гэта дацэнты Юры Драгун і Леў Міхайлоўскі.

Абодва гэтыя выкладчыкі былі на гістфаку БДУ як бы маргіналамі. Калі пра іх гаварылі іншыя выкладчыкі, то давалі зразумець, што гэта, мякка кажучы, дзівакі і намякалі, што яны, як тады, казалі, «злоупотребляют...» У сэнсе, злоўжываюць алькаголем. Для студэнтаў гістфаку курсы гэтых выкладчыкаў сапраўды не былі прыярытэтнымі. Дацэнт Драгун выкладаў гістарыяграфію і крыніцазнаўства, а дацэнт Міхайлоўскі вёў у нас практычныя заняткі па гісторыі СССР.

Тым больш было дзіўна слухаць тое, пра што яны нам расказвалі. І адбывалася гэта не ў сучаснай Беларусі, дзе выкладчыка за такое могуць звольніць. Гэта адбывалася ў СССР 80-х гадоў, дзе за гэта можна было пацярпець і значна больш сур’ёзна.

Свае лекцыі па гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве Юры Драгун, высокі, сівы, стрыманы чалавек, ператварыў у дзівосныя аповеды пра паўставаньне расейскай вэрсіі гісторыі Беларусі пачынаючы ад ХVIII стагодзьдзя. Павольна, раскладаючы ўсё па пэрыядах і датах, імя за імем, публікацыю за публікацыяй, кнігу за кнігай ён паказаў нам, як імпэрыя паступова выпрацоўвала сваю канцэпцыю беларускай гісторыі і фальсыфікавала нашу мінуўшчыну, як выбарачна публікавала крыніцы, а непатрэбныя — зьнішчала падчас працы розных археаграфічных камісіяў. Нецікавы на першы погляд прадмет — гістарыяграфія — ператварыўся для нас ў найцікавейшую гісторыю гістарычнай навукі, гісторыю гісторыі. Тады мы даведаліся, напрыклад, што агульнавядомы тэкст ліста канцлера Лява Сапегі да архібіскупа Язафата Кунцэвіча з папрокамі за перасьлед праваслаўных быў сфальсыфікаваны расейскім гісторыкам Бантыш-Каменскім яшчэ ў канцы ХVIII стагодзьдзя, калі Кацярына ІІ даручыла яму скласьці для яе гісторыю Уніі. А насамрэч канцлер Сапега ўзначаліў камісію па расьсьледаваньні забойства Кунцэвіча і пакараў бунтаўшчыкоў сьмерцю. Даведаліся мы і пра 20-гадовы пэрыяд антыалькагольных паўстаньняў у Беларусі ў ХІХ стагодзьдзі пад кіраўніцтвам каталіцкіх і уніяцкіх сьвятароў і пра шмат што іншае. Наогул зь лекцыяў Юрыя Драгуна вынікала, што самым галоўным часам у духоўным занявольваньні беларускага народу, сапраўднай нашай катастрофай стала ХІХ стагодзьдзе.

Леў Міхайлоўскі, стомлены, сівы, лысаваты чалавек з пацёртым партфэлем прыйшоў неяк да нас замяніць хворага выкладчыка. На нашу ўдачу, хварэў малады выкладчык доўга, таму дацэнт Міхайлоўскі практычныя заняткі замест яго вёў таксама доўга. І расказваў ён нам тое, пра што яшчэ і сёньня нельга прачытаць у працах гісторыкаў, а тым больш у падручніках. Ад яго мы, напрыклад, даведаліся страшныя падрабязнасьці таго, што прынята называць Патопам сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Спакойна, бяз пафасу і надрыву, дацэнт Міхайлоўскі пералічаў, колькі дзясяткаў або сотняў жыхароў засталося пасьля праходу войскаў расейскага цара Аляксея Міхайлавіча ў тым ці іншым беларускім горадзе або павеце. Цяпер дакладна ня памятаю, у Менску, здаецца, засталося каля 170 чалавек. Але больш важнымі былі іншыя падрабязнасьці тае вайны. Я цяпер называю гэта імпартам тэхналёгіяў.

Кожны расейскі ваявода, казаў нам дацэнт Міхайлоўскі, меў у сваім абозе спэцыяльныя брыгады для росшуку майстроў. Прыходзіла такая брыгада, скажам, у нейкую вёску ці мястэчка. І калі забіралі каваля, то разам зь ім забіралі і яго жонку, дзяцей, усіх яго падмайстраў і вучняў, забіралі, дэмантаваўшы, усё начыньне кузьні і ўсё жалеза ў навакольлі, нават завесы зь дзьвераў зрывалі. Усё гэта грузілася і вывозілася ў Расею. І так ва ўсіх сфэрах матэрыяльнага і культурнага жыцьця. Грандыёзнае, плянэтарнага маштабу абрабаваньне аднаго народу другім. Тысячы і тысячы зьняволеных людзей панура брылі за падводамі, на якіх везьлі на ўсход прылады іх працы — размаітыя варштаты, адліўныя формы, друкарскі, ткацкі, сьлясарскі, плотніцкі, сталярскі, брукарскі, мулярскі рыштунак... Беларусь перадала тады Расеі больш высокую матэрыяльную і духоўную культуру барока, а сама пасьля той катастрофы так ніколі ўжо і не паднялася.

Той грандыёзны імпарт тэхналёгіяў даў штуршок наступным матэрыяльным і палітычным посьпехам Расеі ва ўсіх сфэрах. А прафэсар Лаўрэн Абэцэдарскі пасьля захапляўся дасягненьнямі беларускіх майстроў у Расеі XVII стагодзьдзя, ня кажучы сваім студэтнам, як гэтыя майстры туды трапілі. Затое ён усьлед за расейскімі фальсыфікататармі ХІХ стагодзьдзя вывучаў нейкую неіснуючую «барацьбу беларусакага народу за ўзьяднаньне з Расеяй».

Спадзяюся, некалі напішу больш падрабязна пра двух сваіх выдатных настаўнікаў — дацэнтаў Юрыя Драгуна і Лява Міхайлоўскага.

А ў сучаснай Беларусі гісторыкі кшталту маіх выкладчыкаў жывуць таксама. Не сумняваюся, што ня гледзячы ні на што яны не складуць рукі і працягнуць сваю высакародную справу.

А справа гэтая — глядзець на гісторыю сваімі ўласнымі вачыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG