Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла Нінэль Шчасная

абноўлена

Мастачка Нінэль Шчасная памерла на 80-м годзе жыцьця пасьля працяглай хваробы.

У 1961 годзе яна скончыла Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе. Сярод яе твораў — карціны «Вясёлка», «Васількі», «Самотная», «Налібоцкая пушча», партрэты Максіма Танка, Уладзімера Дубоўкі, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Аркадзя Куляшова.

Разьвітаньне з заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі адбудзецца апоўдні 17 траўня ў менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы.

Марачкін: Ніхто так не мог пісаць, як Нінэль


Мастак Аляксей Марачкін добра ведаў Нінэль Шчасную: «Не стала нашай арыгінальнай мастачкі Нінэль Шчаснай. Мы, крыху маладзейшыя, звалі яе заўсёды Палачанкай, бо яна хадзіла ў такім адметным строі, што адчувалася повязь са старажытнасьцю, з даўнімі часамі. Разам з тым яна была вельмі сучаснай.

Калі на пачатку 70-х мы вучыліся ў інстытуце, яна зрабіла першую выставу у Доме архітэктара. Гэта было нешта нечаканае ўбачыць такія творы, гэта было новае, арыгінальнае па плястыцы, фактуры і жывапісных адметных прыёмах.

Старэйшае пакаленьне, народныя мастакі Ахрэмчык, Зайцаў, Ліўшыц, насьцярожана ставіліся да яе. Бо гэта насамрэч была арыгінальная мастачка. Вельмі шкада, што яе не стала.

Але яна ўпісала ў гісторыю выяўленчага мастацтва адметную старонку. Узяць хаця б яе партрэты, знакаміты псыхалягічны, арыгінальны партрэт Дубоўкі, зь якім яна была знаёмая. У тыя гады мы рыхтаваліся да выставы, прысьвечанай стагодзьдзю Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Яна напісала працу, якая ў мяне перад вачыма: постаць Цёткі ў вобразе птушкі, якая ляціць.

У яе цікавыя краявіды, партрэты дачкі Лады, якая таксама адышла заўчасна ў вечнасьць.

Апошнія гады Нінэль хварэла. Мае асабістыя адносіны да яе былі вельмі сяброўскія. Першую майстэрню, якую я пэрсанальна атрымаў, была майстэрняй Нінэль Шчаснай на вуліцы Кірава. Я быў знаёмы зь ёй і ведаў гэту. майстэрню. Яна ладзіла паэтычна-музычныя вечарыны, куды прыходзілі мастакі, паэты, кампазытары. І калі яна атрымала іншую майстэрню, там дзе была яе кватэра, там таксама зьбіраліся творчыя людзі.

Вельмі шкада. Яна застанецца ў нашым сэрцы як насамрэч арыгінальная жанчына і па сваіх паводзінах, і па сваіх мастацкіх вобразах, бо так ніхто не пісаў, як яна. Яе творы пазнаваліся здаля. І ўсе дзівіліся, як можна класьці такую фактуру, там здаецца тоны фарбаў на палатне, і ўсё гэта так пералівалася.

І не скажаш, што гэта быў імпрэсіянізм, гэта быў яе ўласны почырк. Гэта нейкае вынаходніцтва. Ніхто так не мог пісаць, як Нінэль Шчасная. Таму мне самотна і скрушна, што не стала такой мастачкі, такой жанчыны. Але яна будзе ў нашай памяці і галоўнае, што намаляванае, напісанае застанецца. Творы яе будуць жыць, кантактаваць з гледачамі і радаваць. Але на сэрцы будзе сумна, што яшчэ адна творчая асоба, Нінэль Шчасная, адляцела ў вечнасьць».

Арлоў: «Яна заўсёды вярталася ў Полацак»


Нінэль Шчасная нарадзілася ў Полацку і гэта запраграмавала яе жыцьцёвыя і мастацкія каардынаты, адзначае пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

«Нінэль Шчасная для мяне застанецца не столькі мастачкай, няхай даруе мне яе душа, як палачанкай. Даведаўшыся пра гэту сумную навіну, я згадаў яе тату, зь якім не лёсіла пазнаёміцца, але пра якога я шмат чуў. Іван Сымонавіч быў ва „Ўзвышшы“, выкладаў у полацкім пэдтэхнікуме, быў беларускім патрыётам. У 30-я гады адзін зь ягоных вучняў, які ўжо працаваў у НКВД, папярэдзіў яго пра тое, што ўначы рыхтуецца арышт. Іван Сымонавіч прыбег дадому, як распавядала мне спадарыня Нінэль, і літаральна за гадзіну ўся сям’я сабралася і была ўжо на вакзале. Яны селі на першы цягнік, які прыйшоў, і ўся сям’я выехала зь Беларусі. Але яны выйшлі на першай жа смаленскай станцыі, бо ён хацеў заставацца ў этнічных межах Беларусі. І вось там гадавалася Нінэль. І толькі пасьля вайны яны вярнуліся ў Полацак. У Нінэль ёсьць такая праца „Маё нараджэньне“, якая мяне вельмі кранае. Там дом побач з Сафійскім саборам, весьніцы, і маці трымае на руках немаўлятка. Гэты беларускі ген, беларускі код, які ішоў ад бацькі, найбольш праявіўся не ў самой Нінэль Шчаснай, хаця і ў ёй таксама, яна малявала партрэты Багдановіча й іншых нашых клясыкаў у сваім стылі беларускага пуантылізму. Але гэты код праявіўся, і дзякуючы ёй таксама, у яе малодшай сястры Тацяне, мастачцы, якая была ў „Майстроўні“. У Нінэлінай дачцэ Ладзе, якая таксама была майстроўкай, мастачкай, і так трагічна, вельмі рана пакінула гэты сьвет у 40 гадоў. Род Шчасных, гэта, безумоўна, той род, які застанецца ў гісторыі нашага беларускага мастацтва і не толькі мастацтва. У маім сэрцы навіна пра сход Нінэль Шчаснай адгукнулася вельмі балюча».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG