Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад гістарычнага будынка ў Смальянах засталася чвэрць

абноўлена

18 красавіка, калі ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень аховы помнікаў, на Аршаншчыне расьцягваюць паўразбураны будынак дамініканскага кляштарнага комплексу 18 стагодзьдзя.

Зранку з тэрыторыі дамініканскага кляштара, што ў вёсцы Смальяны на Аршаншчыне, вывозілі на машынах дошкі і цэглу. Між тым як супрацоўніца Смальянскага сельсавету, якая назвалася Валянцінай Фёдараўнай, заявіла пра спыненьне зносу будынка, які ўваходзіць у комплекс кляштара, пабудаванага ў стылі віленскага барока. Але сказала, што ня ведае ні пра якія распараджэньні адносна таго, што рэшткі будынка чапаць нельга і што расьцягваць цэглу ды іншыя матэрыялы — гэта марадэрства:

«За белую цэглу адказваць, якая там з 1937 году? Ды няўжо! Нешта тут мне незразумела... Дзе якое распараджэньне было? Каб гэтыя людзі, што нам тэлефануюць, хоць раз прыехалі да дапамаглі нам прыбраць навокал! А цяпер што я магу прадпрымаць? Хіба схадзіць і паглядзець, што там робіцца?»

Паводле дакумэнтаў, будынак, які ўжо разбурылі больш як напалову, належыць мясцоваму сельгаспрадпрыемству «Смальяны». Там цьвердзяць, што ён пабудаваны ў 1937-м годзе і гістарычнай каштоўнасьці не ўяўляе. Хоць насамрэч гэтым часам пазначана толькі пераробка муроў.

Словы пра «белую цэглу», сказаныя прадстаўніцай сельсавету, аспрэчвае відавочца падзеяў. Аршанец Яўген Анішчанка, актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, адмыслова паехаў у Смальяны — паглядзець, што робіцца на месцы зносу:

«Вось на трактар тут нейкія рабочыя бэлькі грузяць. Відаць, што ўчора зруйнавалі. Сьцяны адной няма, дах толькі да паловы будынка, яшчэ сьценка паламаная... Карацей, ад будынка засталося адсоткаў 20. Гляджу на сьценку і бачу: складзена яна ня зь белай, а з чырвонай цэглы, са старой...»

Якраз такім чынам некалі ў Смальянах быў зьнішчаны старажытны замак «Белы Ковель». Яго прадалі на будматэрыялы, і вяскоўцы яго расьцягалі. Сёлета ён уключаны ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» — прынята рашэньне яго адбудоўваць.

Дык якая тады патрэба бурыць гістарычныя будынкі? Гэтага не разумее і мясцовы краязнаўца, настаўнік Віктар Мяжэвіч:

«Ня ведаю, але бульдозэр ёсьць, стаіць у мяне за гародам. Тут некалі склад быў. Але недзе з 1985 году не выкарыстоўваўся. Яго перабудавалі ў савецкі час тады. А цяпер дах заваліўся, сам... і дзіўна: пару тыдняў таму там яшчэ вакно заладоўвалі. Я сьмяяўся: даху няма, а вокны забіваюць!»

Будынак, дзе некалі месьціліся майстэрні і склады, лічыцца аварыйным. Хто гэта пастанавіў — так і застаецца невядомым. Але закінуты будынак ды касьцёл побач здаўна сталі прытулкам для мясцовых аматараў выпіўкі ды прадметам цікаўнасьці мясцовай дзятвы. Віктар Мяжэвіч кажа, што ў касьцёле дзеці знаходзілі сапраўдныя скарбы:

«Гэта было недзе ў 1998 годзе. Знайшлі дзеці мэдальён і кубкі. Мэдальён мне аддалі, у музэі нашым ён ёсьць. А кубкі паказалі нейкаму мастаку, што сюды прыяжджаў. І аддалі яму, бо той паабяцаў, што завязе ў музэй у Менск...»

Кубкі зьніклі безь сьлядоў . І ёсьць небясьпека, што несанкцыянаваныя раскопкі двух катлаванаў, куды зьбіраліся скінуць рэшткі будынка, прыцягнуць увагу «чорных капальнікаў» — рабаўнікоў.

Але міліцыі вакол гістарычных будынкаў не відаць. Хоць яшчэ ўчора краязнаўцы тэлефанавалі ў Аршанскі райаддзел ды папярэджвалі пра верагоднае раскраданьне дзяржаўнай маёмасьці і несанкцыянаваныя спробы шукаць старажытныя скарбы. Што і незаконна, і небясьпечна — у адкрытых ямінах глыбіня да трох мэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG