Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіч: банкір, які абяцаў, што не дапусьціць дэвальвацыі


Пётар Пракаповіч атрымлівае ўсё новыя пасады і грамадзкія абавязкі. Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго кіраваць суботнікам, заплянаваным на 20 красавіка, колькасьць афіцыйных і грамадзкіх абавязкаў гэтага сталага веку гаспадарніка дасягнула двух дзясяткаў.

Чаму ў 70 гадоў Пракаповіч — тыповы прадстаўнік савецкай палітыка-эканамічнай намэнклятуры — па-ранейшаму застаецца незаменнай фігурай?


Бацька беларускай дэвальвацыі


Нягледзячы на адсутнасьць эканамічнай адукацыі, Пётар Пракаповіч 13 гадоў узначальваў Нацыянальны банк Беларусі. Менавіта зь яго імем зьвязваюць дэвальвацыю 2011 году, калі беларускі рубель ня вытрымаў палітыкі штучнага ўтрыманьня курсу і абясцэніўся ўтрая. І гэта пры тым, што незадоўга галоўны банкір абяцаў перад тэлекамэрамі: ня будзе нават 5-працэнтнай дэвальвацыі, бо да гэтага няма ніякіх падставаў:

«Чаму насельніцтва мае падвышаны попыт на валюту? Ды вельмі проста. Таму што насельніцтва верыць правакацыйным чуткам, якія распускаюцца ўва ўсіх сродках інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце. Усе гавораць, што заўтра-пасьлязаўтра будзе разавая вялікая дэвальвацыя. Пакуль я зьяўляюся старшынём праўленьня, ніякай разавай дэвальвацыі аднамомантавай ніколі ня будзе. Нам дастаткова таго вопыту, што мы назапасілі за 15 гадоў. І нам гэты досьвед кажа пра тое, што гэта дрэннае рашэньне для беларусаў, а калі рашэньне дрэннае, то мы яго выконваць ніколі ня будзем. Пад словам „разавая дэвальвацыя“ я разумею дэвальвацыю ня тую, што вы думаеце — на 20–30%, а дэвальвацыю вышэй за 5%. Нават 5% ня будзе ў нас разавай дэвальвацыі. Таму рабіце высновы».

Высновы былі зробленыя неўзабаве пасьля першай хвалі дэвальвацыі ў траўні, калі рубель абваліўся адразу на 56%. Адпраўляючы ў чэрвені 2011-га году банкіра ў адстаўку, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што перадусім хоча, каб Пракаповіч жыў. Тады кіраўнік краіны ўдакладніў: і Нацбанк, і ўрад памыляліся, але сам Пракаповіч — «надзвычай адданы краіне чалавек». Па выніках году дэвальвацыя склала 189%, што ў дзясяткі разоў болей, чым Пракаповіч гатовы быў дапусьціць — прынамсі на словах.



Тым ня меней адданасьць сыстэме адзначаная на найвышэйшым узроўні: Пракаповіч — адзін зь дзесяці Герояў Беларусі. У 2006 годзе адзначаны гэтым званьнем «за значны ўнёсак у забесьпячэньне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту і падвышэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва».




Шырока вядомыя відэа- і фатаздымкі, як Пракаповіч з Лукашэнкамі — Аляксандрам Рыгоравічам і ягоным малодшым сынам Мікалаем — сядзяць на залатых зьлітках у сховішчы Нацбанку напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Параўноўваючы свой такі ж візыт перад выбарамі 2006-га, Лукашэнка выказаў задавальненьне: маўляў, першым разам залаты запас быў сьціплейшы — толькі з Пракаповічам і памясьціліся, а празь пяць гадоў паміж імі ўжо ўціснуся і Мікалай. І рэзюмаваў: «Малайчына, не дарэмна Героя Беларусі далі».

Да драматычнай разьвязкі заставаўся год зь невялікім. Росквіт беларускага эканамічнага цуду, калі краіна багацела на перапрацоўцы таннай расейскай нафты і амаль што дармовым прыродным газе, набліжаўся да фіналу..

Эканамічны аглядальнік Марк Бэрнштэйн добра памятае, як Пракаповіч прыйшоў у Нацбанк, уразіўшы адмыслоўцаў «аўтарскім» стылем кіраваньня. Па яго словах, новы гаспадар папросту спыніў усю фінансавую сыстэму краіны на «інвэнтарызацыю». Дарэчы, на гэтай пасадзе Пракаповіч замяніў Тамару Віньнікаву, якая была абвінавачаная ў эканамічных злоўжываньнях і загадкавым чынам уцякла з-пад хатняга арышту ў Вялікую Брытанію. А яшчэ раней быў рэзкім крытыкам фінансавай палітыкі папярэдніка Віньнікавай — Станіслава Багданкевіча, зь якім Лукашэнка ня здолеў знайсьці паразуменьня ад самага пачатку прэзыдэнцтва:

Марк Бэрнштэйн
Марк Бэрнштэйн
«У камэрцыйныя банкі з Нацбанку прыйшла тэлеграма, у якой было напісана літаральна наступнае: усе апэрацыі прыпыняюцца да асобнага распараджэньня. Гэта было ў пятніцу, у канцы працоўнага дня. Адпаведна, наперадзе былі выходныя, потым настаў панядзелак, але ў людзей нават не прымалі плацёжкі з падаткамі. Ня толькі кліенты не разумелі, але ў саміх банках ня ведалі, што рабіць, бо ўсе апэрацыі былі прыпыненыя да асобнага распараджэньня. Як можна было такога чалавека прызначыць старшынём Нацбанку — гэта, вядома, у галаве не ўкладаецца. Але, мне здаецца, я тады зразумеў ягоную тагачасную псыхалёгію. Чалавек прыйшоў з будоўлі. І, відавочна, лічыў, што калі прыходзіць на новае месца, то неабходна працу спыніць, і, умоўна кажучы, інвэнтарызаваць усе цагліны. То бок нічога не будаваць, пакуль ня будуць пералічаныя ўсе цьвікі. Інакш жа раскрадуць, зразумела. Розьніцы паміж будоўляй і банкам, падобна, ён у гэты момант абсалютна не разумеў. Якая паніка тады ўзьнялася ў фінансавых колах — можна, відаць, толькі здагадвацца. Але трэба сказаць, што ён дастаткова хутка вучыўся, таму што празь некалькі гадоў ужо паводзіў сябе больш-менш прыстойна. Але ўвогуле такога кшталту экспэрымэнты над эканомікай могуць каштаваць досыць дорага. І тая гісторыя мне надоўга запала ў памяць, таму што рэальна была паніка, ня ведалі, чаго чакаць і што будзе».


Пётар Пракаповіч. Асабістая справа


Пачыналася праацоўная біяграфія Пятра Пракаповіча сьціпла. Як кажуць блізкія да яго людзі, кар’ерным узьлётам ён абавязаны ня толькі адданасьці любому кіраўніцтву, якое выяўляе да яго давер, але і свайму зорнаму сябру — касманаўту Пятру Клімуку, зь якім некалі сядзелі за адной партай. Дарэчы, цяпер радзіма абодвух Пятроў — даведзеная да ладу вёска Тамашоўка пад Берасьцем — дзякуючы ім стала ўзорам «зямляцкіх інвэстыцый».

Пасьля заканчэньня ў 1966-м годзе Днепрапятроўскага інжынэрна-будаўнічага інстытуту Пракаповіч працаваў па спэцыяльнасьці ў Расеі, а потым у Казахстане. На пачатку 1970-х вяртаецца на радзіму, працуе ў міжкалгасных будаўнічых арганізацыях. У якасьці ўладнага вылучэнца трапляе ў Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня, што дае магчымасьць узначаліць «Брэстаблсельбуд». Ціхага выканаўцу Пракаповіча прыкмеціў калега-дэпутат Лукашэнка, які пасьля абраньня прэзыдэнтам яшчэ больш наблізіў яго да ўлады. Потым былі: урад, адміністрацыя прэзыдэнта, Нацыянальны банк.



Экс-дырэктар Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук, доктар эканамічных навук Генадзь Лыч даўно знаёмы зь Пятром Пракаповічам і чуў пра яго як пра старшыню Нацбанку збольшага нядрэнныя водгукі, хоць у фінансавую сфэру Пракаповіч і прыйшоў з досьведам будаўніка калгасных аб’ектаў.

Але Пракаповіч, на думку спадара Лыча, як і астатнія кіраўнікі дзяржаўных устаноў, паводле вызначэньня ня можа праводзіць самастойную эканамічную палітыку, застаючыся толькі правадніком волі прэзыдэнта. Тым ня меней, на перакананьне суразмоўцы, ягоная рэанімацыя ў якасьці спачатку прэзыдэнцкага дарадцы, а пасьля і віцэ-прэм’ера досыць дзіўная:

«Мне здаецца так: у 70 гадоў чалавек на такіх пасадах не павінен быць. Трэба шкадаваць чалавека, даць яму магчымасьць пражыць як мага болей, наколькі прырода дазволіць, а не прымушаць займацца такой напружанай працай. Гэта як бы і зразумела. Але гэта сьведчыць і пра іншае. Як сказаў бы футбольны трэнэр Эдуард Малафееў, лава запасных вельмі кароткая. Няма сярод каго шукаць людзей, якія маглі б з такімі адказнымі справамі спраўляцца. Ну і, мабыць, яшчэ адыграла ролю ляяльнасьць, якую ён засьведчыў у высокіх эшалёнах улады. Што тут яшчэ можна дадаць?»

Карэспандэнт: «Але ж тэарэтычна ён мог, напэўна, адмовіцца ад „нагрузак“?»

«А вось на гэтае пытаньне я наўрад ці магу адказаць. Я даўно спрабую разабрацца, чаму так адбываецца, але не магу знайсьці тлумачэньня. А тыя адказы, якія прыходзяць у галаву, яны такія, што без дакладных аргумэнтаў, якія можна даказаць, нельга высновы рабіць, якія самі па сабе напрошваюцца. Вы са мной згодны?»

З пасадай галоўнага банкіра краіны Пракаповіч разьвітаўся ў сярэдзіне 2011 году. Уладам трэба было на некага ўскласьці адказнасьць за тое, што дэкляраваны курс на 500 даляраў сярэдняга заробку скончыўся правалам. Дасьведчаныя людзі кажуць, што не абышлося бяз жорсткіх захадаў — маўляў, Аляксандар Лукашэнка праводзіў Пракаповіча на адпачынак ня толькі слоўнымі аргумэнтамі. Аднак ужо сёлета Пракаповіч паўстаў, як той фэнікс, і пачаў імкліва абрастаць пасадамі — на гэты момант ён займае ўжо 19 кіроўных крэслаў адначасова.

Сузор’е пасадаў Пракаповіча


Пасады Петра Пракаповіча
Пасады Петра Пракаповіча


Сёньняшні Пракаповіч — гэта намесьнік прэм’ер-міністра, кіраўнік Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ад Беларусі, кіраўнік шматбаковага агенцтва па гарантыях інвэстыцый, кіраўнік Міжнароднай фінансавай карпарацыі, старшыня міжведамаснай камісіі ў пытаньнях далучэньня Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, прадстаўнік ураду для ўдзелу ў паседжаньнях праўленьня Нацбанку, старшыня Рады дзеля разьвіцьця прадпрымальніцтва, старшыня Міжведамаснай рады па дзяржаўнай статыстыцы, старшыня Камісіі ў пытаньнях дзяржаўнага рэгуляваньня коштаўтварэньня, старшыня Камісіі ў пытаньнях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва, сябра валютна-крэдытнай камісіі Саўміну, кіраўнік працоўнай групы для падрыхтоўкі прапаноў аб спрашчэньні падатковай сыстэмы, намесьнік старшыні каардынацыйнай рады па біржавым гандлі, старшыня каардынацыйнай рады дзеля збліжэньня заканадаўства Беларусі зь міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасьці, намесьнік старшыні атэстацыйнай камісіі пры Саўміне, кіраўнік міжведамаснай камісіі для каардынацыі працы органаў дзяржкіраваньня па разьвіцьці лягістычнай сыстэмы, прадстаўнік дзяржавы ў банку «БПС-Сбербанк», прадстаўнік міжведамаснай рады па разьвіцьці экспарту, нарэшце — старшыня Беларускага саюзу вясьлярных відаў спорту. У дадатак Лукашэнка прызначыў Пракаповіча галоўным адказным за суботнік і яго наступствы, давёўшы лік абавязкаў да круглай лічбы.



Ці рэальна пацягнуць такі воз абавязкаў? Апанэнты лічаць, што бясконцыя даважкі да асноўнай пасады пераўтвараюцца ў прафанацыю і эфэкту чакаць ад іх не выпадае. Пры гэтым многія згадваюць часы, калі Пракаповіч толькі пачынаў зьяўляцца на шырокай публіцы. Так, калегі-дэпутаты па Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня Пракаповіча калі і ўзгадваюць, то зь цяжкасьцю. Былы парлямэнтар Сяргей Антончык увогуле называе яго «анэкдатычнай асобай»:

Сяргей Антончык
Сяргей Антончык
«Дастаткова анэкдатычная асоба, таму што пару разоў нейкія прапановы рабіў, але ўсё гэта выглядала проста сьмешна. Фактычна і ўсё, больш і ўзгадаць няма чаго. Зрэшты, вялікі шэраг быў такіх дэпутатаў, якія наагул нічога ў парлямэнце не рабілі, а прысутнічалі на паседжаньнях па факце. І, відаць, таму што ён нічога зь сябе не ўяўляў на той час, якраз такія людзі вельмі патрэбныя цяперашняй уладзе, бо на іх можна ўсё скідваць. А калі яшчэ з аднаго боку даваць узнагароды за іх маўчаньне, то з другога боку зь імі можна рабіць усё што заўгодна. Таму якраз яны, можа, і запатрабаваныя. Яны якраз выконваюць ролю гэткай шырмы — безгалосай, бяз розных прынцыпаў, без ідэяў, безь нічога. Вось і ўсё. Асабістых якасьцяў ня ведаю, што тычыцца яго як чалавека. Але ў Вярхоўным Савеце ён быў проста шэранькі, незаўважны, нікому невядомы пэрсанаж».

Сяргей Антончык перакананы, што такія кадры з прэзыдэнцкага рэестру, як Пракаповіч ды яму падобныя, ня могуць быць самастойнымі асобамі і маюць выключна дэкаратыўныя функцыі «прыкрыцьця»:

«Кажу яшчэ раз: іх выкарыстоўваюць зусім для іншых патрэбаў. Я ня думаю, што ён асабіста можа прыняць хоць адно рашэньне — ён нічога не прымае. Гэта на мой погляд. Ягоная самая галоўная задача — быць „зіцам“, так скажам, зіц-старшынём. Калі што, дык, ахвяраваўшы сабой, захаваць аўтарытэт і дабрабыт працадаўцу. Калі ўсё больш ці менш спакойна — яму даюць узнагароду. Такія ў вышэйшым атачэньні павінны быць, і яны не пераводзяцца. А вось тыя, хто прымае рашэньні, якраз у цені. Таму асабіста Пракаповіч не вырашае нічога, ён толькі выканаўца. Але ж пасады ёсьць, і на гэтыя пасады трэба расставіць людзей, якія нібыта чагосьці вартыя — да якіх будуць зьвяртацца журналісты, якія будуць даваць прэсавыя канфэрэнцыі, якія будуць разважаць агульнымі словамі пра нейкія праблемы, якія яны пастаўленыя вырашаць. На самой жа справе іх задача — прыкрываць тое, што адбываецца. Вось і ўсё».

На чым грунтуецца ашаламляльная кар’ера бюракрата Пракаповіча ва ўзросьце, калі ў нас пэнсіянэры мараць пра спакой, а на Захадзе — пра падарожжы? Меркаваньне выказвае кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка — дарэчы, яшчэ адзін калега Пракаповіча па Вярхоўным Савеце:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
«Найперш, гэта набліжанасьць да „цела“ і паказ „бурнай дзейнасьці“. Па-другое, адсутнасьць кадраў — кіраўнікоў, эканамістаў, прафэсіяналаў-мэнэджэраў. І яшчэ адзін вельмі важны момант: нават нягледзячы на дэвальвацыю нацыянальных грошай у 2011 годзе і адсутнасьць цяпер неабходнай дзяржаўнай праграмы стабілізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, ён пераконвае (хоць, напэўна, не зусім так, бо гэта ў цяперашняй мадэлі немагчыма ў прынцыпе), што ўсё пад кантролем. Але чалавек, які спрабуе з улікам свайго ўзроўню разьвіцьця, жаданьня і выніку — добрага ці дрэннага — паказаць сваю працаздольнасьць. Вельмі шкада, але вынік будзе, хутчэй, жалю варты ад дзейнасьці таго ж Пракаповіча, дзяржаўных структураў і ўраду ў цэлым. У самы бліжэйшы час мы ўбачым нэгатыўныя наступствы і пэўнае падзеньне нацыянальнай эканомікі».

Карэспандэнт: «І ўсё ж гэта фэномэн, што чалавек без спэцыяльнай адукацыі больш за 10 гадоў кіраваў фінансавай сыстэмай дзяржавы».

«Так, пытаньні ёсьць, іх багата. Але пытаньні гэтыя да чалавека, які адказвае за наша жыцьцё. Зрэшты, адказвае ці не — гэта таксама пытаньне. На жаль, тут вельмі шмат падводных камянёў».

Пётар Пракаповіч нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і і адзін дасягнуў кар’ерных вышыняў. Цяпер ён жыве побач з Лукашэнкам і самымі праверанымі ягонымі набліжанымі ў Драздах, мае ўсе выгоды статусу ўладнага функцыянэра. Як кажуць у ягоным атачэньні, пра родных ніколі не забываецца. Адзін зь ягоных братоў — лясьнічы, другі — у транспартнай галіне, трэці кіраваў тамашоўскім калгасам з рэстаранна-гатэльным комплексам. Адзіная сястра была бухгальтарам у арганізацыі «Мінскпраект». Пакінуў пра сябе памяць Пракаповіч і ў мясьцінах, дзе калісьці пачынаў кар’еру.Найперш — дзякуючы разьмеркаваньню «сацыяльных» плыняў Нацбанку. У Пінску — Палескі ўнівэрсытэт, у Пружанах — лядовы палац, у Ружанах — дзіцячы санаторый, у Тамашоўцы — інфраструктуру, якой пазайздросьціць любы беларускі горад.

Пётар Пракаповіч гуляе ў футбол з кіраўнікой берасьцейскай вэртыкалі Канстанцінам Сумарам
Пётар Пракаповіч гуляе ў футбол з кіраўнікой берасьцейскай вэртыкалі Канстанцінам Сумарам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG