Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дажынкі» падвышанай сакрэтнасьці


Звычайна горад, дзе пройдуць чарговыя «Дажынкі», становіцца вядомы больш чым за год да гэтага фэсту. У бюджэт закладаюцца дадатковыя грошы, пачынаецца добраўпарадкаваньне. Спачатку меркавалася, што «Дажынкі-2013» правядуць у Рагачове, потым — у Гомелі. Але пасьля масавых арыштаў гомельскіх чыноўнікаў Аляксандар Лукашэнка загадаў правесьці сьвята ўраджаю ў Жлобіне. Стала вядома пра гэта толькі 8 лютага. Грамадзкасьць хоча ведаць, у якую суму абыходзяцца «Дажынкі», хто іх фінансуе, хто можа пракантраляваць якасьць працаў.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» спрабавалі знайсьці ў адкрытым доступе зьвесткі пра мясцовыя бюджэты. Знайшлі толькі бюджэт гораду Менску і два абласныя. Астатняе ўсё — пад грыфам «сакрэтна». Як і справаздачы выдаткаў на «Дажынкі».

Актывіст кампаніі Ігар Драко: «Узьнікае пытаньне пра фінансаваньне. Хто фінансуе і адкуль ідуць грошы? Фінансаваньне штогод буйнымі крокамі павялічваецца. Калі яшчэ ў Мастах хапала 100 мільярдаў рублёў, то Ліда ўжо бярэ 350 мільярдаў, а праз два гады Горкі ўжо бяруць 1 трыльён, і то яны не дабралі. Ведаеце, што там і набярэжная ўжо паляцела, і цьвіль на сьценах інтэрнату сельгасакадэміі».

Журналістка Галіна Будная з Горак пацьвярджае, што рамантавалі і будавалі няякасна, сьпяшаліся, і тое, што літаральна на пачатку восені было здадзена, цяпер ужо разбураецца:

«У розных раёнах гораду ўжо асфальт пачынае ўздымацца. Дагэтуль ніяк не дарамантуюць дом, гістарычную каштоўнасьць — там дах працякае, сьцены мокрыя. Шмат пацярпела жыхароў гораду, чые дамы стаялі доўгія месяцы бяз даху. Увосень зьнялі дахі, усю зіму рамантавалі — пазалівала кватэры».

Вельмі хутка асыпаўся і касмэтычны рамонт, які быў зроблены перад дажынкамі ў Слуцку, кажа грамадзкая актывістка Жанна Солап:
Жыхары Слуцку пачалі жартаваць, што «Дажынкі» трэба неяк інакш назваць: «Даробкі», ці, наадварот, «Недаробкі»

«Дажынкі ў Слуцку ў 2005 годзе былі самыя дарагія за ўсю гісторыю іх правядзеньня: было патрачана 122 мільярды рублёў (58 мільёнаў даляраў). Рамонт больш нагадваў касмэтычны, тынк асыпаўся з кожным месяцам. Жыхары Слуцку пачалі жартаваць, што «Дажынкі» трэба неяк інакш назваць: «Даробкі», ці, наадварот, «Недаробкі».

На думку аднаго зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева, павінен быць грамадзкі кантроль за разьмеркаваньнем і расходаваньнем сродкаў на правядзеньне «Дажынак»:

«Першае — гэта прынцып адкрытасьці і празрыстасьці. Усе тэндэры павінны праводзіцца цалкам адкрыта. Людзі павінны вельмі проста даведвацца, хто ўдзельнічае, на што атрымалі грошы і колькі. Па-другое, усе грошы, якія выдзеленыя на разьвіцьцё гораду, павінны знаходзіцца пад кантролем грамадзтва. І справаздача потым павінна друкавацца ў СМІ і быць даступнай для простых грамадзянаў. Трэцяе — каб абавязкова пасьля праводзілася ацэнка эфэктыўнасьці ўкладзеных грошай».

Дарэчы, колькі сродкаў будзе выдаткавана сёлета на правядзеньне «Дажынак» у Жлобіне, дагэтуль невядома. Мясцовыя жыхары кажуць, што рэспубліканскія ўлады спадзяюцца на падтрымку горадаўтваральнага прадпрыемства — Беларускага мэталюргічнага камбінату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG