Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто перашкаджаў працы журналістаў на пахаваньні Вайніцкага?


Чалавек у цывільным замінае апэратару здымаць пахаваньне Рамана Вайніцкага
Чалавек у цывільным замінае апэратару здымаць пахаваньне Рамана Вайніцкага

Апэратар ТВ «Белсат» у Вільні Зьдзіславас Вайцэхоўскіс сказаў Радыё Свабода, што невядомыя, якія 9 сакавіка перашкаджалі працы журналістаў ў часе цырымоніі пахаваньня трагічна загіблага лідэра беларускай дыяспары, паводзілі сябе груба, але зь веданьнем законаў.

Апэратар, які працаваў на некалькіх літоўскіх тэлеканалах ад часоў «Саюдзіса», адзначае, што невядомыя ведалі, калі можна беспакарана штурхнуць, калі нельга дакранацца ні да камэры, ні да апэратара, і як засланіць аб’ектыў. Яны паводзілі сябе груба і агрэсыўна, але стараліся не выказвацца наўпрост, ужывалі намёкі і характэрныя для крымінальнага асяродзьдзя інтанацыі і словы. Зьдзіславас Вайцэхоўскіс мяркуе, што гэта «почырк тых самых людзей, якія штурхалі ў аўтазакі удзельнікаў маўклівых акцыяў пратэстаў у Беларусі».

Інцыдэнт адбыўся падчас пахаваньня прэзыдэнта Асацыяцыі беларускіх згуртаваньняў у Літве Рамана Вайніцкага, калі невядомыя перашкодзілі працы журналістаў і пагражалі ім фізычнай расправай за здымку відэакамэрай.

Апэратар "Белсату" З. Вайцэхоўскіс падчас працы, сакавік 2013
Апэратар "Белсату" З. Вайцэхоўскіс падчас працы, сакавік 2013
Апэратар расказаў Радыё Свабода, што меўся зьняць урачыстую цырымонію пахаваньня для рэпартажу ў выпуску навінаў «Аб’ектыў» тэлеканалу Белсат, што ён і раней шмат разоў фільмаваў пахаваньні грамадзкіх дзеячоў, ведаў, як гэта трэба здымаць прыгожа і з пашанай да тых, хто страціў блізкага чалавека. Калі сын загіблага ветліва папрасіў яго не здымаць у залі, апэратар з камэрай выйшаў у фае.

«А там да мяне падышоў нейкі маладзён і пачаў штурхаць на вуліцу. І так нахабна. Кажа: „Ану пайшоў, ану валі адсюль“. Я так разгубіўся, я шмат разоў здымаў розныя пахаваньні розных людзей, я ніколі з такім нахабствам не сутыкаўся. Я быў так агаломшаны, што слова ня мог сказаць. Так разгубіўся, што тады выключыў камэру, хаця я і ведаю, што ў такіх выпадках трэба было трымаць уключанай камэру і запісваць ўсё».

«Я здымаю шмат гадоў, самых розных людзей даводзілася здымаць для навінаў, і асацыяльных, і п’яніц, і чыноўнікаў, якія былі ў цэнтры скандалаў і хаваліся ад журналістаў. Шараговыя звычайныя людзі, калі не жадаюць, каб іх здымалі на відэакамэру, паводзяць сябе зусім ня гэтак», — адзначае Вайцэхоўскіс.

«Вельмі падобныя да тых, хто кідалі людзей ў Менску у аўтазакі на маўклівых акцыях»
З. Вайцэхоускіс заўважае, што невядомыя ведалі, калі можна беспакарана штурхануць апэратара — у фае, дзе ён не стаў шумець у часе жалобнай імпрэзы, а моўчкі сьцярпеў і быў агаломшаны. А далей, на вуліцы, на нэўтральнай тэрыторыі яны ужо дзейнічалі толькі словамі і псыхалягічным напорам, характэрным для крымінальнікаў, для шпаны, адзначае апэратар.

"І ў такой грубай форме, што жыхары Літвы б дакладна не сталі так сябе паводзіць з журналістам. І што мяне зьдзівіла — той чалавек не кранаўся камэры, як робяць шэраговыя людзі, калі пратэстуюць супраць здымкі. Ён трымаў руку насупраць аб"ектыва, а камэру не кранаў, ведаў, што гэта грубае парушэньне закону і я маю права яму адказаць на напад. Па сваёй інтуіцыі апэратара я адчуваю — гэта не шэраговыя жыхары Літвы, якім не падабалася камэра. Яны вельмі падобныя на тых, хто кідалі людзей ў Менску у аўтазакі на маўклівых акцыях«.

З. Вайцэхоўскіс: «Не магу паверыць, што сваякі такога чалавека, як сп. Вайніцкі настолькі цёмныя, што яны баяліся камэры»
«Я не маю доказаў, але не магу паверыць, што сваякі такога чалавека, як сп. Раман Вайніцкі настолькі цёмныя людзі, што яны баяліся камэры. Не веру я і ў тое, што гэтыя людзі маглі быць сваякамі такога чалавека, лідэра беларускай дыяспары, якога я памятаю як культурнага чалавека,» — кажа Вайцэхоўскіс.

Апэратар прыгадаў, што Раман Вайніцкі ні разу не адмовіў у інтэрвію журналістам «Белсату». У часе здымак іншых беларускіх грамадзкіх імпрэзаў апэратар таксама ня памятае, каб нехта з прысутных прасіў іх не здымаць:

«Гэта не нармальна, калі беларускія спэцслужбы пачуваюць сябе ў Літве амаль як дома»
«Я ня маю доказаў, што гэта былі беларускія спэцслужбы, але вельмі падобны „почырк“. Мне расказвалі калегі зь Беларусі, як там бывае. Але ў Літве так ніхто, ні паліцыя, ні спэцслужбы ніколі не паводзяць сябе так, тым болей з журналістамі. І гэта не нармальна, калі беларускія спэцслужбы пачуваюць сябе ў Літве амаль як дома. Гэта было дакладна так, як падчас маўклівых акцыяў, толькі аўтазакаў не хапала для поўнай карціны, як у Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG